x
Close
Главная новость Новости Сельское хозяйство

Малочная жывёлагадоўля ў раёне ўпэўненымі тэмпамі крочыць наперад

Малочная жывёлагадоўля ў раёне ўпэўненымі тэмпамі крочыць наперад
  • Опубликовано:28 апреля, 2023

Добра вядома, што па ўраджайнасці і надоях можна меркаваць аб узроўні гаспадарання сельгаспрадпрыемстваў, іх дабрабыце, выкананні тэхналагічных патрабаванняў. Вытворчасць малака для любой гаспадаркі – важны складнік эканамічнай стабільнасці. Дзякуючы істотнаму абнаўленню матэрыяльна-тэхнічнай базы, пераходу галіны на сучасныя тэхналогіі ў раёне забяспечаны ўстойлівы рост вытворчасці малака. Таму пацвержданне, што па выніках работы ў жывёлагадоўлі за 2022 год Івацэвіцкі раён заняў 25 месца сярод 118 раёнаў у рэспубліцы па сярэдняму надою малака ад каровы (6 486 кг). А па вытворчасці малака стаў 14-м у Беларусі з вынікам 126 397 тон.

Гаворачы пра сённяшні дзень, штодзённая вытворчасць малака па раёне дасягнула 367,5 тоны, што склала 108,2 %, або плюс 28,1 тоны ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. У красавіку 2023 года аграрыямі раёна пераадолена чарговая планка па надоях за апошнія гады. Ад каровы за суткі ў сярэднім надоена 19,05 кг малака – +1,41 кг у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Калі максімальныя надоі ў 2020, 2021 гадах былі на ўзроўні 18,0 і 18,3 кг малака адпаведна, і гэтыя вынікі атрыманы ў летне-пашавы перыяд, напрыканцы мая і ў пачатку чэрвеня, а ўвогуле лактацыйная крывая на працягу года была няўстойлівая, то ў 2022 годзе і пачатку 2023-га назіраюцца стабільная дынаміка і рост.

За апошні час у гаспадарках раёна значна палепшылася якасць малака. Штодзень сельгаспрадпрыемствамі раёна на вытворчы філіял ААТ «Савушкін прадукт» у г. Бяроза пастаўляецца 338,5 тоны, што на 29,3 тоны больш у параўнанні з мінулым годам. З іх сортам экстра – 68 %, або + 23,7 тоны.

Істотны прагрэс у малочнай жывёлагадоўлі магчымы толькі з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Таму паўсюдна вялікая ўвага надаецца ўзвядзенню новых і рэканструкцыі існуючых малочнатаварных ферм. Прыводзяцца ў належны стан даільныя блокі, памяшканні для кароў і маладняку, рамантуюцца пад’езды і тэрыторыі ферм. Пры гэтым не толькі ўдасканальваюцца тэхналогіі вытворчасці малака і ўтрымання жывёл, але і выконваюцца работы па ўстаноўцы і замене даільнага абсталявання.

Як паказала практыка, на мадэрнізаваных фермах не толькі павялічваецца прадукцыйнасць кароў, але і значна ўзрастае выніковасць працы, істотна паляпшаюцца яе ўмовы.

На сёння ў Івацэвіцкім раёне дзейнічае 50 ферм і комлексаў, з іх 25 абсталяваны даільнымі заламі. Малочны статак налічвае 19 280 галоў, з іх 16 770, або 87 %, утрымліваецца на мадэрнізаваных фермах, дзе сутачныя надоі на карову складаюць 19,5 кг.

Звыш 20 кг малака на галаву ў суткі дояць 6 гаспадарак раёна з 14. Ужо не першы год бясспрэчнымі лідарамі па вытворчасці малака ў раёне з’яўляюцца ААТ «Косава» з вынікам 27,2 кг, СВУ «Даманава» – 25,7 кг і ААТ «Святая Воля» – 23,3 кг. Радуюць паказчыкі ААТ «Квасевічы», ААТ «Целяханы-агра», ААТ «Падстарынь» і ААТ «Горталь», якія перасягнулі 20-кілаграмовы ўзровень.

Важкія кармавыя адзінкі
Без добрых і якасных кармоў высокіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі не атрымаеш. Ад вынікаў корманарыхтоўкі шмат у чым залежыць прадукцыйнасць малочнага статка, яго здароўе, захаванасць і ў выніку эканамічная эфектыўнасць жывёлагадоўлі не толькі асобнай гаспадаркі, але і краіны ў цэлым. Прэзідэнтам Беларусі пастаўлена задача: стварыць у кожным раёне паўтарагадовы запас кармоў. Па-першае, такое павелічэнне аб’ёмаў нарыхтоўкі кармоў выклікана пераходам гаспадарак на круглагадовае аднатыпнае ўтрыманне жывёлы. Па-другое, пастаянна расце ўзровень вытворчасці. Павялічваюцца прывагі і надоі – адпаведна павялічваецца і расход кармавых адзінак.
Каб вырашыць пастаўленую задачу, упор гаспадаркі раёна робяць на нарыхтоўку кармоў, тэхналогію ўборкі і захавання. Асаблівае значэнне надаецца травяністым кармам – за апошнія гады ў гэтым накірунку зроблена многае. Дзеля забеспячэння якаснага захоўвання кармоў у раёне існуе 251 сянажная траншэя агульным аб’ёмам 479 тыс. тон. Яшчэ 48 траншэй на 107 тыс. тон планіруецца пабудаваць.

Адказны падыход да сваёй працы на месцах, пачынаючы ад кіраўніка гаспадаркі і заканчваючы простым рабочым, дазволяць нарыхтаваць высакаякасныя кармы ў поўным аб’ёме і на крок бліжэй падысці да пастаўленай мэты.

Павелічэнне валавой вытворчасці малака і павышэнне яго якасці – на сёння адны з галоўных задач, якія стаяць перад аграрыямі раёна. Працягваючы рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў, працуючы над удасканаленнем тэхналогіі вытворчасці прадукцыі, можна дасягнуць яшчэ лепшых вынікаў. І за пяцігодку (2025 год) выйсці на вытворчасць малака ў 150 тыс. тон з надоям
7 500 кг на карову.

5 складнікаў развіцця
Па выніках чатырох месяцаў гэтага года па асноўных паказчыках жывёлагадоўлі назіраецца станоўчая тэндэнцыя:
– колькасць кароў малочнага статка склала 19 280 галоў;
– вытворчасць малака ўзрасла да 33,2 тыс. тон (104,5 % да ўзроўню 2022 года, + 2,4 тыс. тон);
– рэалізацыя малака павялічылася да 29,4 тыс. тон (104,7 % да ўзроўню 2022 года, +1,3 тыс. тон);
– таварнасць малака дасягнула 91,3 % (+ 0,2 %);
– сярэдні надой на карову па раёне складае 1 647 кг (+ 63 кг).

Таццяна ДЫЛЮК. Фота з архіва «ІВ».