x
Close

Першы чацвер пасля Вялікадня, у гэтым годзе гэта 28 красавіка, – асаблівы дзень для Аброва. Тут ужо стагоддзе адзначаюць яшчэ адзін Вялікдзень — Намскі, што азначае «наш», «нам дадзены».

Традыцыйны абрад «Намскі Вялікдзень» з’яўляецца адметным праяўленнем лакальнай культурнай традыцыі аг. Аброва, часткай гісторыі. Гісторыі, якую пранясуць праз дзясяткі год, гісторыі, якая прадоўжыцца ў дзецях і ўнуках як вера ў святое і цудоўнае.

Сёння для мясцовых жыхароў гэта радасная і ўзнёслая падзея, але ў 20-х гадах мінулага стагоддзя мясцовым жыхарам было не да свята. Пачалося ўсё з таго, што ў вёсцы сталі хварэць і паміраць дзеці. Ніхто не мог дапамагчы і не ведаў, што рабіць. І тады старыя людзі падказалі: жанчынам вёскі ноччу трэба сабрацца ў адной хаце, напрасці нітак і саткаць з іх за адну ноч ручнік. А мужчынам у гэты час змайстраваць ківот для абраза Маці Божай, паставіць туды абраз, накрыць яго сатканым за ноч ручніком і абысці ўсю вёску па крузе, заходзячы ў кожны двор. Так і зрабілі. І здарыўся цуд: дзеці акрыялі, мор адышоў. А жыхары вёскі з таго моманту далі сабе зарок: вось так абыходзіць вёску штогод у чацвер пасля Вялікадня, і тады ліхалецце і няшчасці будуць мінаць Аброва.

Слова сваё аброўцы стрымалі: абрад здзяйснялі з года ў год. І, лічаць старажылы, Бог бараніў мясцовых. Абраз Маці Божай, Храніцелькі Аброўскай, шануецца тут асабліва. Мясцовыя жыхары ўпэўнены: дзякуючы яму ўдалося сто гадоў таму выратаваць дзяцей вёскі ад невядомай хваробы, і менавіта Маці Божая бараніла вёску і яе жыхароў у часы вайны.

Кожны год абраз Маці Божай, Храніцелькі Аброўскай, у спецыяльнай хатцы (ківот) выносіцца з Міхайлаўскай царквы і разам з харугвамі і крыжам «абыходзіць» у святочнай працэсіі двары вёскі.

На жаль, у 1958 годзе царкву ў Аброве закрылі, а разам з гэтым амаль на тры дзесяцігоддзі прыйшлося людзям развітацца з прывычным ім абрадам. Аднавілі яго толькі ў пачатку дзевяностых. А ў 2009 годзе абрад «Намскі Вялікдзень» унеслі ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны.

Але вернемся ў наш час… Іерэй царквы айцец Расціслаў з малітваю запальвае свечкі ў ліхтары, прыхаджане завязваюць на ківоце з абразам прыгожую святочную стужку, чакаюць яшчэ пару хвілін жадаючых далучыцца да працэсіі, у складзе якой людзі і сталага ўзросту, і моладзь, і дзеці.

З харугвамі і крыжамі ў руках, спяваючы псалмы, абыходзяць царкву і рухаюцца па галоўнай вуліцы аграгарадка, падыходзяць да кожнага двара, дзе іх чакаюць і загадзя рыхтуюцца да гэтага дня жыхары: пякуць кулічы, збіраюць свежыя яйкі і пачастункі. Зранку перад весніцамі ставяць стол і засцілаюць яго святочным абрусам, ставяць пачастункі, а самыя ветлівыя гаспадыні нават упрыгожваюць стол першымі вясновымі кветкамі.

Мясцовыя жыхары са спачуваннем успамінаюць мінулыя гады, калі колькасць чалавек, якія прымалі ўдзел у абрадзе, была значна большай, ды толькі сумна глядзяць на пустыя хаты. «А раней, памятаеш, як мы ішлі з суседкай, ды толькі хусткі развяваліся,» – пачула я ў працэсіі, як нехта дзяліўся ўспамінам аб сяброўцы, якой ужо няма…»

Пачула я яшчэ адну цудоўную думку: «Хоць і стамілася я за апошнія два дні – садзіла бульбу, але сёння прыйшла і буду прыходзіць кожны год, пакуль будуць хадзіць мае ногі, бо Бог падахвочвае».

Хочацца ісці і прайсці гэты шлях ад пачатку і да канца, адчуць гэтую прыемную стомленасць і захаваць на доўгі час тое светлае і цёплае пачуццё, і не сыдзе ўсмешка з твару, і будзе шчасце і спакой на душы, а як інакш – Хрыстос Уваскрэс…

Паліна САУЦІНА, фота аўтара.