Чарговая гульня Кубка рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь прайшла ў мінулую суботу. 22 кастрычніка наша ФК «Івацэвічы» гуляла ўжо другі матч з ФК «Колас» у Чэрвені (Мінская вобл.). Нагадаем, першая сустрэча была для нас пераможнай з мінімальным лікам.
Да гасцявой гульні нашы футбалісты рыхтаваліся сур’ёзна, бо сустракаліся з пераможцам мінулагодняга Кубка рэгіёнаў ды яшчэ і на чужым полі. Матч прайшоў з нулявым лікам, але былі небяспечныя моманты, добрыя атакі ад абедзвюх каманд, жоўтыя карткі, а варатару нашай каманды Дзмітрыю Філюце не аднойчы даводзілася ратаваць вароты ад мяча. Другі тайм быў напружаным і складаным, сапернікі не хацелі саступаць, але права выступіць у фінале Кубка ўсё ж за намі!
Лепшы ігрок гэтай гульні, абаронца Уладзіслаў Шаўчук, адзначыў: «Матч быў складаным, цяжка было і на слізкім мяккаватым полі. Канечне, нам хацелася адкрыць лік у той дзень, але нават нічыя дазволіла выйсці ў фінал, а гэта галоўнае!»
У бліжэйшую суботу ФК «Івацэвічы» сустрэнецца з ФК «Партызан» з Салігорску на мінскім стадыёне «Дынама-Юні» ў 14.00. Сапернік зноў такі вельмі і вельмі сур’ёзны, гэта бронзавыя прызёры Другой лігі РБ па футболе 2021 года. Лёгкай гульні нашы рабяты не чакаюць, але зробяць усё магчымае. А мы верым у іх і жадаем чарговай перамогі!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.