У пачатку жніўня «ІВ» надрукавала інфармацыю аб адкрыцці новага маршрута пад нумарам 1/1. Як і многія іншыя, гэты маршрут з’явіўся «по просьбам трудящихся»: гараджане, пераважна жыхары вул. Клютко і астатніх «запереездных» вуліц, абураліся, што іх куток нібы ў чорным спісе, сюды амаль не ездзяць аўтобусы, праблемна за пераезд вызваць і таксі. Насамрэч, калі зранку і ўвечары сюды яшчэ заязджаюць гарадскія маршруты № 1, 2 і 3, то днём адсюль грамадскім транспартам не паедзеш.
Людзі звярталіся да мясцовых улад і да кіраўніцтва філіяла «Аўтамабільны парк № 14 г. Івацэвічы». Маршрут адкрылі, ён пакуль тэставы, у жніўні ён курсіраваў з 9.00 да 16.00, з пачаткам навучальнага года яго падоўжылі: цяпер з вакзала ён адпраўляецца ў 7.00, а апошні рэйс пачынаецца ў 19.00, дадалі рэйсы і ў нядзелю, дабрацца да таго ж магазіна «Светофор» можна з 9.00 да 16.00.
Навіна для гараджан, лічым, вельмі добрая, цяпер па горадзе курсіруюць пяць маршрутаў, і нагадаем, усе яны стратныя. нават знакамітая «шасцёрка» не прыбытковая, бо хоць і перавозіць за месяц тысячы пасажыраў, але сярод іх шмат ільготнікаў. Таму давайце сыдземся на тым, што ўсе гарадскія і сельскія маршруты – то пэўная сацыяльная функцыя нашага аўтапарка, таму любое новаўвядзенне павінна быць запатрабаванае. Карэспандэнт «ІВ» вырашыла на свае вочы ацаніць абстаноўку: хто едзе? куды едзе? як едзе? Так, панядзелак, 23 верасня, 11.00, саджуся ў аўтобус…
Праехаліся па маршруце!
– Нават калі ты вязеш паўаўтобуса школьнікаў-бясплатнікаў, адчуванне ад таго, што маршрут карысны і ты выехаў з гаража не дарэмна, ёсць! – пачынае размову вопытны і ўсмешлівы вадзіцель Аляксандр Светчанкоў. – Асабіста я люблю, калі аўтобус поўны, пасажыры ў нас пераважна пазітыўныя! На гэтым маршруце я працую адзін дзень на тыдзень, напачатку шмат пенсіянераў ехала да «Светофора» і да гаргазу, бо там акрыўся магазін «Дабрацэн», нямала школьнікаў садзілася каля пошты на вул. М. Танка і каля Ліцэя, ехалі да СШ № 1. На дзень па 60 білетаў прадавалі, зараз няма і гэтага. Сёння раніцай падвёз некалькіх школьнікаў, яшчэ пару чалавек да «Светофора», упэўнены. Праз гадзіну ў гэты маршрут мы з вамі забяром іх назад з пакупкамі.
Некаторы спад пасажырапатоку вадзіцель тлумачыць яшчэ і добрым сонечным надвор’ем, у дождж і галалёдзіцу людзей у аўтобусах заўсёды болей, а яшчэ пра новы маршрут многія не чулі, не чыталі.
І вось мы стартуем ад вакзала, праязджаем прыпынак каля пераезда, там было пуста, а каля рынка на вул. Клютко забіраем падлетка, які з тэмпературай ехаў аж да дзіцячай паліклінікі. Мінаем «Марцін» (многія едуць і да яго), прыпыняемся каля гаргазу, тут мой суразмоўца дзеліцца вадзіцельскімі перажываннямі – з боку «Івацэвічдрэў» арганізаваны добры прыпынак, а вось насупраць, каля гаргазу, яго няма, няма і «кішэні», па сутнасці, людзей высаджваеш на дарозе, а зімой пасля чысткі дарог пасажыры будуць «ныраць» у снег. Можна лічыць гэта своеасаблівым зваротам да камунальнікаў, якія ў адказе за арганізацыю прыпынкаў, добра было б да халадоў вырашыць пытанне…
Едзем далей, каля «Сельгастэхнікі» таксама няма пасажыраў, а каля магазіна «Светофор» жанчына і дзве дзяўчынкі. Іх вадзіцель пазнаў – адвозіў іх гадзіну таму, і вось яны з пакетамі вяртаюцца на вул. Максіма Танка. Далей каля магазіна «Ома», на вул. Максіма Танка, каля СШ № 4, Ліцэя, райаддзела МНС і на вакзале мы працавалі толькі на высадку нешматлікіх пасажыраў. Вынік – пяць пасажыраў разам з карэспандэнтам. Не густа, а любы эканаміст вам скажа, што гэта нічога адносна тых затрат, якіх патрабуе «жыццядзейнасць» новага маршрута.
Усяго ж у гэты дзень наш аўтобус перавёз 42 пасажыры, 12 з якіх – работнікі «Экрана». Аб тым, што ад новага маршрута чакаюць большага з наступленнем халадоў і пасля таго, як спрацуе «сарафаннае радыё», гаварыла і інжынер па арганізацыі пасажырскіх перавозак Вольга Казленя:
– У верасні заўсёды назіраецца спад пасажырапатоку недзе на 15 %, з 12 і да 31 жніўня з 8 рэйсамі і толькі ў буднія дні гарадскі маршрут № 1/1 абілеціў 674 чалавекі. Насамрэч, пасажыраў было болей – не ўлічаны льготнікі і пасажыры з праязнымі. Дарэчы, праязны дзейнічае на ўсе гарадскія аўтобусы. Для параўнання, за гэтыя ж дні самы запатрабавальны гарадскі маршрут № 6 абілеціў 7 092 пасажыры. Пакуль думкі наконт новага маршрута розныя – мяняем яго, падстройваемся пад расклад работы некаторых арганізацый. Апошнія дні ў 16.05 забіраем работнікаў «Экрана», па просьбе кіраўніцтва скарэкціравалі час. У тэставым рэжыме работы такое магчыма, затое сёння ў нас у гэты час каля 30-40 патэнцыйных пасажыраў… Як толькі з’явяцца прыпынкі на вул. 70 год Кастрычніка і Школьнай, аўтобус пойдзе і па гэтых напрамках. У любым выпадку, будзем шукаць усе шляхі, каб захаваць маршрут.
Вуснамі пасажыраў
Данііл Жабрун:
– Я ўпершыню еду на гэтым аўтобусе, мама падказала такі варыянт. Зараз хварэю, тэмпература высокая, вырашыў не ісці пешшу ад вул. Клютко да дзіцячай паліклінікі… Ведаю, што маці возіць на гэтым аўтобусе малодшую сястрычку ў садок – вельмі задаволеная. Канечне, добра, што ёсць магчымасць праехацца. У школу я пакуль пешшу хаджу, тут 10 хвілін усяго.
Хрысціна Басалай:
– Я еду на вул. Максіма Танка, а ў магазін «Светофор» уладкоўваюся падрабіць. Мне нечакана пазванілі – трэба пад’ехаць за дакументам, а бацькоў дома няма. Я села на аўтобус і вырашыла свае пытанні, не надакучаючы нікому ў працоўны час. Ужо другі раз еду гэтым аўтобусам, вельмі зручны маршрут! Толькі трэба, каб людзі ездзілі…
Алёна і Дар’я Баркоўскія:
– Мы ўпершыню з дачкой на гэты аўтобус селі. Эксперыментуем сёння, ды ўдала! Накуплялі ў магазіне «Светофор» і едзем на Максіма Танка. Свайго транспарту ў нас няма, таму ў магазіне гэтым бывалі зрэдку. А тут цэннік прывабны. Зараз можам сесці ды паехаць, а пра новы аўтобус даведаліся з «Івацэвіцкага весніка». Многія проста не ведаюць яшчэ пра маршрут, ён жа проста залаты, даедзеш ва ўсе самыя запатрабаваныя магазіны райцэнтра і да школ таксама.
Ад аўтара:
Новы гарадскі маршрут – якая добрая навіна для раёна. Планы на яго важкія, павелічэнне прыпынкаў, карэкціроўка часу – на то ён і эксперыментальны, каб спрабаваць, падганяць яго пад патрэбы людзей. Але і ўсе мы, пасажыры, не павінны рабіць з грамадскага транспарту таксі, калі аўтобус на 40 месцаў вязе дваіх… Напрыклад, наша пяцёрка ў мінулы панядзелак аказалася для аўтапарка «залатой». А мы спадзяёмся, што маршрутам у хуткім часе будуць карыстацца ўсё часцей, а Аляксандр Светчанкоў і астатнія вадзіцелі будуць з радасцю вазіць поўныя аўтобусы!
Па маршруце праехалася Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.