Наша чытачка, жыхарка Стаек, па дарозе ад аграрнага каледжа (вул. Механізатараў) і да канца вуліцы Цэнтральнай вёскі налічыла восем «ляжачых паліцэйскіх». Наша суразмоўца хоць і на пенсіі, а застаецца актыўным аўтааматарам, яна вадзіцель са стажам каля 25 гадоў. Жанчына ездзіць па правілах і за рулём амаль штодзень.

– Я часта езджу ў горад па пакупкі, у райцэнтры жывуць дзеці, – расказвае чытачка. – Усё б нічога, дарога ў нас нядрэнная, а вось «ляжачыя паліцэйскія» моцна дакучаюць вадзіцелям, праедзеш 50 метраў – і зноў тармазі. Ведаю, што ў многіх знаёмых пакутуе падвеска. Так, гэта зроблена для бяспекі на дарогах, але ці можна ўстанаўліваць іх на такой малой адлегласці? Па якіх правілах іх укладваюць?

Перш чым адрасаваць пытанне супрацоўнікам АДАІ, журналісты самі праехаліся па вышэйзгаданых вуліцах. Сапраўды, «ляжачых паліцэйскіх» нават дзевяць, калі палічыць яшчэ адзін каля аўтобуснага прыпынку па вул. Механізатараў, на гэтых двух кіламетрах дарогі ты раз-пораз «ныраеш» на аўто, але сітуацыя не крытычная. Мы ехалі па правілах, з хуткасцю ў 40 км/г, гэта абазначана адпаведнымі знакамі, таму і тармазіць рэзка не даводзілася.

Адзін момант – практычна на ўсіх штучных няроўнасцях у Стайках амаль нябачная разметка, і заўважыць іх вельмі цяжка. Аднак адказная дарожная служба паведаміла, што хутка тут будзе нанесена новая разметка. Напрыканцы вул. Цэнтральнай прыпыняемся каля мясцовых жыхароў, адзін з іх – Міхаіл Грыгор’евіч Дылюк. 84-гадовы мужчына нарадзіўся і вырас у Стайках, памятае, як укладвалі па вуліцы асфальт і як добра стала з новай дарогай:

– Па ёй добра і ісці, і ехаць. Адно «але» – дарога вельмі ажыўленая, едуць людзі, едзе сельгастэхніка, не кажучы ўжо пра святочныя даты, калі ўсе імчацца на могілкі… Асабіста мяне як пешахода «ляжачыя паліцэйскія» не турбуюць, гэта ж пытанне бяспекі, трэба дык трэба.

На ўездзе ў вёску сустрэлі маладую жанчыну Алену Міраеву, два гады таму яна пераехала ў Івацэвічы, аднак амаль штодзень ездзіць сюды да брата. Тут саджае агароды.

– Сама я не маю вадзіцельскага пасведчання, аднак мой малады чалавек таксама скардзіцца на пэўныя нязручнасці пры яздзе, – расказвае жанчына. – Машына моцна пакутуе, ды і не бачна гэтых «паліцэйскіх»…

Меркаванні раздзяліліся, а пытанне нашай чытачкі наконт правілаў устаноўкі штучных няроўнасцей задалі старшаму інспектару АДАІ Івацэвіцкага РАУС Дзмітрыю Юдзіку:

– Адзначу, што майго асабістага жадання ці жадання маіх калег для ўстаноўкі чарговай штучнай няроўнасці, канечне, не дастаткова. Рашэнне аб іх устаноўцы прымаецца на камісіі па бяспецы дарожнага руху. Пры падрыхтоўцы чарговага хадайніцтва на ўстаноўку ці дэмантаж штучнай няроўнасці мы карыстаемся Дзяржстандартам СТБ 1538-2013 «Тэхнічныя сродкі арганізацыі дарожнага руху. Штучныя няроўнасці. Агульныя тэхнічныя ўмовы». Галоўная задача прымянення такіх няроўнасцей – вымусіць вадзіцеля знізіць хуткасць на небяспечных участках дарогі. Дарожныя знакі абмежавання хуткасці вадзіцелі могуць праігнараваць, а тут ты вымушаны будзеш ехаць па правілах. Канкрэтна гэтыя восем штучных няроўнасцей устаноўлены каля ўстаноў адукацыі, аўтобусных прыпынкаў, магазінаў, храмаў і на небяспечных участках дарогі. З 2021 года ў Стайках зафіксавана два ДТЗ са смяротнымі зыходамі. А штучная няроўнасць каля касцёла, напрыклад, з’явілася каля 10 гадоў таму пасля смяротнага наезду на веласіпедыста. Больш таго, многія з іх былі пакладзеныя па ініцыятыве кіраўніцтва сельвыканкама з улікам зваротаў вяскоўцаў. Кожны вадзіцель бывае пешаходам, да кожнага ў вёску прыязджаюць унукі, лепш знізіць хуткасць пару разоў, чым стаць, магчыма, віноўнікам ДТЗ.

Супрацоўнік АДАІ расказаў і аб спецыфіцы вялікай і працяглай вуліцы Цэнтральнай. Дарога тут вузкая, дамы прымыкаюць да праезнай часткі, даволі часта вяскоўцы не заганяюць аўто ў двары, пакідаюць каля плоту, пешаходы і веласіпедысты вымушаны аб’язджаць іх. Тут і здараецца небяспечны момант. Яшчэ вельмі ажыўленую дарогу перабягае дзетвара, што гасцюе ў бабуль ды дзядуль. Усё гэта такія рызыкоўныя моманты… Многія стайкоўцы самі ўспаміналі тыя смяротныя ДТЗ, можа, лепей сцярпець мінімальныя нязручнасці, каб не патрапіць у зводкі АДАІ…

Дарэчы, яшчэ адна штучная няроўнасць з’явіцца хутка на аўтадарозе Івацэвічы – Гошчава – Косава, непадалёк ад аўтазапраўкі. Прычым гэта ініцыятыва жыхароў новага мікрараёна, каб больш бяспечнай для іх дзяцей была дарога ў школу.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться