Маці маршала Перамогі Канстанціна Ракасоўскага пахавана ў Целяханах. У пасёлку ёсць вуліца Ракасоўскага, і не за гарамі час, калі Целяханы будзе ўпрыгожваць бюст маршала Перамогі,
а сярэдняя школа насіць яго імя

У наш перапоўнены інфармацыяй час ёсць патрэба спыніцца. Спыніцца і абаперціся на галоўнае – на нашы карані, гісторыю, даведацца ці ўспомніць аб маштабных асобах, якія рабілі гэтую агульную гісторыю і нарадзіліся на нашай зямлі. Як важна расказаць нашым хлопчыкам аб іх! Канстанціна Ракасоўскага ставілі ў адзін рад з Суворавым і Кутузавым, і яго дар і талент ваеннага палкаводца патрабуе яшчэ далейшага даследавання. Так і просіцца ўсклікнуць: «Займіцеся, падрастаючае пакаленне, падхапіце ініцыятыву ў целяханцаў!»

Не адзін раз гісторыкі, мясцовыя энтузіясты і архівісты спрабавалі высветліць дакладна, дзе нарадзіўся двойчы герой Савецкага Саюза Канстанцін Ракасоўскі. Былі гіпотэзы, што ў Варшаве, потым у Вялікіх Луках, і вось напярэдадні Дня Перамогі 8 мая 2021 года ў раённай газеце «Івацэвіцкі веснік» з’явіўся ашаламляльны артыкул «Маршал Перамогі Канстанцін Ракасоўскі нарадзіўся ў Целяханах!».

21 чэрвеня сёлетняга года ўнук знакамітага палкаводца Канстанцін Вільевіч Ракасоўскі разам з жонкай пабываў у Целяханах. І гэты звычайны будні дзень для ўдзельнікаў сустрэчы набыў дзякуючы гэтаму візіту небудзённы сэнс, напоўніўся дотыкам да вялікай асобы Канстанціна Ракасоўскага праз яго ўнука.

Івацэвіччына і Целяханшчына цёпла сустрэлі яго – палкоўніка касмічнай авіяцыі ў адстаўцы. Старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук прымаў маскоўскіх гасцей у сваім рабочым кабінеце. потым разам з прадстаўнікамі грамадскасці, унук Ракасоўскага ўсклаў кветкі да помніка ў скверы Перамогі па вул. Савецкай і да памятнага знака ваенным маракам у скверы па вул. Камсамольскай райцэнтра.

У Целяханскім сельвыканкаме Канстанціна Вільевіча разам з жонкай таксама чакалі як самых дарагіх гасцей. Яшчэ б! Сам унук Ракасоўскага прыехаў! За кубкам чаю адбылася размова, якая пралівала святло на тыя ці іншыя акалічнасці з біяграфіі Канстанціна Ракасоўскага.

У даследчыкаў, якія працавалі з архіўнымі дакументамі, была свая гіпотэза, ва ўнука Канстанціна Вільевіча – свая, а ў аўтара радкоў нарадзілася яшчэ адна гіпотэза. Але, тым не менш, гіпотэз можа быць столькі, колькі людзей, а дакументальна дакладна вядома, што жыццё бацькоў маршала Канстанціна Ракасоўскага звязана самым непасрэдным чынам з Целяханскай зямлёй: маці знакамітага палкаводца пахавана ў Целяханах і сам знакаміты палкаводзец нарадзіўся ў Целяханах!
Найпершае дачыненне да той сенсацыйнай назвы артыкула «Маршал Перамогі Канстанцін Ракасоўскі нарадзіўся ў Целяханах!» меў жыхар вёскі Соміна, дасціпны краязнаўца Уладзімір Міхайлавіч Абрамчук, які, шукаючы звесткі пра родную вёску ў Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь, наткнуўся на запіс у метрычнай кнізе царквы ў Целяханах: «Дзень нараджэння –
3 верасня, дзень хрышчэння – 4 верасня, імя народжанага – Канстанцін, бацькі: дваранін Ксаверый Вікенціеў Ракасоўскі рымска-каталіцкага веравызнання і законная яго жонка Антаніна Іванава праваслаўнага».

Старшыня Целяханскага сельвыканкама Аксана Мялік уручыла ўнуку маршала фотаздымак помніка, дзе пахавана яго прабабуля Антаніна Ракасоўская (Аўсяннікава) – маці знакамітага палкаводца, і ад імя раённай газеты альбомную раздрукоўку таго сенсацыйнага артыкула, а таксама сувеніры, якія стануць напамінам аб Целяханшчыне.

І вось картэж аўтамабіляў на могілках (гэта старыя могілкі, якія знаходзяцца справа па дарозе, калі ехаць з Целяхан у бок Вулькаўскага возера). Не ведаю, як каму, а для аўтара радкоў стаў сімвалічным дождж у гэты момант. Стаяла такая гарачыня, і раптам, як сталі ўскладаць кветкі да помніка, дзе пахавана маці маршала Перамогі Антаніна Іванаўна, пайшоў незвычайны дождж. Кроплі былі буйныя, рэдкія, але дождж не праганяў, наадварот хаваў няпрошаныя слязінкі на расчуленых тварах – хто ведае, дождж ці слёзы хочацца змахнуць… Стала неяк зразумела, гэта былі слёзы ўдзячнасці ад знакамітага роду Ракасоўскіх, ціхае і чуллівае прывітанне з нябёс – за памяць і сустрэчу з родным праўнукам.

Шмат людзей мелі дачыненне да гэтай сустрэчы. Пётр Атанаў, старшыня гісторыка-патрыятычнага клуба «Пошук», расказаў: «Я аказаўся на гэтым месцы выпадкова гадоў 10 назад. Ехаў на рыбалку, а мне кажуць, што тут маці Ракасоўскага пахавана. Мы спыніліся. Помнік старэнькі, развальваецца… Звярнуўся з прапановай да мясцовай адміністрацыі, а ў адказ – трэба дакумент-пацвярджэнне. Адразу не згаджаўся, навошта дакумент, калі на старым помніку напісана: «Тут спачывае прах маці двойчы героя Савецкага Саюза маршала Ракасоўскага»… Але закон ёсць закон. Спачатку мы з унукам Канстанцінам Вільевічам сазваніліся, усё пацвердзілі, а тады паставілі помнік. Мясцовая адміністрацыя аднеслася прыхільна, помнік паставілі ў 2015 годзе».

На помніку надпіс: «Дзякуй маці за сына – вялікага савецкага палкаводца, двойчы героя Савецкага саюза маршала Канстанціна Ракасоўскага». Цяпер на ім можна дакладна дапісаць яе імя па бацьку Іванаўна і выправіць год смерці на 1906-ы.

Маці Антаніна Аўсяннікава родам з Целяхан з небагатай сям’і. Бацька Ксаверый Ракасоўскі,
польскі дваранін, меў не самыя лепшыя стасункі з раднёй з-за свайго выбару. Большасць родзічаў Ксаверыя жыла ў Варшаве, а Ксаверый працаваў рэвізорам на чыгунцы. І тут ён атрымлівае цяжкую траўму падчас аварыі на пуцях. Інваліднасць, страта работы, і сям’я вымушана пераехаць у Варшаву. Ксаверый пасля аварыі пражыў нямнога. Пасля яго смерці хворая маці вымушана была вярнуцца ў Целяханы. Канстанцін застаецца ў сваякоў бацькі ў Польшчы…

Унук маршала называў прозвішча целяханскае Александроў, якім падпісваў пісьмо дзеду ў савецкі час. Сам маршал Ракасоўскі яму ў лісце ў 1965 годзе пісаў: «От детских лет у меня сохранились смутные воспоминания. После смерти отца я остался со старшей сестрой в Варшаве, а моя мать с младшей сестрой уехала к себе на родину в Телеханы…» І ў далейшым лёс Канстанціна Ракасоўскага складваецца няпроста. Першая сусветная вайна, рэвалюцыя, грамадзянская вайна… Тры гады па турмах пасля абвінавачванняў у здрадзе ў засценках НКУС, і потым рэабілітацыя…

Канстанцін Ракасоўскі – выключны для Чырвонай Арміі маршал. Вызначаўся сваім выхаваннем: ніколі не карыстаўся непрыстойнымі словамі, не займаўся рукапрыкладствам, не пагражаў расстрэламі і не аддаў ніводнага загаду аб расстрэле сваіх афіцэраў і салдат.

Калі мог, імкнуўся да мінімуму звесці гібель салдат у атацы ці абароне.

Самы чалавечны з усіх военачальнікаў Вялікай Айчыннай вайны – гэта меркаванне гісторыкаў і даследчыкаў. Ён умеў і мог даказваць слушнасць сваёй думкі. Дзякуючы яго настойлівасці і смеласці адбылася аперацыя «Баграціён» – вызваленне Беларусі з найбольшай эфектыўнасцю задзейнічання войск і з мінімальнымі стратамі жывой сілы і тэхнікі. Імя маршала ад таго часу непарыўна звязана з Беларуссю, з яе вызваленнем. Яму было даручана камандаваць парадам Перамогі.

Помнік яго маці ў Целяханах паставілі нераўнадушныя да гісторыі людзі, а даглядаюць за ім супрацоўнікі Целяханскага сельвыканкама.

Леанід Бысік, старшыня раённай грамадскай арганізацыі «Беларускі Саюз ваенных маракоў» дадаў: «Было ўсё няпроста. Калі пачалі канкрэтна падыходзіць да гэтай гісторыі, мяне адгаворвалі, маўляў, мы капаліся ў архівах, і гэта ўсё няпраўда, гэта не маці маршала пахавана ў Целяханах. Але калі з кабінета былога намесніка райвыканкама Аляксандра Фёдаравіча Велікасельца мы з Пятром Сяргеевічам Атанавым прама патэлефанавалі ў Маскву Канстанціну Вільевічу па гучнай сувязі, ён пацвердзіў: «Так». Аляксандр Фёдаравіч тады ўзняў рукі і сказаў: «Рабяты, робім помнік. Усе атрымаецца». Дзякуй усім, што змаглі захаваць памяць. Што яшчэ трэба сёння? Унук прыехаў паглядзець, што вось мы адрадзілі і захавалі гэтую гісторыю. Летась быў Год гістарычнай памяці па Указе Прэзідэнта, мы прадаўжаем гэтую работу і па вызначэнні месцаў пахаванняў часоў Першай сусветнай вайны».

Леанід Бысік з Пятром Атанавым у знак удзячнасці і сяброўства з Івацэвіцкай і Целяханскай зямлёй Беларусі ад марскога брацтва, ад рэспубліканскай і раённай арганізацыі ваенных маракоў перадалі Канстанціну Вільевічу кнігу «Тры капітаны», напісаную трыма камандзірамі падводных лодак.

Дарэчы, Канстанцін Вільевіч застаўся вельмі ўдзячны ўсім, хто мае дачыненне да гэтай гісторыі: «Дзякуй вам, што вы робіце гэтую работу. Не таму, што гэта мая прабабуля, а таму, што не павінна быць цёмных плямаў ні па Першай ні па Другой сусветных войнах. Памяць важная і павінна перадавацца далей. Дзякуючы вам яна жыве і перадаецца нашым дзецям і ўнукам».

Першы раз Канстанцін Вільевіч пабываў з жонкай на Целяханскай зямлі прыкладна дзесяць гадоў таму. «Нехта нешта ведаў быццам бы… Ну, давайце заедзем, паглядзім. Людзі падказалі, як дабрацца, заехалі, кветкі паклалі… Гэта была субота. Усё было зачынена, – успамінае ён. – А сёння я ехаў сюды – гэта родныя мясціны, тут родныя людзі. Дзякуючы гісторыкам, архівістам мы цяпер дакладна ведаем, што мой прадзед тут працаваў, магчыма, служыў у Пуслоўскага. Дакладна вядома, што прабабуля тут жыла. Магчыма, я лічу па-свойму, вы – па-свойму, думаю, мы пагодзімся. Ва ўсякім разе, ёсць хаця б адно месца дакументальна пацверджанае, дзе нарадзіўся мой дзед Ракасоўскі. Можа, нехта яшчэ што знойдзе, але ўжо ніхто не скажа: «Не ведаем, дзе ён нарадзіўся». Хачу ўсім пажадаць поспехаў, здароўя, каб квітнела ваша краіна і ваша цудоўная зямля, па якой едзеш, і душа спявае. Едзеш па дарогах, узбоч – дагледжаныя палі, чыстыя лясы. Як у казцы якой. Рэдка ў якой краіне такое ўбачыш. І ў такім першародным выглядзе. Не парк, а лес, але ён чысты, як парк».

Старшыня Целяханскага сельвыканкама Аксана Мялік успомніла, як летась яна на гэтай магілцы пасадзіла аксаміткі. А лета было тады такое засушлівае! Шторанак перад работай яна заязджала і палівала пасаджаныя кветкі. І заўважыла, што дзень праз дзень тут праезджыя ўскладаюць жывыя кветкі. «На магілу дарога не зарастае, – адзначыла Аксана Іванаўна. – Аднойчы ранкам я прыехала, бачу, маладыя людзі нясуць ахапак белых руж… Толькі і паспела даведацца, што яны з Масквы…»
Цёплы буйны дожджык не сціхаў, але людзям не хацелася разыходзіцца. Святлана Крэк, старшыня ветэранскай арганізацыі, казала: «Сапраўды, памяць павінна захоўвацца, інакш у нас няма будучыні. Удзячны і рады будзем бачыць вас зноў, калі Целяханскай сярэдняй школе будзе прысвоена імя маршала Канстанціна Ракасоўскага. У нас будзе адкрыты музей, які рыхтуюць нашы энтузіясты, маладыя рабяты».

Уладзімір Абрамчук дадаў: «Уявіце, каб гістарычныя дакументы былі ўстаноўлены раней. У нас многа франтавікоў. Многія ваявалі пад камандаваннем Ракасоўскага – нашага знакамітага земляка. Уявіце, каб ім хто сказаў, што Ракасоўскі целяханскі! Думаю, яны б гарэлі гонарам і па гэты дзень былі б жывыя, а можа, Перамогу здабылі яшчэ б раней. Гэта настолькі нават у нас, нашчадкаў ветэранаў, дух захоплівае, гэта такі гонар для нас! Такія трапяткія пачуцці! Не за гарамі той дзень, калі ў Целяханах будзе стаяць бюст легендарнаму палкаводцу. У нас ёсць усе падставы лічыць, што ён – наш зямляк».

Канстанцін Вільевіч адказаў, што абвяргаць няма чаго. Маршал звязаны з гэтай зямлёй, і гэта ясна. «Нарадзіцца чалавек можа дзе заўгодна. Але ёсць маці, бацька і гэта – іх Радзіма. У мяне толькі глыбокая ўдзячнасць ад усіх членаў нашай сям’і», – казаў ён.

Так, ад Уладзіміра Абрамчука ўзнялася навіна, што маршал Канстанцін Ракасоўскі нарадзіўся ў Целяханах. Пэўна, гэтаму наканавана было адбыцца звыш. Мы – прадаўжэнне продкаў. Частка таго непарыўнага ланцужка, які ідзе і называецца жыццём. Так распарадзіўся лёс. Яму прадставіўся такі выпадак, нават, лепш сказаць, гонар дакрануцца да такіх вялікіх людзей. Яму спадарожнічалі зоркі, і пляма, якая заставалася няяснай, цяпер ясная. А нам усім які гонар праз гэта! І нам, і нашым нашчадкам, і нашым дзядам-франтавікам, якія з Неба глядзяць на нас.

У той дзень унук маршала Канстанціна Ракасоўскага наведаў воінскае пахаванне часоў Першай сусветнай вайны. Гісторыя павінна быць без плямаў.

…Пры жыцці Канстанцін Ракасоўскі неаднойчы з горыччу прызнаваўся, што ў Расіі яго лічаць за паляка, у Польшчы – за рускага. І гэта прынесла яму нямала непрыемнасцей і асабістых трагедый.
Маршал Перамогі, двойчы герой Савецкага Саюза ўзнагароджаны сямю ордэнамі Леніна, шасцю ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Перамогі і шмат-лікімі замежнымі ўзнагародамі. Выбітны палкаводзец часоў Вялікай Айчыннай вайны Канстанцін Ракасоўскі – беларус, і зямля целяханская – яго Радзіма!

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться