Такой высокай узнагароды ўдастоена аператар машыннага даення МТК «Вялікая Гаць» ААТ «Святая Воля» Лілія Літоўчык.
24 лістапада медалі і падзякі ад Кіраўніка дзяржавы ўручалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка і памочнік Прэзідэнта – інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык. Сярод узнагароджаных – Лілія Літоўчык, аператар машыннага даення ААТ «Святая Воля».
Нагадаем, што напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці лепшых з лепшых прадстаўнікоў АПК краіны ўшаноўвалі ў Зале ўрачыстых цырымоній Палаца Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Сярод яго ўдзельнікаў былі людзі розных прафесій: ад механізатараў і жывёлаводаў да кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. І кожны з іх зрабіў свой унёсак у харчовую бяспеку краіны. У ліку дэлегатаў Брэстчыны былі прадстаўнікі нашага раёна. Лілія Літоўчык адзначыла, што ўсе, хто знаходзіўся ў зале, былі пранікнуты святочнай атмасферай і гонарам за краіну – рэкордны ўраджай у гісторыі суверэннай Беларусі, асабістыя і калектыўныя дасягненні і шчырае дзякуй ад Прэзідэнта…
Асабліва заслужаным работнікам ордэны Айчыны ІІ ступені, Працоўнай Славы і Гонару ўручаліся ў сталіцы, а ў Брэсцкім аблвыканкаме ўшаноўвалі і іншых цудоўных спецыялістаў аграпрамысловага комплексу. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка ўручыў медалі «За працоўныя заслугі» лепшым аграрыям Брэстчыны. У ліку ўзнагароджаных і аператар машыннага даення МТК «Вялікая Гаць» ААТ «Святая Воля» Лілія Літоўчык.
Пасля ўрачыстай цырымоніі ў аблвыканкаме аграрыі Брэстчыны, якія атрымалі высокія ўзнагароды, пабывалі на экскурсіі ў ААТ «Брэсцкі мясакамбінат» і ААТ «Савушкін прадукт».
Лілія Пятроўна працуе ў гаспадарцы паспяхова на працягу 25 гадоў. І яе высокі рэзультат не выпадкова быў адзначаны высокай узнагародай – медалём «За працоўныя заслугі». Яна карыстаецца павагай у калектыве і вызначаецца працавітасцю. Аповед пра Лілію Пятроўну і яе працоўны шлях чакайце ў бліжэйшых нумарах раёнкі.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя КАРАЛЯ.