З гонарам расказвае сваім сябрам Арцём, як тата выратаваў жыццё суседу-пенсіянеру, якога вынес
з задымленага дома.
Зусім нядаўна, вяртаючыся з чарговай паездкі на Целяханшчыну, мая калега прамовіла: – Здаецца, мы вельмі часта наведваем Целяханскую зону і шмат пішам пра яе жыхароў. А як інакш? Яны ж нейкія асаблівыя: калі гуляць – дык усёй Целяханшчынай, калі працаваць – дык усе разам, калі патрэбна дапамога – яны тут як тут…
І вось мы ў чарговы раз накіроўваемся ў Целяханы, каб сустрэцца з героем нашай наступнай публікацыі. Героем у прамым сэнсе гэтага слова. Сціплым, нешматслоўным маладым чалавекам, сапраўдным гаспадаром, бацькам дваіх дзяцей Мікалаем Адамовічам.
27 ліпеня пасля пяці гадзін вечара ў гарадскім пасёлку Целяханы па вуліцы 1 Мая ў доме 75-гадовага мужчыны пачаўся пажар. На той момант гаспадар быў дома, відаць, спаў і не адчуваў, што набліжаецца бяда. На шчасце, у патрэбную хвіліну побач аказаліся маладыя суседзі Наталля і Мікалай Адамовічы, якія накіроўваліся ў мясцовую краму за прадуктамі і своечасова адрэагавалі на здарэнне.
– Разам з жонкай сабраліся ў магазін, праязджаючы па вуліцы, на адным з суседскіх падворкаў заўважылі чорны дым, які клубамі вырываўся з акон, дзвярэй, з-пад даху. Нікога побач з падворкам не было. Жонка адразу пабегла да суседзяў, каб вызываць ратавальнікаў і хуткую дапамогу. Тым часам пазбягаліся мясцовыя жыхары, і жанчына з дома насупраць закрычала, што сусед знаходзіцца ў хаце.
Я, не задумваючыся пра небяспеку, кінуўся ў сенцы дома. Адчыніў адныя, а затым другія дзверы, забег у хату, але ад задымленасці нічога не бачыў. Упаў на калені, пачаў рукамі шнарыць па падлозе і пачуў ледзь чутны храп. Гаспадар ляжаў на падлозе без прытомнасці. Я схапіў яго пад рукі, выцягнуў на двор і пачаў рабіць непрамы масаж сэрца. Мужчына перастаў храпці і задыхаў. Тым часам падаспелі выратавальнікі і хуткая дапамога. Пацярпеўшага шпіталізавалі з прыкметамі цяжкага атручвання чадным газам, – расказвае аб здарэнні Мікалай Адамовіч.
Полымя хутка распаўсюджвалася. У лічаныя хвіліны выратавальнікі прыехалі на пажар і выявілі, што дом знутры ахоплены агнём. Агняборцы патушылі пажар, не дазволіўшы агню распаўсюдзіцца на дах і размешчаныя побач гаспадарчыя пабудовы. Дом значна пашкоджаны знутры. Што стала прычынай пажару, высвятляюць спецыялісты, адна з рабочых версій – неасцярожнае абыходжанне з агнём гаспадара дома. Мужчына выжыў, зараз ідзе на папраўку.
Дзякуй Богу, у патрэбны час аказалася побач гэта маладая сям’я, якая, не разгубіўшыся, дзейнічала так, як падказвала сэрца. Не шкадуючы сябе, маладыя людзі ратавалі жыццё бліжняму. А ці задумваюцца тыя, чыё жыццё прыходзіцца ратаваць, аб уласнай бяспецы і бяспецы іх выратавальнікаў, распіваючы спіртныя напоі і палячы цыгарэты ў ложку? Гэтае пытанне застаецца адкрытым.
Падрыхтавала Таццяна Дылюк.
Фота Валерыя Міскевіча.