«Наша бібліятэка патрэбная людзям»

У гэтым пераканана работнік Вялікагацкай сельскай бібліятэкі Надзея Пушыла, якая па адукацыі аграном, але, аднойчы паспрабаваўшы сябе ў прафесіі бібліятэкара, засталася ў ёй больш чым на 20 гадоў.
Мы завіталі ў бібліятэку, якая месціцца ў Вялікагацкай сярэдняй школе, вераснёўскім днём у разгар школьных заняткаў. Якраз першакласнікі прыйшлі знаёміцца як з бібліятэкарам Надзей Іванаўнай, так і са скарбамі ў кніжных пераплётах. Жанчына настолькі добра і ўмела ладзіць з дзецьмі, што ніякіх сумненняў няма: чалавек на сваім месцы, гэта яе прызванне.
Аднак бібліятэчная справа стала справай жыцця не адразу. Нарадзілася Надзея ў Святой Волі ў сям’і калгасніка і санітаркі. У тым, што трэба пайсці вучыцца на агранома, пераканала дзяўчынку маці: будзеш і на матацыкле ездзіць, і паважаць у вёсцы будуць, лічыла яна. Паслухмяная дачка Надзея выканала матулін наказ. Вучыцца дзяўчыне падабалася, ды і сама прафесія таксама. Вярнуўшыся на сваю малую радзіму, Надзея выйшла замуж за хлопца з суседняй вёскі, які працаваў токарам у райцэнтры. Нарадзіліся дзеці, і спраўляцца з іх выхаваннем, калі абодва бацькі працуюць далёка ад дома, а ў маці то пасяўная, то ўборачная, стала надта складана. На сямейнай нарадзе было вырашана пакінуць сельскую гаспадарку. Не прайшло і месяца, як матуліна суседка-настаўніца пазваніла сваёй былой вучаніцы з падказкай, што ў Вялікагацкую бібліятэку патрэбен чалавек, маўляў, паспрабуй, мо і атрымаецца сумяшчаць работу з мацярынствам. Туды і пайшла Надзея Іванаўна на месяц-другі, а працуе вось ужо 23 гады ў бібліятэчнай сістэме. Былі спробы змяніць месца работы, дзеці ж выраслі, вось і бабуляй двойчы стала, але багаты вопыт і майстэрства не дазваляюць так паступіць.
І самае галоўнае, што жанчыне падабаецца яе прафесія. «Мне лёгка працаваць, я ведаю людзей нашай вёскі, люблю іх і даўно вывучыла іх чытацкія інтарэсы і не толькі», – падкрэсліла Надзея Пушыла. У 2000-ых бібліятэка размяшчалася ў будынку сельскага клуба, а з 2016 года яна стала інтэграванай і пераехала ў школу. І гэта выратаванне для маленькіх сельскіх бібліятэк, лічыць мая субяседніца і дадае:
– Літаральна праз пару гадоў я пераканалася, наколькі гэта было выверанае рашэнне з боку кіраўніцтва – аб’яднаць бібліятэкі, базіравацца ў школе. Інакш сельская бібліятэка згасла б, нават сам ранейшы будынак быў не такі ўтульны і зручны. А тут бібліятэка жывая, пастаянны кругаварот, да гадзін трох пастаянна дзеці, а пасля дарослыя завітваюць. Мае сталыя наведвальнікі з насцярогай аднесліся да пераезду ў новы будынак, але паступова прывыклі, і ўсе цяпер задаволеныя.
Зараз у фондзе бібліятэкі 12 тысяч кніг. Яны вельмі кампактна размешчаны на палічках, зручна шукаць іх. У цэнтральнай бібліятэчнай сістэме некалькі гадоў існуе вельмі харошая паслуга, якая надта падыходзіць чытачам з Вялікай Гаці. Размова ідзе пра кнігасховішча, ці своеасаблівы абменны фонд. Усе наведвальнікі Вялікагацкай сельскай бібліятэкі ведаюць, што на адведзеных дзвюх палічках стаяць навінкі кніжнага свету. За паўгода чытацкі касцяк вёскі іх прачытвае, а гэта недзе пад сотню-паўтары адзінак кніг. І тады з Івацэвіч Надзея Пушыла вязе ім іншыя. Па словах бібліятэкара, карыстаюцца попытам новыя беларускія раманы Георгія Марчука, Аляксандра Афяроўскага, і Іван Шамякін зноў на хвалі папулярнасці. Нешта падказвае, што мастацкі густ чытачоў у такіх невялічкіх бібліятэках залежыць ад густу і асобы чалавека, які тут працуе. У Вялікай Гаці сярод чытачоў бібліятэкі ёсць нават дальнабойшчыкі!
Сама Надзея Іванаўна шчыра прызнаецца, што ёй зараз больш даспадобы публіцыстыка, асабліва мясцовых аўтараў – Алеся Зайкі і Святаслава Кажадуба. Любіць і сатыру Віктара Рэчыца, і лірыку берасцейскай аўтаркі Ярыны Дашынай. Штосьці перачытвае і па парадзе наведвальнікаў.
На пытанне, ці складаней зараз працаваць, Надзея Пушыла ўпэўнена адказала, што, наадварот, прасцей. У школе добра да яе аднесліся, і ва ўсіх мерапрыемствах для дзяцей адчуваецца дапамога настаўнікаў. Ведай ды працуй, лічыць яна, столькі рознай інфармацыі для мерапрыемстваў, ды і метадычны аддзел стараецца – адно не лянуйся, праводзь. Даведзены план па чытачах і мерапрыемствах выконваецца без праблем.
Ёсць і брэндавае мерапрыемства ў Вялікагацкай сельскай бібліятэцы – «Дарога дамоў», якое ладзіцца 3 снежня, у Дзень інвалідаў. У першай палове дня рыхтуюцца салодкія падарункі сіламі наведвальнікаў бібліятэкі, а ў другой палове дня гэтыя прэзенты дорацца, тут удзельнічаюць пераважна дзеці – з якім шчырым задавальненнем яны ўручаюць падарункі.
Увогуле ўсе мерапрыемствы з лёгкасцю праводзяцца, бо Надзеі Іванаўне самой цікава іх ладзіць, любіць яна сваіх маленькіх чытачоў, паважае і ўдзячная за адданасць дарослым. Асабліва адчула жанчына ад іх зваротную сувязь, калі не стала яе таты – столькі слоў падтрымкі атрымала, а добрае слова лечыць душу.
У вольны ад работы час Надзея Пушыла з асаблівай асалодай займаецца выпечкай і прыгатаваннем смачных страў, якія яшчэ і з густам сервіруе. Дарэчы, тое, што жанчына дбайная гаспадыня, мы зразумелі адразу – на рабочым месцы таксама прыгожа і акуратна.
Жыццё не стаіць на месцы, і цяпер муж працуе ў роднай гаспадарцы, ён часта прымаў удзел у жніве падчас водпускаў, а зараз канчаткова перайшоў сюды. І настолькі кайфуе, калі бачыць, як зерне сыплецца ў борт машыны, якое жыта ўрадзіла. Рада таму і жонка – аграном па спецыяльнасці, але прызванне якой – быць бібліятэкарам, а значыць, і псіхолагам, і настаўнікам, і літаратуразнаўцам, і сябрам, і дарадцам для чытачоў. Бо за дваццаць з гакам гадоў бібліятэчная справа стала не толькі прызваннем, а і сэнсам жыцця. Нездарма адданыя чытачы прыходзяць сюды па лекі для душы.