Размова з падпалкоўнікам Уладзімірам Сухенкам адбылася адразу пасля таго, як новага начальніка Івацэвіцкага РАУС калектыву прадставіў першы намеснік начальніка УУС Брэсцкага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Ігар Жыгалаў. У снежні Уладзімір Мікалаевіч заступіў на службу ў якасці часова выконваючага абавязкі па пасадзе, цяпер жа згодна з прыказам міністра ўнутраных спраў ад 24 лютага ён узначаліў наш райаддзел.
У новага кіраўніка быў час пазнаёміцца з калектывам, кіраўнікамі іншых арганізацый і ведамстваў, «улавіць» асаблівасці работы з мясцовым насельніцтвам, бо людзі ў кожнай мясцовасці розныя.
– Уладзімір Мікалаевіч, віншую Вас з назначэннем. Так, сярэднестатыстычнаму жыхару, не абыякаваму да жыцця раёна, важна ведаць, хто цяпер у нас адказвае за бяспеку. Скажыце, адкуль Вы і як некалі выбіралі прафесію: працягнулі дынастыю, прыслухаліся да парады бацькоў ці гэта было спантаннае рашэнне?
– Дзякую. Я нарадзіўся ў Брэсце, і ўвесь мой працоўны шлях праходзіў у абласным цэнтры, там жыве мая сям’я. У Івацэвіцкім райаддзеле я быў неаднойчы, і з большай часткай калектыву знаёмы, гэта спрасціла мне задачу. А прафесію я абраў самастойна, і тут якраз спрацавала агітацыя супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Аднойчы ў нашу школу прыйшлі міліцыянеры, якія так цікава расказалі пра службу ў органах. Я зацікавіўся і паступіў пасля ў Магілёўскую школу міліцыі. А яшчэ з самага дзяцінства я верыў у тое, што справядлівасць заўсёды перамагае. Як казаў Глеб Жыглоў у кінастужцы «Месца сустрэчы змяніць нельга»: «Злодзей павінен сядзець у турме» – і я рады, што ўсё жыццё стаю на варце закона і справядлівасці ў нашай краіне.
– Напрошваецца пытанне наконт скарачэння недакамплекту ў нашым райаддзеле, як вырашаеце гэтую задачу?
– У нас ёсць вакантныя пасады, я сам шчыра ўпэўнены ў тым, што несці спраўна службу калектыву будзе прасцей, калі мы будзем укамплектаваныя. Шчыра кажучы, моладзь актыўна цікавіцца вакансіямі, тым больш, што мы прапануем пасля атрымліваць завочную адукацыю з захаваннем заработнай платы. Сёння мы прымаем 18-гадовых юнакоў з сярэдняй адукацыяй, і такія кандыдаты ёсць. Дарэчы, у сакавіку ў наш вучэбны цэнтр ужо паедуць два нашыя навабранцы. Я ўвогуле лічу, што кожны мужчына павінен умець трымаць у руках зброю: ён можа навучыцца гэтаму падчас тэрміновай ваеннай службы або падчас службы ў нас. Мы будзем радыя бачыць у калектыве і жанчын, тым больш што на некаторых пасадах яны могуць даць фору нават моцнай палове.
– Кожны раён асаблівы: са сваім месцараспалажэннем, эканамічнымі паказчыкамі, насельніцтвам, адсюль, мяркую, «выплывае» і характар злачынстваў. Як чалавек са свежым позіркам, на якія праблемы Вы звярнулі ўвагу з ходу?
– Канечне, найперш я ацаніў аператыўную абстаноўку, якая склалася ў раёне ў 2022 годзе. Сітуацыя няпростая. У мінулым годзе назіраўся рост злачыннасці, паступіла больш заяў аб злачынствах – 733 (679 у 2021-м). Большасць злачынстваў здзейсненыя ў сельскай мясцовасці. У пачатку мінулага года назіраўся сапраўдны бум крадзяжоў чорных металаў. Ёсць такія «паляўнічыя» за металам, які дрэнна ляжыць, напрыклад, у пустуючых дамах ці дамах, якія выкарыстоўваюцца пад дачы. Сітуацыя выраўнялася, калі на пунктах прыёму ўстанавілі сістэмы відэаназірання. Яшчэ на вока некаторым несумленным грамадзянам трапляюць найчасцей мабільнікі, веласіпеды, нават прадукты харчавання. У мінулым годзе здзейснена 174 крадзяжы на фоне 146-і ў 2021-м. З 9 да 32 павялічылася колькасць махлярстваў, ільвіная доля – гэта махлярствы з выкарыстаннем Інтэрнэту. Кіберзлачынствы па-ранейшаму актуальныя.
– Уладзімір Мікалаевіч, чула пра новыя методыкі «фішынгу» і «вішынгу». Кіберзлачынцы мяняюць падыходы?
– Калі старыя метады ўжо не працуюць, такія злачынцы складаюць новыя легенды для даверлівых грамадзян. Пры «фішынгу» мэта злачынцаў – атрымаць вашы ідэнтыфікацыйныя дадзеныя (паролі, нумары картак, банкаўскіх рахункаў), а пры «вішынгу» злачынцы выкарыстоўваюць тэлефонную камунікацыю, іграючы пэўную ролю (нават супрацоўніка РАУС). Навінка сённяшняга дня – фішынгавыя сайты для аплаты камунальных паслуг. Сайт можа быць вельмі падобны на сапраўдны, адрознівацца адной літарай, або карцінка можа быць трошкі іншая, і некалькімі націсканнямі пальцаў вы перакінеце аплату не на той рахунак. У вялікіх гарадах цяпер на сайтах знаёмстваў падстаўныя прыгажуні знаёмяцца з людзьмі, пасля прапануюць сустрэчу ў тым жа кіно ці тэатры, скідваюць рахунак для пакупкі білетаў (як правіла, нятанных) і прападаюць. І ў вас ні дзяўчыны, ні грошай, ні кіно…
– Наколькі рэальна знайсці такіх злачынцаў і вярнуць грошы пацярпеламу?
– Працэнт раскрываемасці такіх спраў невялікі, але ў нашым раёне ён адзін з самых высокіх па вобласці, каля 25 %. Кіберзлачынцаў, якія дзейнічаюць у нашай краіне, прасцей знайсці, складана і амаль немагчыма раскрыць справу, калі вас дураць махляры ў Расіі, Літве, Латвіі. Таму я шчыра раю людзям не адказваць на незнаёмыя нумары, якія паступаюць найчасцей на Вайбер, ці хутка заканчваць бяседу, калі з’явіліся хоць якія падазрэнні. У такіх махляроў ёсць цэлая схема, як трымаць вас на кручку.
– Па лініі ДАІ ёсць станоўчая дынаміка: на 7 ДТЗ у 2022 годзе менш, чым у 2021 (21 і 28 ДТЗ адпаведна). Аднак мы плюсуем па пацярпелых. Значна павялічылася колькасць аварый па віне нецвярозых вадзіцеляў…
– Так, на жаль, 12 чалавек загінулі і 21 атрымалі раненні ў ДТЗ. У 2021-м па віне нецвярозага было адно ДТЗ, у мінулым жа годзе – чатыры. У цэлым у мінулым годзе нашымі інспектарамі зафіксавана 9 478 парушэнняў ПДР, затрымана 87 нецвярозых вадзіцеляў і 392 бяспраўнікі. Найчасцей вадзіцелі і самі не могуць растлумачыць сабе свае неабдуманыя ўчынкі. Быў выпадак, калі жыхар Івацэвіч, які не мае праблем з алкаголем, з неблагой работай, за адзін вечар пакінуў без аўто сям’ю з двума дзецьмі (адзін з якіх – інвалід), бо папаўся нецвярозым другі раз за год, ды яшчэ абцяжарыў сябе вялікім штрафам. Таму лішні раз лепш патраціць 2-3 рублі на таксі, чым так рызыкаваць… А ў цэлым амаль кожнае трэцяе злачынства ці правапарушэнне ў раёне – на ліку нецвярозых грамадзян. І гэта праблема.
– У 2022 годзе знізілася колькасць фактаў здзяйснення наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, вымаганняў, не дапушчана разбоеў і згвалтаванняў, мы шмат гаворым на сваіх старонках пра недапушчэнне хатняга гвалту, выязджаем з участковымі ў рэйды. Прафілактыка дае плён?
– Канечне, усе праблемныя сем’і мы добра ведаем, з імі працуем. Ды і жанчыны, якія падвяргаюцца насіллю ў сям’і, перасталі баяцца гаварыць пра гэта. Мы ізалюем агрэсараў, добра спрацоўваюць абарончыя прадпісанні. З пачатку года мы вынеслі ўжо 34 такія прадпісанні, калі на тэрмін да месяца агрэсару забаронена набліжацца да ахвяры. У 7 выпадках прадпісанні былі парушаныя, і такія «героі» панеслі адміністрацыйную адказнасць. Яшчэ на год мы ізалюем некаторых грамадзян у ЛПП. У гэтым годзе адправілі на аздараўленне восем чалавек. Такія меры працуюць і адбіваюць жаданне падымаць руку ў чарговы раз.
– Неблагая карціна і з падлеткамі. Сёлета не зафіксавана цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў з
удзелам непаўналетніх.
– Тут таксама свой плён дала прафілактыка. Вялікі ўклад і педагогаў, якія працуюць побач з намі. Сёння на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх больш за 60 чалавек. Пераважна юнакі, якія папаліся на крадзяжах ці патрапілі ў бойку. Мы павінны працаваць з нашай моладдзю, каб з юнакоў ды дзяўчат, якія саступіліся аднойчы, выраслі добрыя людзі, грамадзяне краіны. Гэта ж наша будучыня. Расслабляцца нам нельга, бо менавіта моладзь найчасцей трапляе пад уздзеянне дрэнных кампаній, яе прыцягваюць да ўжывання і распаўсюджвання наркотыкаў, выкарыстоўваюць як танную сілу для выбівання доўгу.
– Першыя месяцы работы з новым калектывам ужо за спінай, як ахарактарызуеце райаддзел?
– Станоўча. Калектыў пераважна малады, але актыўны, працаздольны. Я веру, што ад гэтага калектыву будзе аддача. Бо галоўнае, каб нашы грамадзяне адчувалі сябе спакойна, калі днём ці ноччу ходзяць па вуліцах. Вось наша задача. Станоўчыя зрухі ад нашай работы ўжо ёсць, па выніках студзеня на 45 % у раёне знізілася колькасць зафіксаваных крымінальна каральных дзеянняў. Знізілася колькасць крадзяжоў і кіберзлачынстваў. Дзякую калектыву за работу і шчыра віншую са святам!
Гутарыла Наталля ГЕРБЕДЗЬ.