98-гадовы ветэран У. П. Ефімовіч, які быў снайперам падчас вайны, дзеліцца ўспамінамі і жыццёвай мудрасцю

Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміру Пятровічу Ефімовічу з в. Глінная ідзе 99-ы год. Здаецца, ён найстарэйшы з маіх суразмоўцаў, аднак адзін з самых аптымістычных, нягледзячы на перажытае. Сустрэў мяне заразлівым смехам, а праводзіў, пацалаваўшы руку. А паміж гэтымі двума эпізодамі падзяліўся цяжкімі ўспамінамі пра вайну, якая акурат у такую вось летнюю пару прыйшла да беларусаў.

На прымусовых работах у Германіі
Не застаўся ў памяці дзень пачатку вайны, а пасля яго былі такія, што і хацелася б забыць, ды ніяк не атрымліваецца. Падчас вайны юнаком разам з іншай моладдзю з Гліннай, адкуль ён родам і дзе жыве да гэтае пары, замест старэйшага брата быў вывезены ў Германію на прымусовыя работы (брат, дарэчы, загінуў на фронце). У г. Броншвайн у будынках з надпісам «Zuckerfabrik» рабілі зусім не цукар, а збіралі ваенныя самалёты. Рабочых з саюза, а таксама французаў засялілі ў баракі, па 50 чалавек – у кожны. Тэрыторыя была агароджаная, але аховы не было. Толькі куды было бегчы ў чужой краіне, калі навокал – ворагі?

Што найбольш запомнілася з таго часу, дык гэта пастаяннае пачуццё голаду. Работа цяжкая – кармілі дрэнна, успамінае ветэран. Раніцай і ўвечары – баланда, маленькая буханка хлеба на чатырох, 5 г маргарыну і кубак чаю – вось і ўвесь рацыён на дзень. Таму як манны нябеснай рабочыя чакалі паветранай трывогі. Калі ў небе чуўся гук амерыканскіх самалётаў і немцы хаваліся ў бамбасховішча, самыя спрытныя беглі на кухню, дзе можна было пажывіцца нямецкімі харчамі – гаспадары елі інакш і, бывала, аддавалі рабочым тое, што маглі недаесці. І ў цэлым не здзекаваліся, але надта не любілі, калі нехта філоніў ці быў не ў стане працаваць, – тады маглі прымяніць і фізічную сілу.

Але, як правіла, тых, хто амаль не мог працаваць з-за падарванага здароўя, адпраўлялі назад на радзіму. Толькі выснову пра стан здароўя павінны былі зрабіць медыкі. Да гэтай пары шчыра ўдзячны адной з іх Уладзімір Пятровіч – памочніку ўрача, якая была ўкраінкай і шкадавала, лічы, землякоў, хоць віду і не падавала. Яна давала рабочым па лыжачцы нейкай мікстуры, пасля якой чалавек здаваўся надта знясіленым. І тады медык настойвала, што такая «бяссільная» рабочая сіла немцам больш не патрэбная. Пашкадавала яна і Валодзю, якога мелі намер адправіць да баўэра (фермера) на сельскагаспадарчыя работы, толькі медык пасля мікстуры дала заключэнне: месяц трэба добра карміць, бо інакш рабіць не зможа, а найлепш хай «гэтая падла» дамоў едзе і там «ваняе». На цягніку паехаў Валодзя дахаты, упершыню за паўтара гады ўбачыўшы нармальную ежу (чамусьці з сабой давалі добры паёк). «Калі тая жанчына яшчэ жывая, няхай не ведае гора, будзе вясёлай. Помню пра яе ўсё жыццё і прашу ў нябёсаў для яе здароўя», – кажа суразмоўца.

Дык вось, дахаты хлопец даехаў не адразу. Партызаны пусцілі пад адхон папярэдні эшалон, і іх цягнік не змог працягнуць рух. Эшалон быў набіты ўсякім дабром і грашыма, так і валяліся яны ўсюды. Калі дабраўся ў Глінную, некаторы час хаваўся ў лесе, але і ў вёсцы бываў, збіраў для партызан карысную інфармацыю, а яго бацькі пяклі для іх хлеб. Калі б не хаваліся хлопцы, зноў бы сталі рабочай сілай. А так дачакаліся дэмабілізацыі, якая адбылася ўжо пасля вызвалення Мінска ў 1944 годзе.

«На вайне тваё сэрца нібы каменнае…»
Дэмабілізаваных юнакоў з Целяхан адправілі ў Сіняўку пад Мінск, там да іх далучыліся партызаны, і ўсе разам накіраваліся ў польскі горад Казімеж. Там папаўненне абмундзіравалі і пачалі вучыць ваеннай справе: стральбе, мініраванню і іншаму. І па выніках вучобы з усіх салдат выбралі ўсяго пяць з роты, якія мусілі стаць снайперамі, бо мелі для гэтага здольнасці. Снайперам стаў і Уладзімір Ефімовіч.

Адзін з першых баёў каля ракі Вісла скончыўся для салдата раненнем у галёнку. А калі рана загоілася, ён вярнуўся са шпіталя ў сваю часць і прадоўжыў удзел у стратэгічным наступленні савецкіх войскаў на рацэ Одэр. Немцы ўзарвалі мост праз раку, і пакуль будавалі пантонныя, прайшло тры тыдні. Снайперы павінны былі сачыць і за бочкамі з узрыўчаткай (немцы пускалі іх па рацэ), каб знішчыць такую бомбу да таго, як яна падплыве пад новы мост. У баю іх задача была найперш знішчыць афіцэрскі склад, каб не было каму кіраваць варожым войскам.

А на рацэ Шпрэе здарыўся бой, які амаль не каштаваў нашаму ветэрану жыцця. Немцы павінны былі пайсці ў атаку, і трэба было іх перахітрыць, заблытаць ворага. Адзін узвод павінен быў адцягнуць увагу немцаў ад месца, дзе дыслацыраваліся асноўныя савецкія войскі, прыняць агонь на сябе, і ў вайскоўцаў атрымалася. Ёсць у гэтым заслуга і Ефімовіча, снайпера гэтага ўзвода: ён стрымаў салдат, якія мелі намер заўчасна кінуцца ў бой. Дзякуючы гэтаму яны падпусцілі танкі бліжэй, і толькі пасля ў іх паляцела першая граната. «Так, яны былі блізка, і я кінуў гранату і кажу суседу: «Коля, як толькі пакажуцца, бі з кулямёта!» – расказвае ветэран. Завязаўся бой, атака немцаў «захліпнулася». Хутка снайперская нямецкая куля прайшла ў 5 мм ад сэрца Уладзіміра Ефімовіча і выйшла пад рукой. У агні бою прабіраўся ён да санітараў, колькі было сіл. Яго падабралі, потым перавезлі ў Познань. І там ён даведаўся, што ўсё, Перамога! Не даваяваў да яе 9 дзён. Але ж выжыў! Гэта сапраўдны цуд, каб станавіліся на ногі пасля такога ранення, але, мабыць, у кашулі народжаны наш ветэран.

Пытаюся, ці было страшна, пра адчуванні падчас бою. «На вайне тваё сэрца нібы каменнае, там няма страху, па-іншаму адчуваецца боль, не адразу. Было такое, што і на руках у мяне паміралі, нават мой сусед з Гліннай, ён быў кулямётчык. Але і пасля гэтага не было ў мяне страху. На вайне хто смелы, той і мае рацыю», – расказвае герой артыкула. Ды і не выканаць загад было раўнасільна смерці, з дэзерцірамі паступалі жорстка.

Пазней шпіталізаваных перавезлі спачатку ў Разань, потым у Маскву. Была надзея вярнуцца дахаты, але паступіла каманда затрымацца на два гады: падбіраць нямецкія трафеі, пакінутую зброю, размініраваць вялікія тэрыторыі, таму пабыў ён і сапёрам. Маё шмат узнагарод – ордэны, медалі «За адвагу» і іншыя, але толькі ў апошнія гады стаў іх насіць на пінжаку, раней «бляшанкі» не даставаў, дзеці імі гулялі…

Мірнае жыццё
Нарэшце – вяртанне на радзіму! У Гліннай спачатку працаваў у калгасе, потым шэсць гадоў быў лесніком, потым – будаўніком у «ПМК-12». Расказвае: «Быў ва ўсім перадавік, здаецца, паважалі мяне. Метка, трапна ўсё раблю, з розумам і стратэгіяй падыходжу на любой справы. Хоць і скончыў толькі два класы польскай школы, але жыццё мяне адукавала. Крук бярэ за сем рук, гэта ж зразумела. Неяк будавалі кароўнік, як пабачыў, што плануецца, кажу: «Дык карове патрэбна вышэйшая адукацыя, каб разабрацца, куды тут пайсці, каб папіць вады». У выніку зрабілі не па плане, па-іншаму. І хату сваю пабудаваў. А вось бачыце, студня, сам зрабіў дах над ёй год таму, хоць і левая рука ўжо дрэнна слухаецца мяне пасля двух інсультаў».

Быў жанаты на прыгажуні Ганне, адбіў яе ў начальніка пошты (яна была паштальёнам). Не дажыла яна і да 50-ці, а ўсё ад таго, што не жадала звяртацца да дактароў пры надта высокім ціску. Выгадавалі разам чатырох дачок (суразмоўца смяецца, называючы сябе «бракоделом»), адна з іх, Надзея, прыехала з Брэста, каб даглядаць бацьку. Уладзімір Пятровіч мае 6 унукаў і 8 праўнукаў!
Баліць сэрца ветэрана з-за таго, што неспакойна цяпер у свеце, і вось што сказаў ён журналісту пра вайну: «Жадаю, каб яе ніхто не знаў і не ведаў. Што навокал робіцца? Ой-ёй-ёй, абы ў катле. Цяпер жа жыць не ўміраць. Калі ўжо сёння крыўдзяцца на жыццё… Чаго хто хоча – птушынага малака?» І такі наказ напрыканцы даў маладым: «Не бяжыць вада пад камень, які ляжыць. Не трэба быць разбэшчанымі, трэба працаваць – і будзеш жыць. Жыць – гэта не піць ды гуляць, манна з неба не пасыплецца. Ну і трэба яму, жыццю, радавацца. Я дык жартаўнік, весялун. І ніколі на падаў духам – падаў брухам».

Цёпла развітваліся мы ля веснічак, з пацалункамі рук, пад народную ўкраінскую песню «Стаіць гара высокая» (папрасіла выканаць любімую: мой суразмоўца выдатна спявае). Спакойна і па-філасофску сказаў Уладзімір Пятровіч пра жыццё: «Прыйшла пара ­– хутка пойдзем з двара. Ужо няма на свеце маіх лепшых сяброў, але ў кожнага свой лёс і свой шлях». Годна ідзе па сваім апошні ветэран вайны з Амяльнянскага сельсавета. Зычым яму яшчэ доўга крочыць па вуліцы роднай Гліннай са шчырай усмешкай на твары, якую, дзякуй Богу, не сцерла вайна.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться