x
Close
Главная новость Культура нотариат Общество

Народны жаночы ансамбль «Сяброўкі» азначыў на мінулым тыдні 20-годдзе звання «народны»

Народны жаночы ансамбль «Сяброўкі» азначыў на мінулым тыдні 20-годдзе звання «народны»
  • Опубликовано:2 сентября, 2022

З гэтай прыемнай нагоды ў Івацэвіцкім гарадскім Доме культуры адбыўся святочны канцэрт «20 гадоў разам». Паслухаць любімы народны ансамбль прыйшлі родныя, сябры, знаёмыя ўдзельніц ансамбля, многія прыхільнікі іх таленту. Словы з песень «Каліна», «Вяргіня», «Пажаданне», «Калі ласка» і іншыя актыўна і з задавальненнем падпявалі ў зале. Гучнымі апладысментамі і авацыямі віталіся самі ўдзельніцы ансамбля і запрошаныя госці – Аляксандр Мішанкоў, Уладзімір Краўцоў, Юрый Лаўрыновіч і Кірыл Кучынскі.

Ніводзін святочны канцэрт у Івацэвіцкім ГДК не праходзіць без удзелу народнага жаночага ансамбля «Сяброўкі». З моманту ўтварэння калектыву прайшло 32 гады. Пачыналася ўсё ў далёкім 1990 годзе, у будынку старога Дома культуры, дзе маладыя і ўлюбёныя ў песню дзяўчаты – супрацоўнікі Івацэвіцкага аддзела культуры – сталі збірацца на рэпетыцыі і спяваць песні. Паступова ўдзельнікаў-прыхільнікаў песні станавілася больш, тады і ўтварылася вакальная група пад кіраўніцтвам Тамары Волк. Група складалася выключна з работнікаў аддзела культуры, і спявала яна пад баяны – акампаніравала канцэртмайстарская група пад кіраўніцтвам Аляксандра Голуба і Вячаслава Кулініча.

Супрацоўнічалі і з канцэртмайстарскай групай пад кіраўніцтвам Алега Зыбайлы – пад домру, баян і кантрабас. Выступалі і пад акампанемент ансамбля народнай музыкі «Іванічы». Такое супрацоўніцтва, верагодна, пашырае магчымасці, але і ўтвараецца пэўная сузалежнасць – цяжка такім вялікім саставам мабільна збірацца. Сучасны састаў «Сябровак» вельмі лёгкі на пад’ём: могуць хуценька сабрацца, узяць флэшку з мінусоўкай, апрануць свае шыкоўныя строі – і вось прыгожыя і вытанчаныя дзяўчаты на імправізаванай сцэне ў полі віншуюць сваімі задорнымі песнямі, напрыклад, пераможцаў на жніве! За тры гады цалкам абнаўляецца песенны рэпертуар жаночага калектыву.

Вернемся да гісторыі станаўлення ансамбля. У 1995 годзе кіраўніком ансамбля стала Кацярына Несцяровіч. Гэта дзякуючы яе ўменню і прафесіяналізму калектыў загучаў на ўвесь раён і ўсю Брэсцкую вобласць. У выкананні «Сябровак» гучалі беларускія і рускія народныя песні, а таксама песні сучасных аўтараў. У 2002 годзе ансамбль атрымаў званне «народны», і адразу «Сяброўкі» сталі
ўдзельнікамі і дыпламантамі песенных форумаў, конкурсаў і фестываляў. Гэта песенны форум «З любоўю да песні» (г. Пружаны), фестываль «Новыя імёны» (г. Кобрын), канцэрты ў зале «Белэкспа» на выстаўцы СМІ і шмат іншых. «Сяброўкі» ўдзельнічалі таксама ў конкурсе-канцэрце, прысвечаным 10-годдзю Кіравання справамі Прэзідэнта РБ (г. Мінск), і занялі там другое месца. Канцэртная дзейнасць шырылася, з’яўляліся новыя песенныя нумары… але жыццё ўнесла свае карэктывы. Пяць гадоў таму, у 2017 годзе, раптоўна пайшла з жыцця Кацярына Несцяровіч, ці «любімая Кацюша», як яе называлі дзяўчаты-сяброўкі і родныя. Кацярына Аляксееўна вельмі любіла свой калектыў і даражыла ім, марыла пра перамогі на конкурсах, пра гастролі, падчас якіх яе і не стала. Для «Сябровак» гэта быў складаны і сумны перыяд, але, каб не загубіць усё тое, чым даражыла іх Кацюша, удзельніцы калектыву вырашылі яшчэ з большым імпэтам працягваць пачатую ёю справу. На юбілейным канцэрце шчымліва і кранальна гучала ў выкананні сябра калектыву Аляксандра Мішанкова песня «Ляці» ў памяць пра Кацярыну Несцяровіч.

Прайшло пяць гадоў, і калектыў не спыняецца на дасягнутым – развіваецца, з’яўляюцца новыя ўдзельніцы побач з тымі, хто калісьці стаяў ля вытокаў, – гэта Вольга Радзюк і Святлана Шаўлінская. Кіраўніком ансамбля з 2017 года і па сённяшні дзень з’яўляецца крэатыўная, энергічная і яркая Ганна Суханосік. Маладому кіраўніку ўдалося ўдыхнуць новае жыццё – пашырыўся рэпертуар, з’яўляюцца маладыя і таленавітыя вакалісткі, але працягваюцца слаўныя традыцыі «Сябровак». У 2018 годзе ансамбль паспяхова выступіў з канцэртамі ў Расійскай Федэрацыі, на свяце карэльскага пірага «Калитка», а ў 2019 годзе заваяваў сваімі спевамі сэрцы ўдзельнікаў міжнароднага сімпозіума ў Польшчы. Прымусовы перапынак актыўнай канцэртнай дзейнасці падчас кавідных абмежаванняў засмучаў удзельніц калектыву, яны праводзілі анлайн-выступленні, ды гэта не заменіць любові да сцэны і да сваіх гледачоў.

Зараз у саставе калектыву восем удзельніц – Вольга Радзюк, Ірына Садкоўская, Святлана Шаўлінская, Ала Валінская, Анастасія Максіменка, Жанна Чадовіч, Кацярына Ганчарук і кіраўнік ансамбля Ганна Суханосік. Розным па характары, па тэмпераменце, ды і па прафесіях (ёсць у калектыве юрыст, касцюмер, інжынер, педагог, работнік дзіцячага садка, рэжысёр) жанчынам і ў жыцці, і на сцэне ўдаецца быць у сяброўскіх адносінах. «Мы можам разыходзіцца ў густах наконт аранжыроўкі песні, тэмбру выканання, але ж у спрэчцы нараджаецца ісціна», – гаворыць цяперашні кіраўнік ансамбля. Ганна Суханосік дзякуе кіраўніцтву арганізацый, дзе працуюць дзяўчаты, што яно з разуменнем ставіцца да творчага жыцця сваіх работніц і калі-нікалі графік іх работы падстройваецца пад выступленні ансамбля.

Шчырым прыхільнікам творчасці народнага жаночага ансамбля «Сяброўкі» і не ўяўляецца, што за бліскучым вакальным майстэрствам, за зладжанасцю і лёгкасцю рухаў падчас нумароў, за чароўнымі ўсмешкамі і жывой энергетыкай прыгожых і статных жанчын стаяць гадзіны рэпетыцый, на якія яны два разы на тыдзень спяшаюцца пасля асноўнага месца працы. Канешне, у кожнай з іх ёсць сям’я, свае справы, часам, можа, і нездаровіцца, але іх любоў да народнай песні і любоў гледачоў да «Сябровак» даюць крылы, каб зноў і зноў выходзіць на сцэну і радаваць сваімі песеннымі нумарамі.

На юбілейным канцэрце прысутнічала Ірына Чалык, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Івацэвіцкага райвыканкама. Яна павіншавала ансамбль з яшчэ маладым, але значным юбілеем.

– Каб яшчэ на большую моц гучалі вашы цудоўныя песні, – зазначыла Ірына Аляксандраўна. – Мы ганарымся вамі. Дзякуем за радасць, якую дорыце людзям. Вашы песні заўжды кранаюць нашы сэрцы. Моцнага вам здароўя і новых творчых поспехаў.

А мы ад сябе жадаем народнаму жаночаму ансамблю «Сяброўкі» даўгалецця, натхнення і не губляць індывідуальнасці калектыву. Брава, «Сяброўкі»!


Юлія Кавалёва, фота аўтара.