Калі быць дакладнымі, першы нумар выдання выйшаў у свет у верасні 1939 года.
Пералістваючы тоўстыя падшыўкі з пажаўцелымі старонкамі газет, нам ёсць што ўспомніць. За 85 гадоў існавання раённай газеты над яе стварэннем працавалі дзясяткі людзей. Рэдактары, карэспандэнты, адказныя сакратары, фотакарэспандэнты, наборшчыкі, вярстальшчыкі…
Газета – летапіс раёна аб яго жыхарах, прадпрыемствах, шчырых працаўніках, радасных і сумных падзеях, новых пачынаннях і адкрыццях, балючых стратах і нараджэннях. Колькі за гэтыя гады напісана артыкулаў, інтэрв’ю, зроблена рэпартажаў, апублікавана пісем нашых чытачоў! Сотні, тысячы, мільёны газетных радкоў і сёння захоўваюць багатую гісторыю Івацэвіцкага краю.
Што засталося нязменным, дык гэта тое, што раёнка заўсёды жыла адным жыццём з нашай краінай і ў вельмі цеснай сувязі – з Івацэвіцкім раёнам.
У юбілей прынята падводзіць вынікі. А галоўны вынік: нягледзячы на розныя ўзварушэнні за гэтыя 85 гадоў у грамадска-палітычным жыцці, эканоміцы, наша газета жыве. Па-ранейшаму моцная сувязь з чытачамі. Нам часта тэлефануюць, пішуць, дзеляцца сваімі бедамі, расказваюць пра радасныя падзеі, пра цікавых людзей. Значыць, нам давяраюць. А ў наш час гэта дарагога каштуе!
Кожны нумар газеты выходзіць у тэрмін, як і раней! І гэта таксама важны юбілейны вынік. Мы перараслі фармат газеты, зараз мы хутчэй медыяагенцтва з аўдыторыяй больш за 32 тысячы падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Сучасная газета «Івацэвіцкі веснік» мае аднайменны сайт, сацыяльныя сеткі «Аднакласнікі», «Вконтакте», Фэйсбук, Інстаграм, тэлеграм-канал «Ивацевичи. News», што дазваляе заставацца нашым чытачам з любімай раёнкай і ў віртуальнай прасторы.
Сёння крочаць дарогай часу, з упэўненасцю глядзяць у будучыню супрацоўнікі рэдакцыі, а дапамагаюць ім у гэтым пазаштатныя аўтары.
16 кастрычніка ў зале Івацэвіцкага РДК сабраліся тыя, хто на працягу многіх гадоў рабіў свой унёсак у выхад газеты і фарміраваў традыцыі – нашы ветэраны працы, а таксама тыя, хто дапамагае нам сёння папаўняць газетныя палосы цікавымі матэрыяламі – нашы пазаштатныя аўтары.
У ліку ганаровых гасцей на мерапрыемстве прысутнічала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Краўчук, якая павіншавала ўсіх датычных да юбілею раёнкі са святам.
– Сёння сродкі масавай інфармацыі адыгрываюць вельмі важную ролю ў жыцці кожнага чалавека, таму што яны нясуць нам навіны, інфармацыю, расказваючы аператыўна пра падзеі. І вельмі важна, каб гэтая інфармацыя паступіла своечасова, была праўдзівай і цікавай чытачам. Таму вам патрэбна заўсёды трымаць руку на пульсе. Жадаю калектыву рэдакцыі творчых поспехаў у іх цікавай і нялёгкай працы, новых ідэй, аб’ектыўных артыкулаў і, вядома ж, шчасця! Няхай газета і далей ідзе ў нагу з нашым дынамічным часам, не старэе насуперак ганароваму ўзросту і будзе заўсёды запатрабаванай, – адзначыла Ірына Віктараўна.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў узнагародзіла за шматгадовую і добрасумленную працу супрацоўнікаў рэдакцыі, работа якіх вельмі важная, але яе можна заўважыць, як падкрэсліла Ірына Віктараўна, чытаючы газетныя нумары паміж радкоў. Так, Граматай Івацэвіцкага райвыканкама ўзнагароджана галоўны бухгалтар Тамара Саванчук, Граматы раённага Савета дэпутатаў удастоены вадзіцель і фотакарэспандэнт Валерый Міскевіч, а Пісьмом Падзякі райвыканкама ўзнагароджана старшы аператар набору і вёрсткі Тамара Кузьміч.
Шмат цёплых слоў і віншаванняў гучала ў адрас нашых пенсіянераў раёнкі і пазаштатнікаў, яны таксама не засталіся без узнагарод і падарункаў ад рэдакцыі. Цёплую сяброўскую атмасферу сваімі канцэртнымі нумарамі дапамагалі ствараць работнікі Івацэвіцкага РДК.
А галоўным падарункам для «ІВ» у юбілей і не толькі па-ранейшаму з’яўляецеся вы, нашы паважаныя чытачы і падпісчыкі. І пакуль вы застаяцеся разам з намі, мы цвёрда ўпэўнены, што наша любімая раёнка адзначыць яшчэ не адзін юбілей!
Рэдакцыя «ІВ».