Маладыя аграрыі Івацэвіччыны таксама дастойна правялі сёлетнюю ўборачную кампанію і былі ўзнагароджаны на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2024» у Мікашэвічах.
У ліку пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур сярод камбайнераў маладзёжных экіпажаў сельскагаспадарчых арганізацый – Андрэй Судакоў з ААТ «Новыя Стайкі», які ў сваёй катэгорыі заняў ганаровае другое месца.
Нягледзячы на свой малады ўзрост – Андрэю ўсяго 25 гадоў, хлопец ужо добра ведае, як нялёгка здабываць хлеб сваім мазалём, і сапраўдную цану яму.
Нарадзіўся і вырас Андрэй Судакоў у в. Стайкі, тут знайшоў і сваё працоўнае прызначэнне. Скончыў Жыровіцкі аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці тэхнік-механік і па мэтавым накіраванні прыйшоў працаваць у ААТ «Новыя Стайкі» ў 2021 годзе. Сёлетняя ўборачная кампанія для Андрэя была трэцяй: першую адпрацаваў памочнікам камбайнера, а набраўшыся вопыту, дзве наступныя – ужо камбайнерам. У гэтай уборачнай у складзе экіпажа разам з ім працаваў і малодшы брат Ілья, які пакуль студэнт таксама Жыровіцкага аграрна-тэхнічнага каледжа, а па сканчэнні навучальнай установы і ён праз год папоўніць маладыя кадры ААТ «Новыя Стайкі». Між іншым, маці братоў Судаковых ужо больш чым 10 гадоў працуе ў сельгаспрадпрыемстве загадчыкам зернясховішча.
Гэтая ўборачная кампанія Андрэю і Ілью Судаковым асабліва запомніцца, бо дасягненне намалоту маладзёжнага экіпажа тысячы тон зерня супала з візітам у наш раён упаўнаважанага прадстаўніка Прэзідэнта Беларусі ў Брэсцкай вобласці Міхаіла Русага, які ўдзяліў увагу маладым працаўнікам палёў і віншаваў іх акурат падчас жніва прама ў полі. Ды і наогул гэтае жніво для Андрэя Судакова і для сельгаспрадпрыемства ў цэлым выдалася ўдалым. У асабістым заліку маладзёжнага экіпажа Судаковых па выніках уборачнай кампаніі – 1 130,3 тоны ўмоўнага намалоту зерня.
– Жніво ў гэтым годзе мяне парадавала больш, чым у папярэднія. Пэўна, найперш таму, што цяпер у мяне больш працоўнага вопыту. Надвор’е спрыяла правесці ўборку хуткімі тэмпамі, ды і ўраджайнасць неблагая, колас парадаваў сваёй важкасцю, – адзначае Андрэй Судакоў.
Ён універсальны механізатар, працуе яшчэ і на кормаўборачнай тэхніцы, і на энерганасычаных трактарах. Зараз Андрэй заняты на адвозцы цукровых буракоў. У гаспадарцы яго характарызуюць як адказнага і добрасумленнага работніка, які спраўляецца з пастаўленымі задачамі, дбайна адносіцца да тэхнікі, якую сам і рамантуе. А пра працоўныя поспехі Андрэя мы ўжо расказвалі на старонках газеты, прычым не толькі ў перыяд уборачнай кампаніі. Хлопец яшчэ і актыўны ўдзельнік раённага праекта «Малады працаўнік сяла». У гэтым годзе ў намінацыі «Лепшы трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці» Андрэй Судакоў стаў пераможцам, абышоўшы па агульнай колькасці балаў за практычнае і тэарэтычнае заданне васьмярых такіх жа маладых калег.
Хлопец пакуль яшчэ халасты, а вольны час, якога не так ужо і шмат, часцей праводзіць у сваім гаражы, любіць рамантаваць тэхніку. Як адзначае малады аграрый, ніякіх сакрэтаў у яго працы няма, трэба проста ведаць і старанна выконваць даручаную справу. А з такім падыходам, упэўнены, яму пакарыцца яшчэ не адзін тысячны рубеж на жніве.
Працавітасць – галоўны фактар поспеху і маладога камбайнера Максіма Шэйкі з ААТ «Мілейкі».
За ўсю сваю працоўную біяграфію хлопец упершыню выйшаў у лідары жніва на ўзроўні вобласці, у сваёй катэгорыі ён заняў трэцяе месца.
Максіму 31 год, а за плячыма ўжо дзевяць гадоў працы ў ААТ «Мілейкі». Быў, праўда, непрацяглы перапынак, калі ён звальняўся і шукаў іншага хлеба, але ўсё ж потым зразумеў, што ў «Мілейках» лепш.
Нарадзіўся Максім Шэйка на Пружаншчыне. У 2008 годзе яго сям’я пераехала ў в. Мілейкі, бацькі ўладкаваліся на працу ў мясцовае сельгаспрадпрыемства, маці – жывёлаводам, бацька – кладаўшчыком на склад запчастак, а Максім давучваўся ў Мілейкаўскай сярэдняй школе. Потым скончыў Івацэвіцкі прафліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, атрымаў кваліфікацыі слесара па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, трактарыста-машыніста і вадзіцеля катэгорыі «С».
ААТ «Мілейкі» і стала першым працоўным месцам Максіма. Тут ён шчыруе і ў якасці механізатара, і вадзіцеля грузавога аўтамабіля. Апошнія чатыры гады аграрый задзейнічаны на жніве камбайнерам, памочнікам разам з ім працаваў Уладзіслаў Воўна, які на сезон уборачнай кампаніі ўладкоўваўся на падпрацоўку. Прозвішчы працавітых хлопцаў з маладзёжнага экіпажа не раз траплялі ў раённую зводку разам з тымі, хто дасягаў лепшых паказчыкаў на жніве і сёлета, і ў мінулыя гады. Між іншым, у гэтым годзе менавіта яны сталі першым маладзёжным экіпажам у раёне, які дасягнуў тысячнага намалоту, і са значымым унёскам у хлебны каравай Івацэвіччыны атрымлівалі віншаванні на працоўным месцы. У цэлым жа ўмоўны намалот маладзёжнага экіпажа склаў 1 118,3 тоны.
Адказнаму аграрыю даверылі новую тэхніку – два апошнія сезоны ён працуе на новым камбайне GS1218A1Pro. Як адзначае Максім, хоць тэхніка і новая, але жняярка ў камбайна пакуль засталася старой, а ў ёй часам здараліся паломкі, аднак з іх ухіленнем спраўляўся хутка сам, і прастояў у гарачую пару не было.
Максім, як і Андрэй Судакоў з «Новых Стаек», не раз паспяхова ўдзельнічаў у праекце «Малады працаўнік сяла», а дэманстраваў свае навыкі нават у дзвюх намінацыях: ён спаборнічаў і як малады механізатар, і як вадзіцель грузавога аўтамабіля. Нагадаем, што ў гэтым годзе ён стаў трэцім сярод маладых машыністаў-трактарыстаў сельскагаспадарчай вытворчасці, а ў мінулым – абсалютным пераможцам.
– Хоць работа ў сельскай гаспадарцы нялёгкая і працаваць даводзіцца ад зары да зары, але я ўпэўнены, што яна вельмі важная, таму і пакідаць сваё месца працы пакуль не збіраюся, – расказвае Максім Шэйка.
Надзейнай апорай для шчырага працаўніка служыць жонка Дар’я, разам з якой яны выхоўваюць дваіх дзетак. Тры гады таму атрымалі ад гаспадаркі дом, спадзяюцца ў далейшым яго прыватызаваць. А яшчэ маладая сям’я трымае курачак, гусей, свіней, арандуе ў сельсавеце 50 сотак зямлі для сваіх гаспадарчых патрэбаў, каб было чым пракарміць сваю немалую гаспадарку.
Таму і пра Максіма Шэйку, і пра Андрэя Судакова можна смела сказаць, што яны адны з тых, хто з’яўляецца дастойным прыкладам для працуючай моладзі, а наперадзе, безумоўна, іх яшчэ чакае шмат новых працоўных дасягненняў.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, Аксана Цярэшка. Фота Вольгі Шэляговіч і Валерыя МІСКЕВІЧА.