x
Close

У нашым раёне першай гаспадаркай, з якой быў дадзены старт жніву-2022, стала ААТ «Мічурынск». Тут ужо прыступілі да ўборкі азімага ячменю, які паспявае на два тыдні раней за іншыя культуры, таму менавіта з яго і пачалася ўборка збожжавых.

Наогул, азімы ячмень вырошчваюць у раёне толькі дзве гаспадаркі: ААТ «Мічурынск» і э/б «Майск», прычым «мічурынскія» хлебаробы толькі з восені ўзяліся паспрабаваць вырошчваць гэтую культуру, і ячменны клін складае тут 50 гектараў супраць 200 э/б «Майск».

Азімы ячмень – высокаўраджайная культура, аднак не ўсё так проста ў працэсе яе вырошчвання.

Да таго ж, глебава-кліматычныя ўмовы гэтага краю з’яўляюцца зонай рызыкоўнага вырошчвання азімага ячменю. Кіраўніцтва гаспадаркі, перш чым узяцца за гэтую справу, цікавілася вопытам вырошчвання гэтай культуры ў вопытных калег, але надвор’е ўносіць свае карэктывы, а дзесьці і адсутнасць вопыту паўплывала на тое, што рэзультат атрымліваецца не такі, як чакалася, – 32 цэнтнеры з гектара. Здаецца, своечасова пасеялі, апрацавалі, падсілкавалі пасевы, каб вырасціць добры ўраджай, але на вынікі ўплываюць многія фактары, у тым ліку і надвор’е, казалі спецыялісты гаспадаркі. Аграном Вольга Ткач дадала, што зіму ячмень перазімаваў добра, але ўвесну пасевы пачалі хварэць, было бачна, што гэтай культуры цяжка вярнуцца да здаровага росту, а нам не хапіла вопыту своечасова і правільна яе «падлячыць». У нізінах ячмень стаіць прыгожы, але зялёны, а на ўзгорку падпякла засуха, таму і ўбіраем выбарачна.

– Вырашылі заадно паглядзець у рабоце новыя два камбайны Гомсельмаша, якія сёлета набылі ў лізінг, – заўважае дырэктар ААТ «Мічурынск» Дзмітрый Бурчук. – Летась у нас на жніве была напружаная сітуацыя, тром камбайнам па 13-14 гадоў, адзін стане на рамонт, чатыры працуюць, толькі яго адрамантуюць, як другі ўжо зламаўся… Цяпер, спадзяюся, будзе лягчэй і больш надзейна.

Акрамя азімага ячменю, ААТ «Мічурынск» вырошчвае азімае жыта, азімую пшаніцу, азімае трыцікале і рад яравых культур. У цэлым збожжаўборачны клін гаспадаркі складае 1350 гектараў. У полі каля вёскі Гошча, куды мы накіраваліся з кіраўніком гаспадаркі, працавалі два экіпажы камбайнераў. Калі скласці ўвесь час па некалькі гадзін, як камбайны пачалі малаціць, то выйдзе дзесьці адзін поўны дзень, а сёння – другі. Заадно адбываецца абкатка новай тэхнікі, бо дзесьці нешта трэба падціснуць, дзесьці расслабіць, каб у разгар жніва не было ніякіх нечаканых сюрпрызаў, тлумачыў кіраўнік, па ходу звяртаючы ўвагу на палі з азімым трыцікале, якое яшчэ стаіць зялёнай сцяной. Астатнія жніўныя палі яшчэ таксама зялёныя, а пяць экіпажаў ужо ў поўнай гатоўнасці.

– Віды на ўраджай неблагія, але заўсёды перажываеш, каб нічога стыхійнага не здарылася, – кажа Дзмітрый Мікалаевіч. – Зерне азімага ячменю пойдзе на фураж, і такім чынам папоўніцца скарбонка запасаў кармоў для гаспадаркі. Наша задача – нарыхтаваць кармы для жывёлагадоўлі: фураж, травяністыя кармы, плюшчанае зерне, шрот з рапсу – усё для адкорму БРЖ, каб потым за мяса і малако атрымаць грошы. І выканаць само сабой дзяржзаказ, бо харчовая бяспека – галоўнае. Сёлета нарыхтавалі 13 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву, але наперадзе яшчэ другі ўкос траў і кукурузы 950 гектараў.

Два новыя камбайны, якія плылі па полі, даверылі дастойным і надзейным работнікам. Фёдар Паўлоўскі летась заняў першае месца сярод маладых камбайнераў. Ён прыехаў у гаспадарку на працу маладым спецыялістам, адпрацаваў механікам, але яму больш па душы кіраваць тэхнікай. Яго памочнік Ілья Кавальчук працаваў да арміі механізатарам і пасля арміі вярнуўся ў гаспадарку. Цяпер гэтыя хлопцы працуюць зладжаным экіпажам.

На адвозцы збожжа пакуль задзейнічана дзве адзінкі тэхнікі. У іх ліку МАЗ, за рулём якога 40 гадоў адпрацаваў Мікалай Палуяновіч. Ён не толькі вопытны вадзіцель, а і добры сем’янін. На такіх цудоўных і працалюбівых работніках трымаецца гаспадарка.

Пасля ўборкі азімага ячменю ў планах на гэтым полі ў 30 гектараў пасеяць азімы рапс. Побач з камбайнамі працаваў прэс-падборшчык, які, лічы, следам збіраў салому і закручваў яе ў рулоны. Яна пойдзе на подсціл жывёле.

Пабывалі ў той дзень мы і на КЗС. Тут вядуцца рамонтныя работы, каб сушылку перавесці на газ. Да масавай уборкі збожжа спадзяюцца паспець усё падрыхтаваць.

Развітваючыся, мы пажадалі плёну ў працы, спрыяльнага надвор’я і добрых вынікаў. Каб работа спорылася і засекі былі поўныя, а ў нас каб была нагода напісаць пра перадавікоў.

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.