З кім пазнаёміліся, што ўбачылі і што адчулі ў адной з самых прыгожых вёсак раёна – Міроніме

Івацэвічы-Міронім – на гэты раз паехалі па такім маршруце, каб назбіраць для вас цікавостак пра чарговую вёску раёна. Раней для праекта «Далёкія – незабытыя» выбіралі самыя малыя населеныя пункты раёна, але яны закончваюцца, а праект, які палюбіўся чытачам, не. Мы едзем далей, туды, дзе жыццё ўжо, на жаль, не віруе, але ж і не тлее, дзе значна больш чым два жыхары. Будзем слухаць аповеды пра іх «учора» і «сёння», бо з асобных лёсаў складаецца гісторыя краіны. Можа, нехта захоча стаць іх суседам-дачнікам. Калі вы шукаеце лецішча, то чаму б не набыць хатку ў Міроніме? Гэта маляўнічы крынічны край з урадлівай зямлёй, каля Шчары, непадалёк ад Жыровічаў, з прыгожай царквой на ўзвышшы.

Міронім месціцца на самай граніцы са Слонімскім раёнам, Гродзенская вобласць пачынаецца адразу за вёскай. Зараз у населеным пункце зарэгістравана 75 жыхароў. У многіх дварах гаспадараць дачнікі, нашчадкі вясковых сядзіб. У асноўным двары дагледжаныя – сады-агароды-кветнікі наўкола. Сустракаюцца і пакінутыя хаты – куды ж без іх у глыбінцы. Тым не менш, жыллём у гэтым маляўнічым краі цікавяцца пастаянна, у 2018 годзе набылі адразу шэсць дамоў. Ёсць дамы на продаж і зараз. Адну з апошніх сядзіб прадалі за 1 500 долараў. Ёсць у Міроніма перавага: вёска каля трасы, а па ёй ходзяць аўтобусы, маршруткі. І да Жыровічаў кіламетраў сем.

Пра ўсё гэта вялі гутарку з нашым гідам па Міроніме, старастам вёскі Людмілай Попінай. Людміла Антонаўна аднойчы была гераіняй майго артыкула як чалавек, які падчас пандэміі каранавіруса 24 дні праляжаў у коме, але вярнуўся да паўнацэннага жыцця. Цуд, не іначай. Дык, можа, сапраўды лечыць міронімская крынічная вада, якая вясёлым ручайком бяжыць уздоўж дарогі? Людміла Антонаўна дакладна не ведае, але людзі кажуць: вада сапраўды гаючая. Нядаўна пайшла з жыцця адна доўгажыхарка, якая карысталася пераважна крынічнай вадой. Ды і сама па сабе Міронімская крыніца – скарб, ёй збіраюцца надаць статус помніка прыроды. Мясцовыя людзі ведаюць, што ёсць і іншыя крынічкі – у алешніку, вада з іх усіх збягаецца ў ручай – «у рэчачку», а яна ўпадае ў штучнае возера, у ім водзіцца рыба. да Шчары – з кіламетр. Ёсць побач з Міронімам і хутар, праўда, пустуе. Усё роўна цікава, але патрапіць усюды, дзе цікава, не дазволіў праліўны дождж. Даўно не бачылі такой залевы.

Людміла Антонаўна – актывіст, якіх мала, стараста з 14-гадовым стажам, да якога прыслухоўваюцца, дэпутат. Ураджэнка Міроніма, яна некаторы час працавала тэхнічкай, потым нарадзіла двух сыноў і гадавала іх адна, даглядала састарэлых бацькоў. Яна знайшла сябе ў грамадскай дзейнасці. Пра неабыякавасць да людзей кажуць дробязі: на дошцы аб’яў каля мясцовага магазіна час ад часу з’яўляюцца віншаванні жыхарам вёскі ў дні іх нараджэння. Да яе звяртаюцца па самых розных пытаннях, і рашэнні знаходзяцца. Стараста ўдзячная за супрацоўніцтва і давер былому старшыні Быценскага сельвыканкама Алене Грынчык і цяперашняму старшыні Сяргею Казленю, згадвае з удзячнасцю і павагай былога старшыню Івацэвіцкага райсавета дэпутатаў Уладзіміра Макара.

Што ёсць у Міроніме, акрамя сядзіб ды царквы? Ёсць магазін райста, працуе тройчы на тыдзень. Быў ФАП, толькі трымаць яго немэтазгодна пры такой колькасці жыхароў, таму цяпер сюды прыязджае ФАП на колах – перасовачны медкомплекс райбальніцы. Перыёдыку і пенсію прывозіць аўтамабіль пошты. Ёсць фермерская гаспадарка, якая спецыялізуецца на раслінаводстве. На жаль, не сустрэўся нам яе гаспадар, але ён пагаварыў з намі па тэлефоне.

Максім Грабун, кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Славутае»:
– Мой бацька – ураджэнец Міроніма, ён займаўся фермерствам на радзіме. Атрымаўшы адукацыю інжынера ў 2019 годзе, я размеркаваўся ў бацькаву фермерскую гаспадарку і стаў прадаўжальнікам яго справы: на жаль, таты нядаўна не стала. маем каля 100 га зямлі, дзе сеем азімыя і яравыя пшаніцу і ячмень, кукурузу, травы, саджаем бульбу. Ураджай ідзе на рэалізацыю. Планую расшырацца, браць яшчэ зямлю дадаткова, дапоўніць аўтапарк новымі адзінкамі тэхнікі і стварыць новыя рабочыя месцы, зараз на мяне працуюць трое рабочых.

У нас таксама хутка жніво. Прадаў і не паспеў набыць іншы камбайн, таму з уборкай ураджаю дапаможа СВУ «Даманава». Сёлета з ураджаем не ўсё добра. Глеба тарфяна-балотная, пасля зімы перасеялі 20 га – затапіла, а пасевы ў выніку згарэлі падчас засухі. Але ў цэлым зямля харошая тут, урадлівая, толькі без догляду не родзіць – проста так нічога не дасць.

У Івацэвіцкім раёне спрыяльныя ўмовы для фермерства, суджу па сабе: усе пытанні можна вырашыць з мясцовай уладай падчас дыялогу з першай ці другой спробы.

Сам я ў Міроніме штодня, хоць жыву ў Слоніме, шчыра люблю нашу вёску. Летам яна ажывае, прыязджаюць дачнікі. Радуе, што многія жыхары ці нашчадкі даглядаюць за сядзібамі – і не толькі сваімі, яны наводзяць парадак навокал. Вока радуецца.

«Ва ўсім павінен быць парадак»

Мікалай Ладыка жыве ў Жодзіне, а ў Міроніме даглядае за сядзібай бацькоў, якія пайшлі з жыцця
больш за 30 гадоў таму. Але ж парадкам толькі на сваім двары гаспадар не абмяжоўваецца – выходзіць з сякерай і касой далёка за свой плот. Разабраў старыя хаты побач і насупраць (хату дзеда) і вычысціў падворкі, паабрэзваў дрэвы. Стараста кажа: «Тут была пушча, а цяпер чысціня – і ўсё дзякуючы Мікалаю. Гэта золата, а не чалавек».

– Я чалавек ваенны і прывык да таго, што ўсюды павінен быць парадак. Міронім – вёска, дзе я вырас, таму і хочацца, каб у ёй было прыгожа, – тлумачыць сваю жыццёвую пазіцыю Мікалай Канстанцінавіч.

Побач – яго жонка Ларыса, сястра Ірына, якая жыве ў Мінску. Не ва ўсіх, хто нарадзіўся ў вёсцы, цяга да зямлі, кажа Ірына, аднак у яе яна ёсць – хочацца з шумнай сталіцы ў агарод, і з гадамі гэтая цяга ўмацоўваецца. «Не сядзім, працуем», – так апісвае адпачынак на малой радзіме, але тое праца ў задавальненне, тым больш на лоне такой прыроды. Разам з братам згадваюць дзяцінства. У Міроніме была школа пачатковая, а потым хадзілі ў школу ў Гродзенскую вобласць! Вёска гудзела. Прыгадаўся дзень, калі ла-дзіліся адразу 19 провадаў. А асноўная прычына таго, што паміраюць вёскі, адсутнасць у іх работы. Што тут рабіць маладым? Бацькі Ірыны і Мікалая працавалі ў калгасе, мелі пяцярых дзяцей. Такія сем’і цяпер рэдкасць…

За забыццём – адраджэнне

Спаса-Праабражэнская царква ў Міроніме радуе не толькі душы прыхаджан, але і вочы вандроўнікаў. Пабудаваная на ўзвышшы, яна бачная здалёк і вабіць да сябе незвычайнай архітэктурай. Храм – помнік рэтраспектыўнага рускага дойлідства, занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Пабудаваны з каменю і цэглы ў 1869 г. Праз 25 гадоў вакол царквы ўзвялі каменную агароджу з брамай.

У архіве знойдзены звесткі, што прыхаджан у царкве было «1276 мужеского пола и 1250 женского, а всего 2525 в 7 селениях: Мирониме, Верболоте, Завершье, Залесье, Русакове, Стеневичах и Углове». У 4 вёсках меліся царкоўна-прыходскія школы, у якіх вучыліся 75 хлопчыкаў і толькі 4 дзяўчынкі.
Рамантавалася царква ў 1915 г. Падчас Другой сусветнай вайны была зачыненая, а ў 1985 годзе – спаленая. У 1989 г. у в. Міронім зарэгістравалі прыход, храм быў узноўлены. Падчас узнаўленчых работ выявілі сляды наўмыснага падпалу. У царквы быў няпросты лёс, храм быў зганьбаваны і адданы забыццю, але адрадзіўся. Цяпер прыпісаны да Быценскага прыходу, настаяцель – протаіерэй Аляксандр Пашкевіч. Набажэнствы тут ладзяцца нячаста, аднак на прастольнае свята, якое адзначаецца 19 жніўня, у дзень Праабражэння Гасподня, тут заўжды шматлюдна. У канцы літургіі вакол храма здзяйсняецца хрэсны ход, на які з’язджаюцца святары з бліжэйшых вёсак разам з благачынным Івацэвіцкай акругі.

На ўсю вёску – двое дзяцей

Міронім – вёска не зусім і малая, але ўявіце сабе, што тут жыве толькі адна сям’я, дзе ёсць дзеці. Гэта шматдзетная сям’я Таццяны і Анатоля Фіранчукоў. Іх старэйшаму сыну Уладу ўжо 20 гадоў, ён адслужыў у войску і жыве ў Брэсце, Каця і Дзіма – школьнікі ездзяць у Быценскую школу – на школьным аўтобусе, які спецыяльна за імі зарульвае ў Міронім.

Гаспадыня расказала, што Міронім – радзіма мужа, а сама яна з Урала. Засталіся з Анатолем у вёсцы і не шкадуюць. Працягнулі будаўніцтва дома, якое распачалі яго бацькі, і трымаюць асабістую падсобную гаспадарку – кароў, здаюць малако. Саджаюць агарод, маюць цяпліцу. Таццяна яшчэ тры гады таму працавала сацыяльным работнікам, але вырашыла пакінуць: было складана ўсё сумяшчаць.

– У Міроніме мне найбольш падабаецца тое, што тут ціха і спакойна, – разважае жанчына. – Трэба забавы – выехалі ў горад, і дастаткова. Жыць можна і ў вёсцы, а калі маеш машыну, заедзеш, куды хочаш. У Івацэвічы па пакупкі выбіраемся рэдка – найчасцей у Слонім: ён бліжэй. Люблю бываць у ягадах і грыбах. У нашым лесе расце ўсё: чарніцы, суніцы, маліны.

У двары Фіранчукоў – надзіманы басейн, пляцоўка з арэлямі, якая, бывае, ператвараецца ў дзіцячы садок. Адкуль жа бяруцца дзеці? Прыязджаюць на дачы да бабуль і дзядуль.

Анатоль Фіранчук так тлумачыць свой выбар месца жыхарства: «Я і ў горадзе жыў – не маё». Ён займаецца не толькі падсобнай гаспадаркай, але і працуе на «Бейсик Тимбэ Компани». Кажа, малаком гаспадарам займацца выгадна, але каля жывёлы няпроста: шмат працуюць на зямлі, якую арандуюць, маюць для гэтага тэхніку. Работы ў Міроніме няма – каб зарабіць, трэба займацца толькі сельскай гаспадаркай.

Рэха вайны

Ёсць у гісторыі Міроніма і сумныя старонкі. Адна з іх – Вялікая Айчынная вайна: 17 жыхароў вёскі сталі ахвярамі фашысцкага тэрору, 8 загінулі на фронце. На мясцовых могілках – адразу некалькі індывідуальных і брацкіх магіл, дзе знайшлі вечны спакой расстраляныя міронімцы. Найдзёнікі, Грабуны, Сяледчыкі, Чабатары… За кожным з гэтых прозвішчаў – гісторыя змагання і пакутніцкай смерці. І некаторыя з гэтых гісторый ведаюць Марыя Гусейнава і Ніна Валодзіна, ураджэнкі Міроніма, – ад сваіх бацькоў. Сустрэўся нам на могілках помнік прыгожай маладой жанчыны Марыі Чабатар. Яна пражыла ўсяго 20 гадоў. Была жонкай партызана. Карацелі расстралялі яе з маленькім дзіцяткам.

Побач з той магілай – яшчэ адна, дзе ляжаць Мікалай і Алена Сяледчыкі, самаробны помнік на ёй устанавіў бацька субяседніц. Мікалай Сяледчык служыў у Расіі і там палюбіў жанчыну, якая ўжо была замужам. Дзеля свайго каханага яна пакінула мужа і дзяцей і паехала за ім у Міронім у 30-я гг. – насустрач смерці: іх абодвух расстралялі. Яна загінула адразу, а Мікалая мясцовыя жыхары выцягнулі з ямы жывога і схавалі. Калі ў чарговы раз прыехалі карацелі за яйкамі-млекам, адна з жонак паліцаяў сказала: «Што вы да нас прыйшлі, вунь у вас недабітак ляжыць, з ім разбярыцеся». Немцы знайшлі параненага мужчыну, выцягнулі на пакрывалах, забілі і забаранілі хаваць цела на працягу месяца…

Ніна Мацвееўна помніць, як падчас памятных дат у вёсцы можна было пачуць не проста плач – крык адной жанчыны. Што за ўспаміны там мучылі яе? Яе таксама расстрэльвалі. На краі ямы стаяла яна разам з дачкамі сярод іншых аднасяльчан. Жанчына хацела выратаваць дзяцей, за секунду да стрэлаў абняла дачок і ўпала з імі жывымі ў яму. Дзяўчаты спужаліся і сталі плакаць, немцы застрэлілі іх, а маці паранілі. Ноччу яна самастойна выбралася з засыпанай магілы.

Расказалі жанчыны і гісторыю выратавання 20 міронімскіх сем’яў – дзякуючы нібыта паліцаю, які на самай справе быў партызанскім разведчыкам (імя – Фёдар Кучура (Уласаў). Упаў на калені, прасіў немцаў адпусціць людзей, і гэта спрацавала. Так выратавалася маці субяседніц Алена, якой таксама пагражаў расстрэл. Яна стала жонкай Мацвея з Гавінавічаў – вязня фашызму. Таго ў сваю чаргу выратавала нарвежская сям’я, але хлопец не захацеў застацца на чужыне пасля вайны, вярнуўся на радзіму, у Беларусь, і стаў бацькам пяці дачок. Марыя і Ніна – жонкі ваенных, і ў іх сем’ях над-
та цэняць мірнае неба над галавой.

Міронім, Міронім… Няхай гаючая крынічная вада залечыць і твае раны. Няхай не выцеча з цябе жыццё – наадварот, цішыня і спакой, якія дораць супакаенне, магнітам прыцягнуць да сябе новых жыхароў. На жаль, нават у такой яшчэ не зусім малой вёсцы адчуваеш сябе як у малой: амаль няма моладзі, работы, інфраструктуры, шмат акон, з якіх даўно не ліецца святло на вечаровую вуліцу. Але тут як з чалавекам, у якога закаханы: ты з задавальненнем прымеш яго з любымі недахопамі – такім, якім ён ёсць, а добрыя якасці здаюцца яшчэ больш вартымі павагі. У Міронім трэба проста закахацца, і ў гэтым выпадку тое дакладна магчыма з першага погляду.

З гісторыі краю

Як вы думаеце, чаму вёска носіць такую назву – Міронім? Ёсць сугучча з імем Мірон, але вядома, што спачатку селішча называлі Міромін. Дык вось, і вядомае знакамітым замкам мястэчка Мір, і наш Міронім – назвы-блізняты і абазначаюць «мір», «мірная суполка», «згуртаванне», «сельская грамада». У кнізе «Гарады і раёны Берасцейшчыны. Гісторыя і сучаснасць. Івацэвіцкі раён» сказана, што ўпершыню вёска Міромін згадваецца ў 1555 годзе. У гэты дзень у слонімскім земскім судзе разглядаліся ажно дзве справы, датычныя маёнтка Міромін. Івацэвіцкі пан Ян Віктарын прадаваў свой маёнтак, толькі з гэтым не пагадзілася яго жонка Ганна, дачка Мікалая Ільініча. У судзе яна заявіла: гэты маёнтак аддаў ёй у пасаг нябожчык бацька і яна не давала мужу дазвол на продаж. Суд стаў на яе бок. Пасля смерці Яна Віктарына маёнтак належаў Мікалаю Радзівілу, ваяводзе віленскаму, канцлеру ВКЛ.

У 1845 годзе быў складзены падрабязны інвентар вотчыннага маёнтка. Быў ён невялікі: 65 дзесяцін. ды 18 прыгонных сялян. Акрамя паншчыны, яны займаліся сплавам лесу. У 1879 г. нарадзілася тут 68 дзяцей. У 1886 г. у вёсцы пражываў 301 жыхар, працавала царкоўна-прыходская школа. Пры шляху Слонім – Чамялы тулілася дарожная станцыя, стаяла карчма. У 1905 г. паселішча разраслося, у ім налічваўся 661 жыхар.

З 1915 года – акупацыя Германіяй, людзі выехалі ў бежанства. З 1921 г. – у складзе Польшчы, з 1939-га – у БССР. У 1950 г. – 558 жыхароў, у складзе калгаса «19 партз’езд», працавала кузня. А год 2008-мы – ужо 191 жыхар. Тэндэнцыя зразумелая…

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться