Найменне «народны» 30 гадоў высока нясе народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Каланянка»

Найменне «народны» 30 гадоў высока нясе народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Каланянка» Амяльнянскага сельскага Дома культуры ДУК «Івацэвіцкая раённая клубная сетка», а праз тры гады калектыў адзначыць 50-годдзе сваёй творчай біяграфіі.
Як збяднела б наша зямля, наша духоўнасць без усяго таго прыгожага, самабытнага і сапраўднага, што ад продкаў захоўваецца народнымі талентамі, такімі, як удзельнікі «Каланянкі». Падчас нашай сустрэчы жанкі завялі на ўлонні прыроды фальклорную песню «У огородзе вэрба ро-о-о-сла, там стояла дзеўка красна…», і пранікнёная мелодыя на фоне жоўтай лістоты бяроз і ззяючага ў той дзень шчодрага восеньскага сонца разлілася асалодаю па сэрцы – цуд, што наша зямля яшчэ багата такімі талентамі!
Выганашчы, Бабровічы, Вулька-Целяханская, Глінная, Коланск, Гошча, Святая Воля, Клятная… – усюды «Каланянка» жаданы госць. Выступае ансамбль і за межамі раёна: у Азарычах, Валішчах, Бобрыку, Лышчах Пінскага раёна, Моталі, Тышкавічах Іванаўскага раёна. А быў час, калі «Каланянцы» апладзіравалі ў Гродне, Мінску, Маскве, на Украіне, у Польшчы… І нязменна, дзе б ні выступаў ён: перад аднавяскоўцамі, на раённым ці абласным свяце, аглядзе, фестывалі ці ў працоўных калектывах – заўсёды гледачы цёпла сустракаюць «Каланянку», радасна і шчыра ўзнагароджваюць апладысментамі.
Як гэта было…
Ансамбль «Каланянка» першапачаткова быў створаны на базе Коланскага сельскага клуба. Гэта адбылося ў 1975 годзе. Стваральнікі яго – галасістыя коланскія жанчыны Надзея Заяленчыц і Ганна Сагановіч. Яны сабралі вакол сябе такіх жа самародкаў, і слава аб іх зазвінела.
Першы кіраўнік ансамбля Надзея Заяленчыц ужо пайшла з жыцця, але яе дачка Алена Шэлест, метадыст ДУК «Івацэвіцкая раённая клубная сетка», расказала, як гэта было: «З дзяцінства мяне зачароўвалі мілагучныя песні коланскіх жанчын. Мая мама ў іх ліку – першая, а з ёю ўсе сваякі-пявунні па матчынай і бацькавай лініі музыкаў. Я памятаю, з якой цяжкасцю ствараўся калектыў, хаця ў Коланску ва ўсе часы было шмат галасістых жанчын. Цяжкасць была ў тым, што ў кожнай былі дзеці, агарод, гаспадарка, а яшчэ дзялкі буракоў, гектары бульбы… І нягледзячы на загружанасць працай, жанкі збіраліся на рэпетыцыі і спявалі. Песні былі аўтэнтычныя, а жанчыны адораны звонкімі, як крынічная вада, галасамі. Мама, памятаю, па забытыя песні ішла да жанчын пажылых, садзілася на лаўку з імі і заводзіла размову аб тым, якія песні спявалі раней. Памятаеш, Маня, песню пра розу некалішнюю? Тая казала: «Ой, першага слупка не памятаю, можа Ганна памятае»? І мама ішла да Ганны. Так па крупінках ствараўся рэпертуар. Па-сапраўднаму апантана збіралі самабытныя песні ўдзельнікі ансамбля і адраджалі ў першароднай красе дыяменты фальклорнай скарбніцы. Калі мамы не стала, і калектыў адзначаў 40-годдзе свайго існавання, я была на свяце. І ўяўляеце, як пачалі расказваць пра маму на фоне яе фота, па зале адкуль толькі ўзялася – праляцела птушачка. Я і сёння ўпэўнена, то была пасланніца ад мамы. І заўсёды, калі я чую «Каланянку», у мяне дрыжыць душа, бо гэта дорага мне. Званне народны заслужылі яны сумленна ў 1992 годзе.
Вельмі рада я, што калектыў працягвае існаваць.Усіх удзельнікаў ведаю і памятаю. У мамы, у загадчыцы клуба Ганны Сагановіч, Вольгі Макарэвіч… былі галасы то галасы! У тых песнях пульсавала іх душа, жыццё з радасцямі і нягодамі. Асабліва краналі сэрца тыя, што калісьці спявалі іх матулі і бабулі.
Ішоў час, мяняліся яго ўдзельнікі, толькі заўсёды гэта былі ўлюбёныя ў народную песню энтузіясты.
Дзень сённяшні
З 2008 года ансамбль – пад крылом Амяльнянскага СДК. Каштоўнасць гэтага творчага калектыву застаецца ў тым, што праз іх песні праглядваюцца традыцыі беларускага народа, спрадвечны палескі этнічны фальклор. У рэпертуары «Каланянкі» мноства абсалютна эксклюзіўных, даўно забытых твораў, якія выклікаюць інтарэс не толькі ў простага гледача, а і ў спецыялістаў народнай творчасці, гісторыкаў і краязнаўцаў. Калі хочаце паслухаць сапраўдныя старадаўнія песні, паглядзець некалішнія абрады, паслухаць «гарачыя» байкі і гумарэскі мясцовых талентаў, а таксама падзівіцца прыгажосці і вытанчанасці танцаў, запісаных ад старэйшых жыхарак вёскі Коланск Антаніны Собкі і Марыі Водчыц, – вам у Амяльнянскі СДК. Толькі тут вам пакажуць «Польку-галёпку», «Лысы», «Ойра», «Тумба», «Яблычка», «Падыспань» і іншыя самабытныя, з мясцовым каларытам танцы.
У скарбонцы народнага калектыву многа вялікіх і маленькіх перамог. Ансамбль «Каланянка» ў ліку першых у раённым спаборніцтве па канцэртным абслугоўванні сельскага насельніцтва. Толькі за апошнія тры гады самадзейныя артысты далі 104 канцэрты, з іх 70 – платных, 80 – выязных. Кожны раз, пацвярджаючы найменне «народны», яны рыхтуюць новы, лічы, фальклорны спектакль, дэманструючы абрады «Вялікдзень», «Спас», «Юр’е», «Сёмуха», «Валачобнікі», «Зажынкі» і іншыя. Кожны з іх мае свой сэнс. І кожны раз інтэлігентным, свабодным выканаўчым майстэрствам, сцэнічнай культурай настолькі заварожваюць, уцягваюць у дзею, што глядзіш, затаіўшы дух, каб нічога не прапусціць. Сёлета «Каланянка» ўзнагароджана падзякай упраўлення культуры Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта за актыўную канцэртную дзейнасць, высокае прафесійнае майстэрства, значны ўклад у захаванне і развіццё культуры.
Цікава, што касцюмы артыстаў сшыты коланскімі рукадзельніцамі, якія сваімі рукамі наткалі палатна на андаракі і чапцы і мясцовымі ўзорамі расквецілі фартухі, сарочкі і хустачкі. У іх самадзейныя артысты выступаюць шмат гадоў і берагуць, як зрэнку вока, бо непаўторныя.
Калектыў аматараў фальклору амяльнянскага краю, у які зараз уваходзіць 12 чалавек, рознаўзроставы. З аднолькавай цікавасцю яго рэпетыцыі наведваюць як тыя, хто ўліўся ў ансамбль год назад, так і тыя, хто лічыць сябе старажылам. І тады, адчыні толькі дзверы, як па аграгарадку, бліжэйшым парку і наваколлі разносіцца звонкая народная песня, якая бударажыць усе стрункі душы.
Партрэт «Каланянкі» ў асобах
Кожны з удзельнікаў – талент. Знаёмцеся: Таццяна Янковіч у калектыве з першага дня яго існавання. Адкрытая, усмешлівая жанчына пра сябе расказала сціпла: «Муж першы ў мяне раўнівы быў, не пускаў, а я прама ляцела ў гэты калектыў. Мне падабаецца спяваць, і мама мая спявала. Былі ў нас раней жанчыны старэйшыя, вельмі галасістыя. Марыі Абрамчук з Коланска першы голас, такі звонкі, такі!.. Надзея Заяленчыц была мастацкім кіраўніком, вельмі прыгожа спявала, Ганна Іосіфаўна Сагановіч – загадчык Коланскага клуба. Яны ўцягнулі мяне, а працавала я загадчыцай магазіна ў Коланску. Вельмі задаволена. І выязджалі мы калектывам часта. У Маскве, на Украіне і ў
Польшчы два разы выступалі. Цудоўны час быў. Цяпер калектыў абнавіўся, спяваем і будзем спяваць, колькі Бог назначыў».
«Мая жонка валодае яшчэ поварскім мастацтвам, – дадае пра Таццяну Янковіч яе муж і ўдзельнік ансамбля Іван Прыгодзіч. – Мяне вельмі добра корміць. 15 гадоў, як у прымы пайшоў, і столькі ж спяваю. Быў калісьці дырэктарам школы ў Рэчках. Мы з жонкай, як іголка з ніткай – усюды разам. Прычым яна – іголка (смяецца)».
«Я таксама з дзяцінства люблю спяваць. Бывала, – узгадвае Аляксей Собка, яшчэ адзін коланскі ўдзельнік, – ідуць на сенажаць і пяюць, на жніво – пяюць, лён падымаць ці капаць бульбу – з песняй. Дамоў вяртаюцца напрацаваныя – таксама з песняй. Калісь у школу хадзіў, то ў ансамблі ўдзельнічаў. Сястра мая з голасам, у Брэсце вучылася, а потым спявала ў народным ансамблі. У песенных фестывалях удзельнічалі побач. Жонка мая з разуменнем адносіцца да маіх выступленняў. З задавальненнем памые і папрасуе мой канцэртны касцюм, нагатуе ежы, накорміць. Радая, што я выступаю, і са мною часта ездзіць. У «Каланянцы» душа мая спявае, калектыў дружны, я – шчаслівы».
«Для мяне «Каланянка» – гэта багатая акампаніятарская практыка, – адзначае акампаніятар калектыву Вадзім Галоўчык, які працуе дырэктарам Целяханскай ДШМ. – Запрасілі мяне ў ансамбль вельмі даўно, хутка будзе 20 гадоў, як я з імі, і не хочуць адпускаць. Аўтэнтычнасць – гэта скарб, і ўявіце, ты гэты скарб, як кажуць, трымаў у руках. Некалішняе трэба і сёння берагчы, бо гэта сапраўдная каштоўнасць нашага народа. Я вельмі рады, што маё жыццё звязана з гэтым калектывам».
У былой загадчыцы Коланскага сельскага клуба і ўдзельніцы ансамбля Алены Роік ёсць адукацыя, яна вучылася ў Гродзенскім каледжы культуры на народным аддзяленні. Вытокі яе таленту – ад бацькі, які таксама вельмі добра спяваў і падтрымліваў дачку, якая ў яго ўдалася. Алена Аляксееўна іграе на баяне, а ў ансамблі спявае з 1995 года. Спяваць для яе – радасць і аддушына.
Прызнавалася ў любові да «Каланянкі» і Людміла Шаўчук: «Я ў калектыве даўно таксама, было пакінула, бо ў мяне работа была суткамі і часта трэба было мяняцца. А цяпер я на пенсіі, мне прапанавалі, і я з задавальненнем вярнулася. Песня жыццё прадаўжае».
Разам з Таццянай Янковіч запявала ў ансамблі Любоў Драня: «Усё жыццё люблю спяваць. Усюды. Прыйшла ў «Каланянку» ў 2008 годзе. Мяне з Краглевіч прывёў сюды Вадзім Галоўчык. І мы ездзім. Люблю расказваць байкі, а песня – гэта жыццё нашага народа».
Сціплая Марыя Агрэніч заўважыла, што, прыйшоўшы спяваць у «Каланянку», яна трапіла ў інтэлігентнае асяроддзе. Адпрацавала 40 гадоў санітаркай, а 10 шчаслівых гадоў – у калектыве. «Спяваць люблю, у калектыве магу свой голас прынізіць, а вось дома – то на ўсю хату. Сама сабе артыстка, – жартуе жанчына. – І з байкай выступіць – гэта маё».
Надзея Гацуковіч усё жыццё працавала ў амбулаторыі фельчарам. «З маёй любімай санітаркай Марыяй Агрэніч, – дабрадушна прызнаецца жанчына. – Клікалі мяне раней у «Каланянку», але я саромелася свайго ўзросту. Думала, прайшоў мой час, хоць спяваць усё жыццё любіла. І сястра мая ў Маладзечне – артыстка, і мама ў Пінскім раёне ўсё жыццё спявала на сцэне, і мяне Бог не абдзяліў голасам, але я ўпарта саромелася сама сябе. Год назад перамагла гэта, і цяпер каюся, што раней не прыйшла. Гэта для мяне такая аддушына: і настрой узнімае, і тонус зусім іншы, і калектыў харошы. Усё падабаецца. Я вельмі задаволена».
Удзел у ансамблі – аддушына і для Уладзіміра Сліжа, які і спявае, і ў абрадах удзельнічае, і з байкамі выступае. Мужчына прызнаваўся, што ён сёмы год шчаслівы, усё яму падабаецца. Ён упэўнены: «Не кожны будзе спяваць народныя песні. Яны – ад дзядоў. Гэта жыццё іх. Вяселле сёння якое? Распісаліся, пасядзелі і ўсё. А раней да вяселля загадзя рыхтаваліся. Гэта была важная падзея не толькі ў жыцці маладых, а ўсяго роду. Каравайніцы, сваты, перазоў – усё з сэнсам, не проста так. Песні адпаведныя пад гэта спяваліся. Караваю быў гонар, бо хлеб – гэта цяжкая праца. У армію адпраўлялі – свае звычаі. Пахавальныя песні – свая манера выканання. Не ўсе спяваць іх могуць…»
Юлія Гарадняйчук, якая з задавальненнем спявала ў ансамблі пяць гадоў, была стваральнікам дзіцячага ансамбля лыжкароў «Задорынкі» ад целяханскай ДШМ. Лёс склаўся так, што яна з’ехала з родных мясцін, але нядаўна вярнулася ў родны край, у калектыў. Яна адзначыла, што моладзь сёння больш любіць сучасныя песні, але дзеці адклікаюцца на сапраўднае. Калі іх запаліць, яны будуць спяваць і цікавіцца народнай творчасцю», – выказала сваё меркаванне жанчына.
Зоя Янковіч – амаль два гады хормайстар ансамбля. Працавала даяркай, але ў мастацкай самадзейнасці ўдзельнічала, бо спяваць любіла заўсёды. Неаднойчы прымала ўдзел у абласных «дажынках», у конкурсах беларускай песні і «Грай, гармонь», а як у «Каланянку» ўгаварылі, жанчына не шкадуе.
– Харошы калектыў. У кожнага ўдзельніка спраў – вышэй галавы, то ўзроставыя балячкі, а, толькі скажы, – адразу тут, – з удзячнасцю зазначае загадчыца Амяльнянскага СДК Ірына Каверчык. – Сама я з Коланска. Мне было пяць гадоў, як утварыўся ў нас ансамбль. Дзецьмі мы бегалі ў сельскі клуб, удзельнічалі ў абрадах вясельных. Таццяна Паўлаўна Янковіч – мая сястра. Чатыры цёткі хадзілі ў калектыў. Цяпер з Коланска лічаныя людзі засталіся, калектыў моцна абнавіўся. Хочацца, каб ён жыў і квітнеў яшчэ шмат гадоў. У нас яшчэ ёсць вакальны ансамбль «Вяскоўцы», дзіцячы – «Задорынкі», яго стварэннем у Амяльнянскім СДк займаліся мы з Валянцінай Мікалаеўнай Сагановіч. 10 чалавек у ім удзельнікаў. Сёлета двое скончылі школу, то замену ім падрыхтавалі. Шчыра прызнаюся, у культуры застаюцца толькі апантаныя людзі. Гэта трэба любіць усёй душой і ўсім сэрцам, і гэтым жыць.
І хоць працу на вёсцы лёгкай не назавеш, як і саму сялянскую долю, людзі, якія аддалі шмат гадоў мастацтву, адназначна сцвярджаюць: песня, што ідзе з глыбіні сэрца, ад чыстай душы, дапамагае чалавеку жыць. Дзякаваць, у «Каланянкі» ёсць паслядоўнікі – дзіцячы ансамбль «Задорынкі». Яны – надзея, каб прыняць эстафету і адорваць людзей народнымі прыгожымі спевамі, ствараючы ім свята.
Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА