Як дзецям з новай жылой забудовы «Заходні-3» дабірацца ў школу?

За знакам «Канец населенага пункта» ў бок Косава наш горад Івацэвічы не заканчваецца. Там размешчаны вуліцы індывідуальнай жылой забудовы «Заходні-3». У новым мікрараёне жывуць пераважна маладыя сем’і, дзеці якіх наведваюць садок ці ходзяць у школу, «музыкалку» ці секцыі.

Адна з матуль такіх дзяцей, Алена В., звярнулася падчас сустрэчы кіраўніцтва раёна з рабочым калектывам з просьбай дапамагчы вырашыць пытанне з арганізацыяй бяспечнага перахода праз дарогу рэспубліканскага значэння Р-44 «Гродна–Ружаны–Івацэвічы» да індывідуальнай жылой забудовы «Заходні-3» у Івацэвічах:
«Дарога, уздоўж якой даводзіцца дзецям ісці ў школу, не абсталявана пешаходнай дарожкай, трэба ісці па абочыне. На супрацьлеглым баку дарогі ёсць веласіпедная дарожка, але кожны раз з жахам думаю пра гэта. Мы жывём за знакам «Канец населенага пункта», каб выйсці на больш-менш бяспечны ўчастак дарогі з пераходам, трэба прайсці метраў 500. Аўтамабілі, сярод якіх шмат і фур, едуць з вялікай хуткасцю. Атрымоўваецца, што і перайсці дарогу небяспечна, і ісці па абочыне дарогі з інтэнсіўным рухам транспартных сродкаў, – гэта парушаць ПДР. Як быць? Можна ісці праз мікрараён, але гэта больш марудна па часе. І вазіць дзіця на аўто да 11 класа, лічу, не выхад».

Дадзенае пытанне было разгледжана на пасяджэнні камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху пры Івацэвіцкім райвыканкаме. Ёю прынята рашэнне аб неабходнасці абсталявання нерэгуляванага пешаходнага перахода на аўтамабільнай дарозе Р-44 у раёне квартала індывідуальнай жылой забудовы «Заходні-3» у Івацэвічах, а таксама аб забеспячэнні зручнага руху пешаходаў з дарогі да веладарожкі, бо яны размешчаны на розных узроўнях: трэба спусціцца ўніз з насыпу крутога адхону. Дадзены ўчастак дарогі з’яўляецца часткай рэспубліканскай аўтамабільнай Р-44. Абслугоўвае гэты ўчастак філіял ДЭУ № 23 РУП «Брэстаўтадар». Згодна з іх дакументацыяй, пешаходны пераход на дадзеным участку дарогі не прадугледжаны. Але час не стаіць на месцы. Зразумела, раней там і не было квартала жылой забудовы, пераход быў не патрэбны.

Квартал індывідуальнай жылой забудовы «Заходні-3», які ўключае 255 зямельных участкаў, актыўна пачаў будавацца з 2011 года. І зараз там пражывае шмат маладых і шматдзетных сем’яў, дзеці якіх самастойна ходзяць у школу і наведваюць актыўна басейн і Лядовую арэну. Мікрараён новы, камунікацыі для зручнасці пешаходаў яшчэ дасканала не наладжаны, каб бяспечна можна было б дабрацца ў горад. Пытанне бяспекі не адкладзеш на доўгі час: калі яно ўзнікла, патрабуе вырашэння, пакуль не нарабілася бяды.

Зараз пытанне ў працэсе вырашэння: дадзены зварот накіраваны далей – на разгледжанне абласной камісіі па бяспецы дарожнага руху. Будзем спадзявацца, што працэс не надта зацягнецца і ў бліжэйшы час дзеці будуць дабірацца бяспечна ў школу і на секцыі з гурткамі.

Поделиться