Насамрэч, ёсць усе падставы думаць, што паселішча ўзнікла раней, пасля правядзення зямельнай рэформы «Устава на валокі» ў 1557-м, але адлік вядзецца ад упамінання ў пісьмовых крыніцах. 23 лістапада 1724 г. кароль Аўгуст II Моцны надаў паселішчу правы мястэчка з правядзеннем штотыднёвых таргоў і літаральна праз тры гады тут «вырасла» царква. З той пары тры стагоддзі людзі жывуць тут, працуюць з Божай дапамогай і з верай – моцнай і шчырай, бо царква тут дзейнічала няспынна заўсёды, нават у часы вайны. Нездарма, Воля Святая…
Штораз мінаючы Святую Волю, не адрываешся ад вокнаў у аўто – здзіўляешся, якія прыгожыя тут мясціны, добраўпарадкаваныя дарогі, двары ўзорныя, царква, школа, магазіны, пошта, банк… Усё тут ёсць. Калі ў 2021 годзе аўтар радкоў пісала тэкст пра работу калектыву Святавольскага сельвыканкама, бо ён быў узнагароджаны за дасягненне лепшых паказчыкаў у раёне, гаспадар краю Анатолій Шчурко за ўсе поспехі дзякаваў людзям і толькі ім. Паказаць вёску-юбілярку зараз мы вырашылі акурат праз яе жыхароў, таму правялі дзень «у людзях», сярод святавольцаў.
Старшыня Святавольскага сельвыканкама Анатолій Шчурко:
«Хутка будзе гатовы камень з таблічкай пра першае згадванне Святой Волі»
Святавольскі сельсавет прырос напрыканцы 2022-га года пасля далучэння населеных пунктаў Аброўскага і Амяльнянскага сельсаветаў, цяпер ён адзін з самых вялікіх па плошчах, і добра было б, каб і па колькасці, адзначаў Анатолій Шчурко. У 10 населеных пунктах сёння пражываюць 2 652 чалавекі, 1 380 – людзі працаздольнага ўзросту, 319 дзяцей. Тут пад дзве тысячы дамоў, і кожны трэці дом, на жаль, без гаспадара. Адзінаццаты год Анатолій Шчурко гаспадарыць у незвычайна прыгожым краі і сваёй асабістай звышзадачай лічыць стварыць тут умовы, набліжаныя да гарадскіх, каб моладзь заставалася і працягвала добрыя традыцыі святавольцаў. Не так актыўна, як у многіх другіх аграгарадках раёна, але змяншаецца насельніцтва і ў Святой Волі, тут 329 жыхароў, 43 дзіцяці і 171 працаздольны, 115 пенсіянераў. Аб тым, як падтрымалі мясцовыя людзі ідэю правядзення свята вёскі, якое, па традыцыі, праходзіць летам, каб дачнікі ды гарадскія ўнукі таксама маглі адпачыць і парадавацца, расказвае Анатолій Шчурко:
– Добра, што на пляцоўку каля будынка сельвыканкама ў мінулую суботу завітала столькі людзей ад малога да вялікага, і рыхтаваліся да юбілею ўсе. Усім «светам» прыбіралі тэрыторыю, рамантавалі лавы, афармлялі сцэну, творчыя нумары рыхтавалі работнікі культуры, бібліятэкары, а наш зямляк, самадзейны артыст Міхаіл Квашэвіч падарыў вяскоўцам цэлы канцэрт. Усе, ад старасты Аляксандра Палячка да бабуль-старажылаў, прыклалі руку, хто фізічна дапамог, хто ідэяй, а нехта нават прысвяціў вёсцы вершы. Узнагароджаных было пад тры дзясяткі: спонсары (асноўны – ААТ «Святая Воля»), лепшыя работнікі, гаспадары з узорнымі дварамі, самыя маладыя і самыя старыя жыхары, шматдзетныя сем’і, юбіляры, «залатыя» муж і жонка… На свяце я звярнуў увагу людзей на камень, што з’явіўся нядаўна каля будынка сельвыканкама. Валун вагой пад тры тоны мы прывезлі з Амяльной, хутка тут з’явіцца таблічка са звесткамі пра першае згадванне Святой Волі, такія камяні ўжо ёсць у Вялікай Гаці, Коланску, Гошчы, Амяльной. Цяпер будзе і тут.
А галоўным паказчыкам жыццяздольнасці вёскі і яе далейшага патэнцыялу Анатолій Шчурко лічыць тое, што з моманту атрымання статусу аграгарадка ў 2008-м у вёсцы не закрылася ніводнага стратэгічнага аб’екта: царква, школа, магазіны, бальніца, аптэка, аддзяленні пошты, банка, комплексны прыёмны пункт КБА, лясніцтва і моцная гаспадарка – ААТ «Святая Воля». Дарэчы, сельгаспрадпрыемства сапраўды магнітам прыцягвае сюды маладых спецыялістаў і нават цэлыя сем’і аграрыяў з усёй краіны.
Дырэктар ААТ «Святая Воля» Уладзімір Любушак:
«Святая Воля для мяне – другая радзіма, якую я хачу зрабіць прывабнай для моладзі»
28 гадоў таму малады Уладзімір Любушак прыехаў у Святую Волю падымаць з кален мясцовы калгас імя Калініна, дзе не хапала тэхнікі для пасяўной, а зарплату не выплачвалі па паўгода. За доўгі час няспыннай працы, пошуку шляхоў і магчымасцей з дапамогай калектыву, які не кідаў справу нават без зарплат, калгас вырас у ААТ «Святая Воля», буйнейшае сельгаспрадпрыемства ў раёне з трыма сотнямі работнікаў. І нават пасля аб’яднання з ААТ «Аброва», дзе справы ішлі складана, прадпрыемства выплывае і расце дзякуючы найперш людзям:
– У трактарах, кароўніках ды ў даільных залах працуе просты чалавек, а не кіраўнік, таму мая першасная задача – сфарміраваць моцны калектыў, – кажа Уладзімір Любушак. – Чалавека трымае рубель і свае квадраты. Зарплата ў нас перавышае сёння дзве тысячы рублёў, а за гады майго кіравання мы пабудавалі для сваіх работнікаў больш за сотню дамоў, а колькі яшчэ адрамантавалі… Канечне, мы карыстаемся дзяржаўнай падтрымкай, бяром крэдыты, кожны работнік пасля 10 гадоў адпрацоўкі мае права выкупіць жыллё. Мала хто нават пасля пакупкі дома кідае работу. За такі час чалавек прырастае да месца, як прырос аднойчы і я. У выніку зараз да нас едуць нават з Ганцавіцкага, Пінскага, Рагачоўскага раёнаў.
Трэба даярцы ці загадчыцы фермы газ у доме – ён вядзецца. Маладому спецыялісту пакой у інтэрнаце, дзе ўсё пад ключ, – калі ласка. Ёсць такі інтэрнат і ў Святой Волі, шмат тут калгасных домікаў, будаўніцтва яшчэ як мінімум двух – у бліжэйшых планах. Да будоўлі дырэктар ставіцца з архітэктарскім падыходам – забірае пустыя ўчасткі, каб у вуліц быў завершаны выгляд. Яшчэ, кажа, просіцца і ў Вялікай Гаці, і ў Святой Волі асфальт, і гэта ў планах на бліжэйшыя гады. Дарэчы, прадпрыемства – першы памочнік у добраўпарадкаванні аграгарадка: будуе, рамантуе стадыён, дамы, школы ды садкі ў сельсавеце, бальніцу і іншае, аказвала спонсарскую дапамогу і пры будаўніцтве мясцовага храма Узвіжання Крыжа Гасподняга.
Настаяцель храма Узвіжання Крыжа Гасподняга, протаіерэй Мікалай Ляўшук:
«Я думаю, што мяне сюды прывёў сам Бог, і я гэтаму рады»
Айцец Мікалай родам з Піншчыны, у вёску з сімвалічнай назвай Святая Воля прыехаў у 1990 годзе пасля таго, як пайшоў з жыцця мясцовы святар. У Святой Волі айцец Мікалай жыве больш за 30 гадоў, большую частку свайго жыцця. А некалі, па дарозе ў Жыровіцкі манастыр, седзячы ў аўтобусе Пінск-Ліда, што ішоў праз Святую Волю, са здзіўленнем разглядваў мясцовую царкву. Яна была падобная на просты вясковы дом, невысокая, абкладзеная цэглай, да даху рукой можна было дацягнуцца. Пазней айцец Мікалай пачуе, што царква будавалася як часовая і была яна драўлянай, згніла, таму яе абклалі цэглай наспех, бо мясцовыя ўлады ў савецкія часы не давалі дазволу на такі рамонт, дык святавольцы за выхадныя зрабілі ўсё хутка. Святару дастаўся сапраўды асаблівы прыход (царкву наведваюць жыхары Святой Волі, Вялікай Гаці, Турной і Доўгай), бо службы тут праходзілі і ў вайну, і ў савецкія часы. Не зарастае сцежка да храма і сёння, шмат дзяцей у мясцовай царкоўнай школе:
– Школа працуе 27 гадоў, зараз да нас ходзяць дзеці нашых былых выхаванцаў. Ездзяць малыя і з суседніх вёсак. Гэтым летам цэлы аўтобус з нашымі дзецьмі і прыхаджанамі адправіўся ў Сергіеў Пасад на экскурсію. У храме сёння людна, і дзякуй Богу. Не дарэмна мы з такімі цяжкасцямі і перашкодамі будавалі гэты храм з 1990 па 1994 год. Тады за дазволам на пакупку цэглы я ездзіў у Мінск, а 12 грузавікоў будматэрыялаў пасля за дзень выгрузілі нашы людзі. Сваімі сіламі вяскоўцы рабілі фундамент, сцены ўзводзілі ўжо будаўнікі. І сёння людзі сочаць за парадкам у храме і на ўсёй тэрыторыі, пабачце, двор патанае ў кветках… Любая будоўля даецца лягчэй з падтрымкай людской. Я рады, што прыехаў сюды некалі з сям’ёй, а сёння сын Сяргей – мой першы памочнік.
Айцец Мікалай апантаны святар, які не баіцца цяжкасцей і бярэцца за новую будоўлю. Сёння ўжо стаяць слупы – то агароджа месца будаўніцтва яшчэ адной царквы. Шмат гадоў святар браў гектары зямлі для вырошчвання садавіны ды гародніны, так зараблялі на будоўлю, і людзі тут шчыравалі бясплатна.
Старшыня ветэранскай арганізацыі, былая настаўніца Паліна Федарцова:
«У сваім куточку дапамагаюць і сцены, і кожная травіначка…»
Дачка падпольшчыка Піліпа Грэчнага, чые імя і фота размешчаны на адным са стэндаў на алеі Памяці ў Івацэвіцкім скверы Перамогі, нарадзілася ў Святой Волі, тут жыве па сённяшні дзень. Яна не думала з’ехаць з радзімы, нават калі штодзень даводзілася дабірацца на работу ў Аброўскую школу. Выпускніца Святавольскай школы не паступіла ў педінстытут, і яе адправілі працаваць настаўніцай у Аброве.
– У 60-я была такая практыка – тых, хто добра вучыўся і хацеў быць настаўнікам, нават адразу пасля школы адпраўлялі працаваць у школы, адукацыю атрымлівалі пасля, завочна. Мне далі першы клас, і я справілася. У 1967 годзе перавялася ў сваю родную школу. То быў стары драўляны будынак, а ў класах сядзелі па 25 чалавек. 46 гадоў педстажу за плячыма, нават гады дырэктарства. Я была строгай настаўніцай, але дзеці мне многія ўдзячныя і сёння наведваюцца ў госці. Пражыла я тут усё жыццё, разам з мужам Міхаілам Трафімавічам мы дабудавалі мой бацькоўскі дом. Сёння яго ўжо няма побач, але са мной тры дочкі, і жывецца мне ў Святой Волі, сярод людзей мясцовых, добра… Некалі вёска іншая была, старэнькая школа, сціплыя домікі, а пра асфальт на дарогах ці газ мы і не марылі.
На свяце вёскі Паліна Піліпаўна атрымала Грамату за ўзорнае ўтрыманне падвор’я, сам дом у парадку і навокал прыгажосць: лавы, кветкі, агарод… А іначай гаспадыня не можа – таго патрабуе душа, ды і жыве жанчына акурат насупраць царквы, месца люднае, трэба адпавядаць. Паліна Піліпаўна хоць і на пенсіі, а жыве актыўна, многія гады была назіральнікам на выбарах, прымала ўдзел у мерапрыемствах, а яшчэ ўзначальвае ветэранскую арганізацыю Савета, у якой пад тры сотні чалавек. Галоўнай сёлетняй падзеяй у вёсцы пенсіянерка лічыць рамонт помніка землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы на мітынгу
9 Мая вяскоўцы ўскладвалі кветкі да адноўленага помніка. То асабліва сімвалічна ў юбілейны пераможны год!
Урач агульнай практыкі Васілій Наварка:
«Вяскоўцы сталі сачыць за станам свайго здароўя лепш, чым 17 гадоў таму, калі я прыехаў сюды па размеркаванні»
У 2007 годзе пінчук Васілій Наварка прыехаў у Святую Волю пасля заканчэння Гродзенскага медуніверсітэта, засяліўся ў старэнькі драўляны домік, амаль непрыгодны для пражывання. Пасля мясцовая гаспадарка выдзеліла дом, які гаспадар сям’і ўжо выкупіў і стаў паўнавартасным мясцовым жыхаром. Разам з невялікай камандай памочнікаў Васілій Васільевіч працуе ў Святавольскай бальніцы сястрынскага догляду з амбулаторыяй агульнай практыкі, сюды наведваюцца жыхары Святой Волі, Вялікай Гаці і Турной, урач вядзе прыём таксама на Аброўскім ФАПе.
Не трэба гаварыць, наколькі важны гэта аб’ект для людзей, дарэчы, тут абслугоўваюцца пад дзве тысячы чалавек. І ў адрозненні ад гарадскога сельскі ўрач у адказе за здароўе і немаўляці, і старажыла. Штодзень прыём урач вядзе разам з медсястрой Юліяй Дутавай, пацыентаў прымае вопытная акушэрка Людміла Аляхновіч, у лабараторыі шчыруе фельчар-лабарант Наталля Наварка, раз на тыдзень прыязджае стаматолаг, дзейнічае дзённы стацыянар, запрацуе зноў фізіятэрапеўтычны кабінет, калі работнік выйдзе з дэкрэта. На першы позірк – невялікая ўтульная паліклініка з рэгістратурай і ўсім самым неабходным. Усю дапамогу па максімуме аказваюць на месцы, да вузкіх спецыялістаў урач напраўляе пацыентаў у Целяханскую ўчастковую бальніцу або ў Івацэвіцкую ЦРБ.
– Невялікім калектывам мы абслугоўваем 1 838 чалавек, у тым ліку 271 дзіця, – адзначае Васілій Наварка. – За паўгода мы зафіксавалі 4 036 урачэбных наведванняў і прынялі 308 вызаваў на дом. Радуе, што план па імунізацыі выканалі на 100 працэнтаў, больш актыўна сёння людзі праходзяць дыспансерызацыю. Як і паўсюдна, найбольш нашы людзі пакутуюць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, на жаль, расце колькасць анкалагічных захворванняў. Як урач, я рады, што людзі сёння больш пільна сочаць за сваім здароўем, не чакаюць, калі прыцісне, разумеюць важнасць прафілактыкі. Неабходнае медыцынскае абсталяванне для аказання якаснай дапамогі ў нас ёсць, нядаўна зрабілі касметычны рамонт некаторых кабінетаў, устанавілі пажарную сігналізацыю, лавы на ўваходзе, дапамагло кіраўніцтва ААТ «Святая Воля». Такі вялікі юбілей адзначыла Святая Воля, лічу, жыць і працаваць тут можна, мы з сям’ёй і ў горад не так часта ездзім. Тут усё ёсць.
Расціслаў і Марыя Куратнікі, «залатыя» муж і жонка: «На свяце вёскі нам напомнілі пра 50-годдзе з дня вяселля!»
– Мы не чакалі ніякіх віншаванняў, прыйшлі на юбілей роднай вёсачкі, а тут падарунак ды шчырыя словы, – такімі словамі сустракалі нас у двары шчаслівыя муж і жонка! Марыя Канстанцінаўна і Расціслаў Васільевіч ішлі да нас пад руку, так ішлі і па жыцці, ад самага вяселля, якое гулялі 9 мая 1974 года. Маладая медык прыехала з-пад Пінска ў Святую Волю па размеркаванні на пару гадоў, а засталася на ўсё жыццё, бо ў кіно (паказы праходзілі ў мясцовым клубе) да яе падсеў малады вадзіцель і абодвух захапіла моцнае пачуццё… 20 гадоў Расціслаў Васільевіч кіраваў вялікагрузам, ад пінскай ПМК ездзіў у камандзіроўкі на 5 дзён, прыязджаў толькі на выхадныя, фельчар Марыя Канстанцінаўна гадавала траіх дзетак і чакала каханага на выхадныя.
– Можа, таму і пражылі мы столькі, што бачыліся зрэдку! – смяецца жанчына. – Насамрэч, нам няпроста жылося, у мяне было па 40 цяжарных на ўчастку, медагляды, адна на некалькі вёсак… Муж шчыраваў за рулём па 5 дзён, а яшчэ дзеці, соткі, хатняя жывёла… Усё патрабавала часу і сіл, але Росця мне ва ўсім дапамагаў. Толькі прыедзе – і да мяне на поле бульбу ўручную капаць! Ніколі ён не падняў на мяне рукі, ніколі не выпіў лішняга, хоць столькі вяселляў правёў мой гарманіст. А прыцірацца заўсёды цяжка, і тут больш гнуткай павінна быць жанчына. Не так проста змаўчаць, не так проста зразумець і падтрымаць лішні раз. Усяго было за 50 гадоў, але сёння мы шчаслівыя ад таго, што разам ідзём па двары, разам дапамагаем унукам, радуемся дасягненням дзяцей…
А вёска наша прыгожая, утульная, людзі тут выключныя. Была магчымасць у свой час пабудаваць кватэру ў Пінску, але мы набылі дом тут. Мяне ніколі не цягнула ў горад, тут мая сям’я і наш дом. З юбілеем, наша Святая Воля!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.