На прафесію трактарыста – два чалавекі на месца
Івацэвіцкі аграрны каледж – лепшая ў вобласці ўстанова прафтэхадукацыі сярод устаноў сельскагаспадарчага профілю і трэцяя па рэйтынгу сярод усіх устаноў адукацыі вобласці
З першага верасня 2022 года Івацэвіцкі дзяржаўны прафліцэй сельгасвытворчасці атрымаў статус каледжа. Па выніках абласнога конкурсу «Лепшая ўстанова прафесіянальна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі 2021/2022 навучальнага года» пераможцам сярод устаноў прафтэхадукацыі сельскагаспадарчага профілю стаў Івацэвіцкі дзяржаўны аграрны каледж. Ён узнагароджаны адпаведным Дыпломам Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Быць пераможцам абласнога конкурсу – гэта ганарова і абавязвае трымаць марку першынства. І трымаюць яе педагогі і кіраўніцтва каледжа, трэба адзначыць, не адзін год запар.
Акрамя таго, па рэйтынгу сярод усіх устаноў адукацыі вобласці каледж займае трэцяе ганаровае месца, і па выніках работы сістэмы адукацыі за 2022 год установа адукацыі «Івацэвіцкі дзяржаўны аграрны каледж» заняла трэцяе месца за высокія паказчыкі ў развіцці адукацыі і
ўзнагароджаны адпаведным Дыпломам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.
Вучыцца ў каледжы 540 навучэнцаў. З іх 168 – у філіялах. Прафесіі ў каледжы можна атрымаць самага шырокага профілю. Гэта трактарыст, вадзіцель, зваршчык, электраманцёр, агароднік, швачка, повар, прадавец, садавод, тынкоўшчык, абліцоўшчык-плітачнік, аператар машыннага даення. У філіялах можна атрымаць прафесіі, звязаныя з дрэваапрацоўкай. Сёлета з’явілася ў каледжы яшчэ адна прафесія, якую тут можна атрымаць, – гэта прафесія афіцыянта. Што тычыцца набору, то сёлета яго выканалі поўнасцю, а вось сярод дзевяцікласнікаў на трактарыстаў быў набор па конкурсе – два чалавекі на месца.
І ў гэтым, і ў іншых дасягненнях гэтай навучальнай установы найперш заслуга дырэктара Міхаіла Яўгеньевіча Дымовіча, яго намеснікаў і педагагічнага калектыву. А дасягненняў шмат. Да прыкладу, сярод арганізацый невытворчай сферы раёна летась аграрны каледж стаў пераможцам штогадовага раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы.
Каледж удзельнічае і ў міжнародных конкурсах, такіх, як адкрыты дыстанцыйны конкурс рэкламных постараў «Стоп-кадр» у рамках міжнароднага супрацоўніцтва з установай адукацыі Рэспублікі Хакасіі «Саянагорскі політэхнічны тэхнікум». Па выніках конкурсу навучэнец каледжа Максім Малінчык узнагароджаны Дыпломам першай ступені (кіраўнік работы – выкладчык геаграфіі Вольга Мікалаеўна Маметвеліева).
Шмат дасягненняў мае аграрны каледж у конкурсах педагагічнага майстэрства, прафесійнага майстэрства. Дыпломам трэцяй ступені Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама ўзнагароджаны майстар вытворчага навучання Міхаіл Францавіч Казельскі, Дыпломам другой ступені – навучэнец Раман Янчук, якія сталі пераможцамі ў абласным адкрытым конкурсе прафмайстэрства навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання па прафесіі «Вадзіцель аўтамабіля». А камандзе каледжа ў тым жа конкурсе прафмайстэрства быў уручаны Дыплом трэцяй ступені Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.
Каманда з 9 чалавек, якія займаюцца па праграме спецыяльнай адукацыі, прымала ўдзел у абласным фестывалі-конкурсе прафесійнага майстэрства «Лепшы па прафесіі» сярод навучэнцаў, студэнтаў і маладых рабочых Брэсцкай вобласці. У ім спаборнічалі 160 юнакоў і дзяўчат ва ўзросце 16-23 гадоў. Канкурсанты дэманстравалі свае прафесійныя веды, уменні і здольнасці па 46 кампетэнцыях. Усе рабяты з івацэвіцкай каманды нараўне з астатнімі канкурсантамі дэманстравалі свае навыкі па прафесіі «Агароднік», «Швачка», «Аператар машыннага даення», «Абліцоўшчык-плітачнік», «Тынкоўшчык», «Слесар па рамонце сельгасмашын і абсталявання». Яны атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў і былі ўзнагароджаны медалямі і падарункамі за прызавыя месцы. З таго конкурсу прывезлі ў скарбонку ўзнагарод каледжа пяць залатых медалёў, сярэбраных – чатыры.
Па выніках абласной алімпіяды сярод вучняў устаноў агульнай і прафесійнай адукацыі па прававых ведах Раман Янчук быў узнагароджаны Дыпломам другой ступені Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Падрыхтавала навучэнца выкладчык Вольга Мікалаеўна Маметвеліева. Дарэчы, пад кіраўніцтвам гэтага выкладчыка каманда Івацэвіцкага аграрнага каледжа заняла другое месца ў намінацыі «Краязнаўчы каляндар» у абласной краязнаўчай алімпіядзе, прысвечанай Году гістарычнай памяці, а член каманды Аляксей Бусько ўзнагароджаны сертыфікатам.
У спартыўных спаборніцтвах па розных відах як на абласным, так і на раённых узроўнях каманда Івацэвіцкага аграрнага каледжа вызначаецца штогод. У раённай спартакіядзе школьнікаў два навучэнцы Канстанцін Купрыян і Уладзіслаў Турбал сталі прызёрамі спаборніцтваў. У раённым першынстве па валейболе каманда каледжа заняла другое месца. У абласных занальных спаборніцтвах па лёгкаатлетычным мнагабор’і ў каманды каледжа другое месца, а ў абласных занальных спаборніцтвах па летнім мнагабор’і «Здароўе» – першае месца. У фінальных спаборніцтвах па зімнім мнагабор’і Дзмітрый Сцепанчук заняў першае месца ў асабістым заліку, а каманды каледжа – другое.
Педагог-псіхолаг і сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» Ала Віктараўна Хаміцэвіч у ліку лепшых маладзёжных лідараў узнагароджана на абласным узроўні граматай за асабісты ўклад у рэалізацыю праектаў і праграм БРСМ.
Вызначаецца аграрны каледж штогод і падчас правядзення абласных «Дажынак». У намінацыі «Лепшая кампазіцыя са збожжавых культур новага ўраджаю» адзначана за кампазіцыю «Каравай-2021» Дыпломам першай ступені, за кампазіцыю «Жніво-2021» – Дыпломам другой ступені Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Сёлета на абласных «Дажынках» аграрны каледж атрымаў у падарунак новы трактар. У арсенале аграрнага каледжа ёсць яшчэ адзін значны падарунак – новы МАЗ.
У мастацкай творчасці ёсць перамогі на абласным узроўні ў конкурсе «Маленькі куточак вялікай краіны» (два Дыпломы першай ступені і адзін – другой), сярод мастацкіх калектываў і выканаўцаў «Таленты Брэстчыны-2022» узнагароджана творчае аб’яднанне «Макаў цвет», кіраўніком якога з’яўляецца Людміла Іванаўна Краўчэня. Дарэчы, яна асабіста як выкладчык у гэтым аглядзе атрымала яшчэ і Дыплом першай ступені ў намінацыі «Саліст-вакаліст народнага кірунку».
Дарэчы, у аграрным каледжы яшчэ ёсць рацыяналізатары, а майстар вытворчага навучання Андрэй Сяргеевіч Краўчэня стаў пераможцам абласнога агляду-конкурсу «Лепшы рацыяналізатар устаноў прафадукацыі Брэсцкай вобласці» за 2021 год.
Увага надаецца не толькі адукацыйнаму працэсу, а і выхаванню навучэнцаў. Арганізоўваюцца велапрабегі «Захаваем гістарычную памяць», тыдзень моладзі і студэнцтва, дзень парада прафесій, тыдні прафесійнага майстэрства, удзельнічаюць навучэнцы ў гісторыка-патрыятычных фестывалях, злётах, ездзяць на экскурсіі ў мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Хаваншчына», наведваюць Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей, наводзяць парадак каля помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў в. Сярадава, а па выніках рэйтынгу сярод вучэбных груп за першае паўгоддзе мінулага навучальнага года група 470 была ўзнагароджана турыстычнай паездкай у мемарыяльны комплекс «Хатынь». Узнагароджваюцца навучэнцы за актыўны ўдзел у мерапрыемствах і акцыях каледжа і турыстычнымі паездкамі ў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Тыдні здаровага ладу жыцця, удзел у дабрачынных акцыях, у ліку якіх «Тыдзень лесу», а таксама рэспубліканская дабрачынная акцыя «Сад надзеі», падчас правядзення якой навучэнцы Івацэвіцкага аграрнага каледжа прынялі ўдзел у закладцы маладога сада на тэрыторыі вучэбнай гаспадаркі в. Сярадава. Ладзяцца творчыя песенныя і іншыя конкурсы мастацкай самадзейнасці, месячнікі па прафілактыцы.
На базе ліцэя летам упершыню быў створаны лагер працы і адпачынку «Сузор’е-2022», і для 40 рабят праца ў ім стала першым запісам у працоўнай кніжцы. Ёсць тут і студэнцкі сэрвісны атрад «Імпульс» імя героя Савецкага Саюза Г. К. Жукава, які дзейнічае на базе Івацэвіцкай ЖКГ, а таксама будатрад імя героя Савецкага Саюза Н. Ф. Гастэлы на базе Даманаўскага лясгаса.
Шмат мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў аграрным каледжы, – сталі добрай традыцыяй, якая з гадамі набывае новыя адценні і грані. Дні адкрытых дзвярэй – таксама традыцыя. Яны праводзяцца як для школьнікаў нашага раёна, так і суседніх раёнаў, бо прафесіі, якім тут вучаць, запатрабаваны на прасторах раёна, вобласці, краіны.
Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.