Найчасцей моладзь выбірае экалагічныя атрады
Сёлета ў нашым раёне працавалі 276 студатрадаўцаў, 123 з іх – у лясгасах.
У нашага РК ГА «БРСМ» даўняе сяброўства з лясгасамі раёна, каторы год запар пры Івацэвіцкім, Даманаўскім і Целяханскім лясгасах удала працуе моладзь, гэтай вясной і летам кіраўніцтва зноў рада было бачыць юных работнікаў, якія вельмі дапамагаюць у гарачы сезон пасадкі. Чакана, што менавіта байцы экалагічных студатрадаў і прынялі ўдзел у святочным мерапрыемстве падчас закрыцця трэцяга працоўнага семестра ў Брэсце.
У кожнага раёна вобласці свая спецыфіка і свае падыходы да арганізацыі студатрадаўскага руху, аднак гэты напрамак быў і застаецца прыярытэтным для Беларускага Рэспубліканскага Саюза Моладзі. Аб гэтым падчас закрыцця трэцяга працоўнага семестра на мінулым тыдні ў Цэнтры маладзёжнай творчасці гаварыў першы сакратар абкама ГА «БРСМ» Юрый Сегянюк. У 2022 годзе ў вобласці працаўладкавалі больш за 4 тысячы чалавек, на наступны год планы яшчэ больш амбіцыйныя – забяспечыць першым рабочым месцам каля 5 тысяч маладых і актыўных людзей.
У той дзень, 25 лістапада, у Цэнтры маладзёжнай творчасці было шумна і цікава, многія студатрады прэзентавалі сябе, а пасля была канцэртная праграма і цырымонія ўзнагароджання лепшых з лепшых пераможцаў у розных намінацыях. У гэтым годзе наш тэрытарыяльны штаб студэнцкіх атрадаў атрымаў Падзяку ад абласнога камітэта ГА «БРСМ» за ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Працоўны семестр». Дарэчы, у апошнія гады наш раён у лідарах па арганізацыі студатрадаў, акрамя экалагічных, у гэтым годзе працавалі яшчэ сэрвісныя, педагагічныя, будаўнічыя і сельскагаспадарчыя атрады. Усяго іх было 23.
– Я ўпершыню як першы сакратар РК ГА «БРСМ» прымала ўдзел у такім маштабным мерапрыемстве, атмасфера там натхняльная, – гаварыла Рыта Велесевіч. – Наша моладзь актыўная, і яна не чакае, што ёй нешта зваліцца з нябёсаў, імкнецца на мару зарабіць сама. Многія рабяты працуюць у студатрадах ужо не першы раз. Так, ёсць пэўныя абмежаванні ў відах работ, якія могуць выконваць непаўналетнія, у іх больш кароткі працоўны дзень, але многія кіраўнікі ўжо прыйшлі да таго, што моладзі можна сёння давяраць, даваць магчымасці ў рэалізацыі, і яна не падвядзе. Пераважная большасць – 208 з 276 чалавек – гэта непаўналетнія. Наша звышзадача – зацікавіць так званую складаную моладзь, сёлета працавалі 20 юнакоў і дзяўчат, якія стаяць на розных відах уліку, і 9 дзяцей з сямей, якія знаходзяцца ў сацыяльна бяспечным становішчы.
Калі вы хочаце правесці чарговыя канікулы з карысцю і падзарабіць, звяртайцеся ў РК ГА «БРСМ» па тэл. 9-12-74 або запоўніце анкету ў каб. № 414 (4 паверх) будынка Івацэвіцкага райвыканкама. Пакідайце свае дадзеныя, кантакты і чакайце званка ад першага сакратара райкама.
Тым больш, што студатрадаўцы карыстаюцца важкім бонусам – з вас не ўздымуць падаходны падатак, толькі 4 % ад заробку з вашага пісьмовага дазволу пойдуць на развіццё студэнцкіх атрадаў. Маладосць – лепшы перыяд для пошуку сябе і пераваг, у тым ліку ў выбары будучай прафесіі.
Падрыхтавала Наталля ГЕРБЕДЗЬ.