Close
Главная новость Культура Новости Образование Я тут патрэбны

Музыкант, педагог, кіраўнік: пра тры іпастасі Вадзіма Галоўчыка, які ўмее і імкнецца ствараць

Музыкант, педагог, кіраўнік: пра тры іпастасі Вадзіма Галоўчыка, які ўмее і імкнецца ствараць
  • Опубликовано:8 октября, 2023

Аднойчы на канцэрце ў Івацэвіцкім ГДК я адчула тое, што і персанаж вядомага фільма «Свадьба в Малиновке» Папандопула, калі Назар Дума зайграў для яго на баяне. Душа мая спачатку разгарнулася, а потым загарнулася назад падчас выступлення нашага земляка, баяніста Вадзіма Галоўчыка. Тое было сапраўды таленавіта, наколькі я магу судзіць як слухач і глядач. Але Вадзім Леанідавіч не толькі віртуозна валодае інструментам і здольны навучыць гэтаму іншых. На працягу 14 гадоў ён паспяхова кіруе ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. п. Целяханы», якая выгадавала цэлую плеяду лаўрэатаў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Ёсць сярод іх і яго вучні.

У другі раз я назірала за героем публікацыі падчас сустрэчы работнікаў культуры раёна з міністрам культуры, дзе дырэктар целяханскай школы мастацтваў хадайнічаў аб зменах у заканадаўстве – прасіў, каб з Фонду таленавітай моладзі заахвочваліся дзеці, якія паспяховыя менавіта ў творчасці, але не маюць выдатных адзнак у агульнаадукацыйнай школе. Бо для прэміравання трэба быць таленавітым ва ўсім, а так бывае далёка не заўсёды. Ды і не ў кожнай сям’і дбаюць пра паспяховасць дзяцей, якія між тым могуць падаваць вялікія надзеі ў музыцы, у жывапісе. Талентам трэба дапамагаць! Была праўда ў словах Вадзіма Леанідавіча, і ў выніку да яго прыслухаліся. Новая фарба дадалася да партрэта адоранага музыканта: ён яшчэ і за дзяцей – гарой, ён за справядлівасць. А так важна быць прабіўным і не баяцца стукаць у дзверы, калі ты кіраўнік і вядзеш за сабой.

У трэці раз мы сустрэліся падчас інтэрв’ю для нашага праекта «Я тут патрэбны», для якога пішам пра паспяховых ураджэнцаў раёна, што засталіся на малой радзіме. Вадзім Галоўчык родам з Краглевічаў і больш за 25 гадоў жыве і працуе ў Целяханах. Паразмаўляўшы з ім, згадаўся выраз «сціплае абаянне інтэлігенцыі». Вадзім Леанідавіч менавіта такі: сціплы, абаяльны, інтэлігентны. Мы пачалі гаварыць пра тое, што дае мастацтва людзям. І ён заўважыў, што дачыненне да мастацтва літаральна напісана на тварах, чалавека творчага ён пазнае адразу – той па-іншаму мысліць, адчувае, мае адметную сістэму каштоўнасцей. Мне надта спадабаўся ход думак суразмоўцы. Таму і трэба аддаваць дзетак у музычныя школы, лічыць ён, бо там пашыраецца іх кругагляд, раскрываюцца таленты, выхоўваецца дысцыплінаванасць, і з часам у іх атрымліваецца займець той самы адбітак інтэлігентнасці на твары, які, магчыма, дапаможа зрабіць уражанне – часта вызначальнае, неабходнае для завязвання знаёмства ці нават працаўладкавання. Гэта не гаворачы пра іншыя станоўчыя моманты – ад развіцця маторыкі да галоўнага: музыка ці жывапіс могуць стаць справай усяго жыцця, а як разабрацца, што маеш здольнасці, калі не спрабаваць іх адшукаць?

Самога маленькага Вадзіма да вучобы ў музычнай школе, якой цяпер кіруе, падштурхнуў інтарэс да інструментаў і да тэхнікі выканання кампазіцый музыкантамі. «Як гэта ў іх так лоўка атрымліваецца?» – думаў ён, і інтарэс да гэтага ўмацоўваўся. Неяк хлапчуком разам з бацькамі паехаў на вяселле на Століншчыну, на радзіму мамы. І на тым вяселлі на акардэоне іграў адзін мужчына, вяскоўцы называлі яго Грыша Музычка. Забаўнай падалася сімвалічная мянушка, да таго ж ён сапраўды добра сыграў і праспяваў «Рыжага каня» Міхаіла Баярскага. Тады ўпершыню ўзнікла невытлумачальнае дзіцячае захапленне, і як вынік – рука пацягнулася да інструмента. Прычым, моцна пацягнулася чамусьці ў кастрычніку, калі ў музычнай школе ўжо поўным ходам ішлі заняткі. Тым не менш хлопчыка прынялі ў рады вучняў, і Вадзім пачаў асвойваць баян.

Вельмі цёплыя ўспаміны пра сябе пакінула яго першая настаўніца Ірына Сяргееўна Жухаўцова, якая цяпер працуе ў Баранавічах. Да дзяцей была ўважлівай і часта арганізоўвала для іх паездкі на канцэрты і мерапрыемствы. Было гэта справай клапотнай – ездзілі на рэйсавых аўтобусах, іншы раз трэба было шукаць начлег, і тым не менш настаўніца лічыла, што дзеці павінны падзівіцца на культурнае жыццё за межамі Целяханаў. Як педагог і дырэктар Вадзім Леанідавіч узяў гэта сабе на ўзбраенне і таксама разам з вучнямі шмат дзе пабываў і ў Беларусі, і за мяжой. Вельмі часта вярталіся з прызавымі месцамі, і гэта нівеліравала нязручнасці. Да таго ж новыя ўражанні – гэта тое незабыўнае, што пранясецца праз усё жыццё. Ірына Сяргееўна ў Целяханах прапрацавала нядоўга, але пакінула след. І, напэўна, пазней ёй было прыемна даведацца, што яе вучань Вадзім Галоўчык стаў студэнтам Баранавіцкага музычнага вучылішча (потым – каледжа).

Пасля яго сканчэння амаль адразу пайшоў у армію, а пасля вяртання стаў выкладаць па класе баяна ў роднай целяханскай школе мастацтваў і затрымаўся на гэтай пасадзе на 13 гадоў. Некаторы час у школе існаваў нават баянны аркестр! У 2004 годзе завочна скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, у 2009-м узначаліў школу мастацтваў, але па-ранейшаму выкладае. Каледж запомнілася тым, што даў асноўную выканаўчую базу, а ўніверсітэт – выдатным выкладчыцкім складам, заняткамі не столькі па спецыяльных дысцыплінах, а па прадметах накшталт літаратуры – напрыклад, сусветная выкладалася на беларускай мове, і студэнты з захапленнем слухалі таленавітага выкладчыка. Падчас вучобы ў ВНУ завязаліся знаёмствы і былі напрацаваны кантакты, якія пазней спатрэбіліся дырэктару.

– Педагагічная дзейнасць мне больш даспадобы, чым адміністрацыйная работа, і абавязковае сумяшчэнне даецца няпроста. Хацелася б усё рабіць належным чынам і ў ідэале паглыбіцца ці ў адно, ці ў другое для максімальна добрага рэзультату. Разам з тым, калі музыкант не пазаймаўся адзін дзень, гэта заўважыць ён сам, калі не займаўся два, гэта заўважаць яго сябры, а калі тры, то заўважаць усе астатнія. Без практыкі ўсё забываецца, а педагагічная дзейнасць дае магчымасць дырэктару не страціць прафесіянальныя навыкі, якія абавязкова неабходныя кіраўніку школы мастацтваў. Таму імкнуся ўсё паспяваць, – разважае суразмоўца. – Ну а педагогу пажадана мець пэўную харызму, і ёсць у нашай школе такія спецыялісты, да якіх на заняткі літаральна бягуць – і надта здатныя дзеці, і не надта. І яшчэ пытанне, каму гэтая вучоба найбольш неабходная. Бо ёсць прыклады, калі прыходзяць дзеці, якія, здаецца, з музыкай ці жывапісам поруч далёка не пойдуць, аднак дзякуючы сваёй упартасці, мэтанакіраванасці яны прарабляюць такі шлях, што дзіву даешся. У мастацтве вырашае не толькі прыродны талент. І добра, што на працягу апошніх гадоў шасці набор да нас нават расце, на сёння ў школе 159 вучняў. Мы стварылі тут свой сусвет. Я не надта добра думаю аб людзях, якія настойліва адгаворваюць дзяцей ад развіцця, даюць шкодныя парады накшталт «навошта табе гэта трэба, табе гэта нідзе не спатрэбіцца» толькі на той падставе, што самі не пайшлі па такім шляху.

У Вадзіма Леанідавіча хобі стала работай, таму дадатковых захапленняў ён для сябе не прыдумаў. Але як гаспадар дома любіць нешта майстраваць, рабіць сваімі рукамі. І па целяханскай школе мастацтваў адразу бачна, што і тут ёсць гаспадар, які ўмее і імкнецца ствараць. Будынку 90 гадоў, а выглядае ён нібы цукерачка ў яркай абгортцы; і сама адрамантаваная школа, якая патрабуе пастаяннага догляду, і тэрыторыя вакол яе сталі прасторай для творчасці, установу паказваюць гасцям пасёлка, дэлегацыям.

– Кадры вырашаюць усё, і ў нашым калектыве ёсць ініцыятыўны касцяк, так што мне пашанцавала. Людзі творчыя, ідэі нараджаюцца пастаянна. Бывае, ёсць ідэя – і ўсе такія: «Ну, не, такое мы рабіць не будзем», і пры гэтым адразу ж пачынаецца абмеркаванне, як гэта ўсё ж зрабіць. Хачу сказаць калегам дзякуй за іх намаганні. Дзякую і раённым уладам за падтрымку і дапамогу, шмат чаго ўдалося рэалізаваць перад абласнымі «Дажынкамі». І ў нас ёсць навіна – школе мастацтваў перадалі былы адміністрацыйны будынак завода сталярных вырабаў, і там ужо пачаліся рамонтныя работы. Хочам расшырацца, у школе можа дадасца харэаграфічнае аддзяленне, выставачная зала, і шэраг памяшканняў будуць прыстасаваны для заняткаў спортам.

На развітанне спытала пра трапны выраз, які можна лічыць дэвізам, жыццёвым крэда Вадзіма Галоўчыка. І пачула тое, што можна ўзяць за правіла кожнаму з нас, і таму раблю гэтую выснову фінальным акордам артыкула пра яшчэ аднаго чалавека, якім можа ганарыцца раён:

– Стаўся да іншых так, як хочаш, каб ставіліся да цябе. Добра, каб гэта праяўляся ва ўсіх сферах жыцця – і прафесіянальных, і бытавых. Не заўсёды тое выконваецца з абодвух бакоў, і тым не менш да гэтага варта імкнуцца.

Штрыхі да партрэта

У маім ідэальным дні заўсёды знойдзецца месца для зносін з калегамі.

Мой любімы кампазітар не з ліку тытанаў класічнай музыкі накшталт Баха ці Моцарта, хоць усе мы вучыліся на гэтай музыцы, і яе вельмі цаню. Вылучу баянных кампазітараў, а гэта адзін з яе мэтраў Вячаслаў Сямёнаў, падабаецца музыка Аляксандра Дорынскага і нашага зямляка з Баранавічаў Уладзіміра Грушэўскага.

Каб знайсці агульную мову з дзецьмі, трэба быць з імі на адной хвалі, быць ім сябрам і пры гэтым вытрымліваць дастатковую дыстанцыю, каб прыязнае стаўленне не нашкодзіла адукацыйнаму працэсу.

Самае складанае для кіраўніка – ладзіць з калектывам, бо ў кожнага работніка свой характар; важна ўмець разгледзець у спецыялісце яго прафесіянальныя магчымасці, даць яму поле для дзейнасці і стварыць там умовы, каб працавалася з ахвотаю.

Больш за ўсё я ўдзячны сваім бацькам, настаўнікам, калегам – усім, хто мяне чамусьці навучыў. Вучуся я пастаянна, таму людзей у гэтым спісе яшчэ дадасца.

Больш за ўсё я ганаруся прафесійнымі дасягненнямі – сваімі і дасягненнямі вучняў і выкладчыкаў, якія сваёй дзейнасцю праслаўляюць нашу школу.

Целяханы дарагія для мяне, таму што я тут жыву і маю магчымасць мець стасункі з цікавымі і знакамітымі праз свае таленты людзьмі, ураджэнцамі гэтых мясцін.

Калі б я мог адправіцца, куды захочацца, я б паехаў у падарожжа – не важна, куды, адно каб адкрываць для сябе новае.

Шчасце – гэта адчуванне задавальнення ад таго, што ў цябе ўсё добра са здароўем і ў сям’і. І яшчэ на рабоце. Але ў параўнанні з асабістым жыццём работа ўсё ж штосьці другаснае.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Таццяны ДЫЛЮК і Паліны САУЦІНАЙ.