Навука сеяць і навука кіраваць

Віктар Алексяюк узначальвае ААТ «Квасевічы» чвэрць стагоддзя.
Двойчы гаспадарку ўшаноўвалі на рэспубліканскіх «Дажынках», а на абласных і раённых – з года ў год. За эфектыўнае развіццё сельгасвытворчасці калектыў быў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару, а яго кіраўнік Віктар Алексяюк «за высокі прафесіяналізм і ўзорнае выкананне службовых абавязкаў» першым у раёне ўдастоены ордэна Пашаны і медаля «За працоўныя заслугі».
Наша сустрэча з ім, мудрым, граматным і вядомым на Брэстчыне гаспадарнікам, які, не шкадуючы свайго здароўя, прысвяціў ААТ «Квасевічы» 25 гадоў жыцця, адбылася 9 студзеня.
У дзень такой знамянальнай даты Віктар Анатольевіч знаходзіўся ў водпуску. Але яго ўшаноўвалі ў гаспадарцы і прыехалі павіншаваць з цудоўным юбілеем, уручыць грамату і кветкі старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Грыгорый Касцюк і супрацоўнікі раённай газеты «Івацэвіцкі веснік».
Поспех не бывае без закладкі трывалага фундаменту
Віктар Алексяюк пра сябе не любіць расказваць, а пра гаспадарку ён так усе лічбы раскладзе па палічках, што міжволі адчуеш, як набраўся карысных ведаў. Аналіз, дэтальная раскладка, параўнанні і ўдумлівыя разважанні не толькі пра сваю гаспадарку, а ў цэлым пра развіццё сельскагаспадарчай галіны… – з такім суразмоўцам яшчэ як цікава!
ААТ «Квасевічы» – адно з найбольш эканамічна стабільных аграпрадпрыемстваў раёна на працягу дзясяткаў гадоў. Рэзультат дастойны быў і летась. З 1 130 гектараў намалацілі 6 113 тон зерня пры ўраджайнасці 54,1 цэнтнера з гектара. Гэта самая высокая ўраджайнасць у раёне, таму гаспадарка – лідар у раённым спаборніцтве, а ў абласным спаборніцтве – лідар па нарыхтоўцы кармоў.
Віктар Алексяюк узначаліў калгас «Зара» ў 1998 годзе. Яму было на той час 32 гады. Малады, амбіцыйны, граматны і ўедлівы… З таго 9 студзеня прайшло 25 гадоў. За гэты час калгас прайшоў не адну рэформу: з 2003 г. на базе калгаса створаны СВК, а напрыканцы 2016-га – ААТ.
Сакрэт поспеху гаспадаркі крыецца ў мудрасці дырэктара: «Які б ні быў цудоўны кіраўнік, а без граматных спецыялістаў і работнікаў ён не даб’ецца тых рэзультатаў, якіх бы хацелася». Яго прагрэсіўныя погляды і патрабавальнасць дапамагалі навядзенню парадку ва ўсіх звеннях і руху наперад.
– Поспех – за кошт апрацоўкі і догляду ўсіх сельскагаспадарчых культур па тэхналогіі. Але ўсе тэхналогіі напісаны для ідэальных умоў. А на практыцы трэба да іх прымянення дадаць і шматгадовы вопыт, і ўменне мысліць стратэгічна, – кажа Віктар Алексяюк. – Без добрага насення складана атрымаць дастойны ўраджай. Сёння на рынку ёсць вялікі выбар яго, але трэба правільна выбіраць насенне, іменна тое, што падыходзіць для нашай зоны земляробства.
Гаспадарка заўсёды была вытворцам насення зерневых культур, а з мінулага года яна атрымала статус элітгаса.
– Наша сёння асноўная задача – забяспечыць раён якасным насеннем з улікам гатунковага і відавога складу, каб атрымліваць добры ўраджай з меншымі стратамі, – акцэнтуе ўвагу дырэктар. – Зерне павінна быць прадуктам з высокай дабаўленай вартасцю. Сёння трэба панесці затраты, каб атрымаць харошае насенне, але гэта і будзе высокая дабаўленая вартасць. А ўвогуле, пытанне павінна ставіцца так: не што і колькі сеяць, а сеяць тое, што дае прыбытак. Добры вынік дае поле, калі добрае насенне. Але адзін вельмі паважаны вучоны папярэджваў: «Няма сорту супраць безгаспадарлівасці. Таму любы сорт з самым лепшым патэнцыялам можна загубіць і не атрымаць таго, чым ён валодае, спаслаўшыся, што ён дрэнны. Асаблівасць догляду – у строгім захаванні тэхналогіі. Сонца свеціць аднолькава, а рэзультат розны…»
Разважанні Віктара Алексеюка слушныя.
– Сёння самы важны крытэрый – не вытворчасць зерня, а жывёлагадоўля, – далей падкрэслівае Віктар Анатольевіч. – Яна дае выручку ў межах 90 працэнтаў у агульнай карціне па гаспадарцы. Таму задача – забяспечыць жывёлу паўнацэннымі кармамі. Прадаў тысячу тон зерня – гэта тое самае, што два тыдні падаіць кароў. Таму зерне павінна быць прадуктам з высокай дабаўленай вартасцю. А высокая дабаўленая вартасць будзе, калі мы яго прапусцім праз страўнік. Раслінаводства цяпер – гэта падсобная галіна для жывёлагадоўчага цэха. Ушаноўваць трэба, лічу, і жывёлаводаў.
Так, прадукцыя жывёлагадоўлі дазваляе папаўняць казну гаспадаркі круглы год.
А грошы гэты гаспадар лічыць умее. І калі яны ёсць, на яго думку, імі трэба правільна распарадзіцца. Так, каб была максімальная карысць для гаспадаркі. Новыя малочнатаварныя комплексы ён будаваў, але перад гэтым дасканала вывучаў, каб зрабіць як найлепш. Яны з замкнутым цыклам – цэхамі сухастою, раздою, памяшканнямі для ўтрымання першацёлак. У выніку маюць камфортныя ўмовы як жывёла, так і персанал. І гэта, сапраўды, добра. Ужо даўно ў гаспадарцы няма даўгоў ні па крэдытах, ні перад пастаўшчыкамі, сваімі грашыма распараджаецца свабодна – хапае і на абаротку, і на зарплату, якая ў сярэднім перавышае 1 600 рублёў у месяц. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы – 3 600 галоў, з іх 1 280 – дойны статак. Надой на карову – 8 170.
– Важная не лічба – колькі надаіў, а сабекошт, – і тут удакладняе кіраўнік. – Перасягнуўшы такі рубеж, трэба намнога больш укладвацца на новыя дабаўкі, на ахову здароўя кароў… Няпроста дадаваць да такой планкі.
– За гэтыя гады погляд на поспех мяняўся? – цікаўлюся.
– Мне заўсёды хацелася, каб людзі атрымлівалі за сваю працу дастойную зарплату. Працаваў я аддана, бо атрымліваю задавальненне, калі ёсць рэзультат. І, вядома, заўсёды хочацца, каб усё атрымлівалася. Калі прыйшоў працаваць у гаспадарку, шашкай не махаў, нікога не звальняў, паступова з тымі кадрамі, што былі, нарошчвалі аб’ёмы. Хуткі поспех – гэта добра, але гэта не наш варыянт. Наш – стабільны.
Машынна-трактарны парк папаўняецца новай тэхнікай. Гаспадарка набыла камбайн КЗС-1218, кармаўборачны «Ягуар», трактар Джон Дзір…
Дарэчы, Віктар Анатольевіч мог на любым узроўні ўзняць вострае пытанне, якое патрабавала вывучэння, заступіцца за калегу ці паклапаціцца аб вырашэнні агульнай праблемы. Да яго меркавання прыслухоўваліся, улічвалі і, бывала, вырашалі для карысці справы.
– За гады работы Вы асвоілі многія прафесіі, пачынаючы з агранома. А ў псіхалогіі людзей разбіраецеся? – пытаюся.
– Так, можна сказаць, што я і псіхолаг. Усіх сваіх людзей ведаю «ад» і «да». Шкада, што ў вёсцы моладзі практычна не засталося. Касцяк механізатараў цудоўны, але ўжо сёння трэба яго папаўняць. Як і жывёлаводаў, даярак, бухгалтараў, якіх па чарзе трэба адпускаць на заслужаны адпачынак. Старыя кадры, яны правераныя, заслужаныя, надзейныя, а вось сярод моладзі такіх адзінкі. Нават высокая зарплата іх не цікавіць, не просяцца на работу… Вядома, ніхто не кажа, што праца вяскоўца лёгкая. Але хіба быць непрыкметным у горадзе лепш, чым сваімі рукамі ствараць рэальны ўласны дабрабыт на вёсцы? Наўрад ці гэта пустое пытанне, якім, на жаль, моладзь задаецца крайне рэдка.
Валянціна БОБРЫК. Фота Таццяны ДЫЛЮК, Валерыя МІСКЕВІЧА.