Ужо трэці год я працую ў Амяльнянскай школе. Пасля заканчэння Брэсцкага ўніверсітэта імя. А. С. Пушкіна і службы ў арміі пераразмеркаваўся сюды з Ляхавіцкай школы. Хацелася працаваць на радзіме, бліжэй да родных Краёў, там у мяне бацькі, туды наведваюцца браты.
Сваю любоў да прадметаў я стараюся перадаваць вучням, зараз я выкладаю ў 5, 6 і 7 класах. Я класны кіраўнік у 6 класе, і на бліжэйшай інфармацыйнай гадзіне акурат буду расказваць дзецям пра новаўвядзенні ў сёлетнім галасаванні. Многае пра Адзіны дзень галасавання я прачытаў падчас падрыхтоўкі да раённага праекта па прававой адукацыі «PRO право». На мінулым тыдні разам з калегамі прымаў удзел у фінале цікавага праекта ў Косаўскім замку. Прайшло два гады з моманту падпісання Кіраўніком дзяржавы Закона «Аб змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», які і ўвёў Адзіны дзень галасавання.
Так, цяпер мы за раз будзем абіраць адразу некалькіх дэпутатаў, не бачу ў гэтым праблемы, правесці лішнюю хвіліну ў кабінцы для галасавання, каб абраць дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў і ў мясцовыя саветы. Тым больш, як я разумею, гэта эканамічна выгадна для краіны.
Я буду галасаваць на малой радзіме ў Краях, на выбары мы пойдзем усёй сям’ёй. Ужо цікаўлюся спісам кандыдатаў, думаю, што некаторых з іх буду ведаць асабіста. Прасцей галасаваць, калі ты ведаеш і бачыш чалавека ў звычайным жыцці, ведаеш, як ён можа дапамагчы ў вырашэнні людскіх праблем. Лічу, кожны павінен адказна і свядома аднесціся да выбараў, нельга думаць, што адзін голас нічога не вырашае. Мы хочам, каб дзяржава паважала інтарэсы сваіх грамадзян, але і мы павінны выканаць свой грамадзянскі абавязак. Тым больш, што мы прыклад для нашых вучняў, для нашых дзяцей…