Міхаілу Яўгенавічу Дымовічу, дырэктару ДУ «Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці», – 65!

17 жніўня Міхаіл Яўгенавіч Дымовіч, чалавек, у працоўнай кніжцы якога значыцца адно месца работы – і гэта наш прафліцэй, адзначае сваё 65-годдзе. І па просьбе ўсяго працоўнага калектыву, які налічвае каля 170 чалавек, раскажам пра жыццёвы і працоўны шлях чалавека энергічнага, адказнага, патрабавальнага перш за ўсё да сябе, але сціплага, які ўсё жыццё, ні многа ні мала – 38 гадоў, аддана працаваў на карысць сваёй любімай справе – займаўся навучаннем і выхаваннем падлеткаў, рыхтуючы спецыялістаў запатрабаваных рабочых прафесій.

Нарадзіўся Міхаіл Яўгенавіч на Гродзеншчыне, у Слонімскім раёне, у інтэлігентнай вясковай сям’і. Мама была настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў школе, бацька працаваў бухгалтарам. Можна сказаць, што дзеці абралі прафесіі бацькоў: адзіная сястра Міхаіла Яўгенавіч стала эканамістам, а ён сам усё жыццё займаецца навучаннем і выхаваннем моладзі. Успамінае, што калі прызнаўся бацькам, што хоча вучыцца ў Беларускім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі, тыя падтрымалі яго памкненні. Мара здзейснілася не адразу, быў першы працоўны вопыт у калгасе, каб падзарабіць, вучоба ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы, якое скончыў з адзнакай, пасля – служба ў арміі.

І вось у далёкім 1983 годзе пасля заканчэння інстытута маладым спецыялістам прыехаў Міхаіл Дымовіч на працу ў тады яшчэ Івацэвіцкае сельскагаспадарчае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 59. Дзесяць гадоў працаваў выкладчыкам спецыяльных дысцыплін, зарэкамендаваў сябе як адказны і нераўнадушны да сваёй справы чалавек. Пасля яшчэ дзесяць гадоў быў намеснікам дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Івацэвіцкага сельскагаспадарчага прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 162. А з 2003 года, ужо 19 гадоў, Міхаіл Яўгенавіч узначальвае Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, які з 1 верасня 2022 года стане аграрным каледжам, яшчэ больш пашырыўшы магчымасці для навучэнцаў: у нашым раёне можна будзе атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю.

Так склаўся лёс, што Івацэвіччына стала другой радзімай для Міхаіла Яўгенавіча. Калісьці пры размеркаванні ў інстытуце, глянуўшы на карту Беларусі, вырашыў, што, раз у Гродзенскай вобласці месцаў няма, паедзе ў Брэсцкую. «Што тут ад Слоніма да Івацэвічаў, падумалася мне, амаль за агародамі, – паеду туды, – смяецца, успамінаючы, Міхаіл Яўгенавіч. – Як прыйшоў, так і застаўся». І жонку сваю пераманіў з Брэста ў Івацэвічы. З будучай жонкай пазнаёміліся, калі былі студэнтамі, абодва гулялі на вяселлі ў радні. І вось ужо разам у згодзе і любові 40 гадоў – у ліпені гэтага года адзначылі рубінавае вяселле. Жонка спачатку працавала на «Экране», пасля перайшла ў прафліцэй, зараз на заслужаным адпачынку. Выгадавалі дваіх сыноў: адзін абраў сферу IT-тэхналогій, а малодшы служыць у ваеннай акадэміі, ёсць унукі. Сакрэт сямейнага даўгалецця просты, лічыць Міхаіл Яўгенавіч, – саступаць адзін аднаму, паважаць і кахаць.

Удзячны ён жонцы за надзейны тыл дома, што не крыўдзілася ніколі, што столькі часу аддае справе жыцця. «Раней любіў паляваннем займацца, на рыбалку з малымі дзецьмі хадзілі, а зараз любім з жонкай прайсціся вечарам па нашым прыгожым маладым парку. Большая палова жыцця прайшла ў Івацэвічах, за гэты час горад стаў родным», – дзеліцца Міхаіл Дымовіч.

Рэдка сустрэнеш людзей з адным запісам аб месцы работы. За 38 гадоў, якія працуе Міхаіл Дымовіч у колішнім вучылішчы, а хутка – каледжы, многае каласальна змянілася. Зразумела, вялікая заслуга ў тым і Міхаіла Яўгенавіча. Але ён, як чалавек сціплы, адзначыў, што без надзейнай каманды, без улюбёных у сваю справу людзей нічога не атрымалася б.

За перыяд кіравання Міхаіла Дымовіча прафліцэй не раз станавіўся лепшым сярод прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі. У 2021 годзе Івацэвіцкі дзяржаўны прафліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці быў занесены на абласную Дошку гонару.

Амаль кожны год лепшыя работнікі і навучэнцы ўзнагароджваюцца ганаровымі граматамі як пераможцы ўборачных кампаній на раённых і абласных «Дажынках». І сёння ў прафліцэі задаволены ўраджайнасцю зерневых з гаспадаркі – 48,3 ц/га. Ліцэісты становяцца пераможцамі абласных конкурсаў прафмайстэрства, спартыўных спаборніцтваў, мастацкай самадзейнасці.

З 2008 года ў ліцэі быў адкрыты Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дарэчы, адзіны ў Брэсцкай вобласці. Тут створаны ўсе ўмовы для такіх асаблівых дзяцей для атрымання прафесіі і з адпаведнымі далейшымі магчымасцямі для працаўладкавання. Рабочыz спецыяльнасці атрымліваюць больш за 200 навучэнцаў і ў аддзяленнях, размешчаных на тэрыторыі мужчынскіх папраўчых калоній № 5 і № 22. У гэтых аддзяленнях ёсць усё неабходнае для вучобы. Ганарыцца можна і вучэбнай гаспадаркай, дзе навучэнцы атрымліваюць практычныя ўменні і навыкі. Знаходзіцца яна за 10 кіламетраў ад Івацэвічаў – у Сярадаве. Штогод паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база прафліцэя. Канешне, каб усё працавала зладжана і без збояў, акрамя каманды патрэбна і гаспадарская рука. А з гэтым Міхаіл Яўгенавіч спраўляецца на выдатна – канешне, ён строгі, нераўнадушны, патрабавальны, але не столькі да падначаленых, як да сябе. А сколькі яшчэ планаў і задумак у вопытнага кіраўніка: на днях семінар для завучаў будзе праходзіць на базе нашага прафліцэя, рыхтуюць каманду для ўдзелу ў фестывалі «Бацькава булка» (Гродзенскі аблвыканкам запрасіў), з верасня прафліцэй стане аграрным каледжам – прыемная, але і адказная місія. Можна падагуліць, што жыццё ў прафліцэі б’е ключом, дык няхай крыніца натхнення не перасыхае і ўсе задумкі маюць плён!

А мы пажадаем Міхаілу Яўгенавічу моцнага здароўя, дабрабыту, заставацца яшчэ доўга маладым, энергічным, неабыякавым да жыцця, і няхай усе задумкі і планы ажыццяўляюцца.

Ігар Васільевіч Скарына, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце:
– Я сам выпускнік тады яшчэ вучылішча. А пазнаёміліся мы з Міхаілам Яўгенавічам у далёкім 1987 годзе. Ён выкладаў у мяне прадмет па камбайнах. Захоплены сваёй справай чалавек. У нас нават хобі аднолькавае з ім было – фатаграфія. Ён мяне зацікавіў гэтай справай, выкладаў свой прадмет ён таксама цікава. Пасля заканчэння акадэміі я вярнуўся ў сцены прафліцэя выкладаць. Міхаіл Яўгенавіч быў ужо намеснікам. Вучыў мяне, маладога выкладчыка, дапамагаў. У 2004 годзе з яго рэкамендацыі я стаў намеснікам, зноў мяне вучыў. Ён мой настаўнік на працягу ўсяго працоўнага шляху, я яму за гэта ўдзячны. Вельмі імпануе яго настойлівая мэтанакіраванасць. Жадаю здароўя на доўгія-доўгія гады і творчых поспехаў у працоўнай дзейнасці.

Віктар Мікалаевіч Пропер, намеснік дырэктара па вытворчым навучанні:
– Я прыйшоў сюды майстрам пасля Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, Міхаіл Яўгенавіч заўважыў мае здольнасці да выкладання, параіў атрымаць і педагагічную спецыяльнасць. Так я стаў выкладчыкам, а з мінулага года працую намеснікам. Паважаю ў нашым кіраўніку патрабавальнасць, адказнасць, творчы падыход да справы, уменне настроіць на работу, дзесьці падвучыць і падказаць, ён жа таксама педагог. І, канешне, асабістым прыкладам ён натхняе. Ёсць у яго так сказаць хватка да работы, нічога не адкладвае на заўтра. Жадаю Міхаілу Яўгенавічу моцнага здароўя, дабрабыту ў сям’і і творчых поспехаў.

Святлана Сцяпанаўна Дземасюк, загадчык інтэрната:
– Я працую ў сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі больш за 40 гадоў, і ўсе этапы кар’ернага росту Міхаіла Яўгенавіча былі на маіх вачах. Але самая галоўная яго якасць – адказнасць, далікатнасць у адносінах і да работы, і да супрацоўнікаў. Ведаю яго даўно, ён вельмі кампанейскі чалавек, вясёлы, з тонкім пачуццём гумару. Хочацца, каб ён яшчэ папрацаваў, энергіі ў яго хоць адбаўляй, ён гэтай жыццёвай энергіяй і нас запальвае, каб мы не тапталіся на месцы, рухаліся наперад.

Клаўдзія Мікалаеўна Кухарчук, галоўны бухгалтар:
– Ведаю Міхаіла Яўгенавіча амаль 18 гадоў, з таго моманту, як прыйшла сюды працаваць. Тады ён толькі год быў кіраўніком. Лічу, што так і павінна быць, па-савецку: каб кіраўнік рос з самых нізоў, каб ведаў усю «кухню» сваёй установы. Таму кіраваць у яго атрымалася адразу: яму было проста, лічу, ён добра падкаваны тэарэтычна, як рыба ў вадзе ў заканадаўстве, ён хутка навучаецца, запамінае ўсё новае на ляту, яшчэ і нас навучыць. Падабаецца і яго прынцыповасць: калі дзе пракалоўся, будзеш ужо на прымеце ў дырэктара, пакуль не выправіш сітуацыю. Гэта добра, бо зараз многа моладзі ў калектыве, трэба бацькоўскі нагляд за імі. Да кожнага мае індывідуальны падыход, характэрна яму і пачуццё гумару. Усе яго якасці характару адпавядаюць для пасады кіраўніка. І любіць наш дырэктар паўсюль і ва ўсім быць першым. І гэта правільна. А яшчэ імпануе, што не лічыцца з асабістым часам, у яго нават дома ідэі нараджаюцца. Няхай гэтая жыццёвая энергія бурліць ва ўсіх сферах жыцця, каб яшчэ працаваў далей.

Пётр Пятровіч Дзем’янец, майстар вытворчага навучання:
– Мы разам пачыналі працоўную дзейнасць яшчэ ў вучылішчы. Час мяняе чалавека, але ў выпадку з Міхаілам Яўгенавічам змены толькі станоўчыя – з кожным годам да вопыту дадаваўся прафесіяналізм, мэтанакіраванасць, жаданне дасягнуць высокіх рэзультатаў. Ён праявіў сябе яшчэ граматным і настойлівым педагогам, гэтых прынцыпаў ён і далей прытрымліваецца. Дадам, што Міхаіл Яўгенавіч умее пачуць людзей, зразумець, з якой праблемай ты да яго звярнуўся, давесці любую справу да лагічнага завяршэння, не спыняецца на сярэдзіне дарогі. Мне гэта падабаецца. Так, ён дысцыплінаваны, чаго і патрабуе ад астатніх, а мы не можам яго падвесці, імкнёмся адпавядаць. Кіраваць – штодзённая каласальная праца, пачынае ён свой дзень а палове восьмай, а калі дахаты ідзе, дык і не ведаю. І ў выхадны дзень часта сустрэнеш яго на вучэбнай гаспадарцы. Жадаю яму даўгалецця, хочацца папрацаваць яшчэ пад яго кіраўніцтвам.

Юлія КАВАЛЁВА. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться