Не спыняцца на дасягнутым
Такі падыход у рабоце калектыву філіяла СВУ«Даманава» будуецца на сучасных тэхналогіях
Сёння філіял СВУ «Даманава» УП «Брэстаблгаз» – гэта сучаснае высокарэнтабельнае прадпрыемства, яно знаходзіцца ў тройцы лепшых сельскагаспадарчых філіялаў, далучаных у свой час да сістэмы ДВА «Белпалівагаз», і ўпэўнена трымаецца ў ліку лідараў сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Пабываўшы тут, няцяжка зразумець, што за такімі прадпрыемствамі – будучае. Дастойныя вынікі вытворчасці матывуюць кіраўніцтва на прымяненне навейшай высокавытворчай тэхнікі, на новыя інвестыцыйныя праекты, будаўніцтва з размахам і ўкараненне рацыянальных і сучасных форм арганізацыі вытворчасці і спецыялізацыі.
Дынаміка развіцця сельгаспрадпрыемства стала бачнай з моманту яго далучэння ў 2005 годзе да УП «Брэстаблгаз», і сёння гэта прыклад не проста эфектыўнага ўзаемадзеяння паміж прамысловым і сельскагаспадарчым прадпрыемствамі, а стварэнне, лічы, з сельскагаспадарчага сучаснага і прадуманага прамысловага прадпрыемства. Гаспадарка працуе па тых жа прынцыпах, што і любы бізнес. Трэба пастаянна імкнуцца зніжаць сабекошт адзінкі прадукцыі і павышаць вытворчасць у разліку на адзінку затрачаных рэсурсаў. На працягу многіх гадоў гэтай мэты дазваляў дасягнуць класічны падыход – выкарыстанне ўсё больш эканамічных сельгасмашын, прадукцыйных гатункаў раслін, эфектыўных угнаенняў і рацыянальных агратэхнічных прыёмаў.
Але час не стаіць на месцы. І ў філіяле СВУ «Даманава», на базе якога на працягу двух дзён – 19 і 20 ліпеня – праходзіў канструктыўны рэспубліканскі семінар, было чаму павучыцца і на што звярнуць увагу. У ім прымалі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты сельскагаспадарчых філіялаў сістэмы ДВА «Белпалівагаз», намеснік генеральнага дырэктара па аграпрамысловым комплексе ДВА «Белпалівагаз» Уладзімір Адашкевіч, генеральны дырэктар УП «Брэстаблгаз» Яўген Казімірчык, іншыя зацікаўленыя асобы.
Ва ўмовах рыначнай эканомікі дынамічнае развіццё філіяла СВУ «Даманава» дазваляе своечасова вызначыць перспектывы новых эканамічных арыенціраў. Дасягненні ў развіцці гаспадаркі сямімільнымі крокамі з’яўляюцца рэзультатам рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, фінансуемых галаўным прадпрыемствам УП «Брэстаблгаз». Адна з найважнейшых задач, якая ставіцца кіраўніцтвам, – гэта не толькі культура вытворчасці, а і новыя тэхналогіі, ад якіх залежыць стан эканомікі прадпрыемства, гэта праекты, рэалізацыя якіх дазволіць зэканоміць немалыя сродкі ў будучым і перайсці на новы ўзровень развіцця згодна з апошнімі дасягненнямі навукі.
Тут даўно ўжо створаны дастойныя ўмовы працы для персаналу ферм, спецыялістаў і для механізатараў. Штогод вядзецца і будаўніцтва аб’ектаў для развядзення і ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Колькі іх узведзена і рэканструявана за перыяд кіраўніцтва былога дырэктара Георгія Касцюка, складана пералічыць.
Дарэчы, будаўніцтва і сёння працягваецца з размахам. Між іншым, сама гаспадарка спецыялізуецца менавіта на развядзенні БРЖ і рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі. Пры гэтым асноўны арыенцір – малочная галіна як найбольш эканамічна выгадны кірунак дзейнасці.
Механізацыя ручной працы дазволіла меншай колькасці работнікаў выконваць у разы большы аб’ём работ з высокай якасцю. Але трэба было рухацца ўглыб вытворчых працэсаў, і кардынальныя змены па ўсіх кірунках уражваюць.
Што сёння сабой уяўляе гаспадарка, расказаў дырэктар філіяла СВУ «Даманава» Віталій Жакун:
– Сёння ў гаспадарцы паспяхова працуе чатыры жывёлагадоўчыя комплексы, з іх два – малочнатаварныя ў Даманаве і Вішнёўцы і два па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы ў Быцені і Каханове. Пагалоўе – 4 833 галавы, з іх дойнага статка – 1 120 галоў. Надой на карову за мінулы год склаў 8 012 кілаграмаў малака, і сёлета па паўгоддзю гаспадарка плюсуе на 60 літраў да ўзроўню мінулага года. Пры гэтым шчыльнасць пагалоўя БРЖ на сто гектараў – адзін да аднаго. Рэнтабельнасць продажу малака складае 46 працэнтаў, пры тым што да далучэння да «Брэстаблгазу» яна была мінусавая. Сёння на МТК «Даманава» ўсё малако адпавядае еўрапейскім стандартам і прадаецца дзяржаве гатункам экстра, і на МТК «Вішнёўка» адпрацоўваюцца апошнія штрыхі для такога ж узроўню.
«Вялікае малако» патрабуе засяроджанай работы над павышэннем прадукцыйнасці жывёлы. Стварыць і паляпшаць высокапрадукцыйны статак – задача няпростая. На МТК «Даманава» адбылася на гэтую тэму размова з галоўным заатэхнікам філіяла Андрэем ТабалА. Ён заўважыў, што на комплексе ўтрымліваецца 794 галавы дойнага статка. Гэта ў асноўным каровы другой лактацыі, сярэднясутачны надой ад кожнай – 29 літраў, але ёсць асобныя экземпляры, якія здольны даваць па 45-52 літры. Такіх на абодвух комплексах адбіраюць і ствараюць селекцыйны статак. У далейшым вывучаецца генетычны патэнцыял кожнай, і з самых пародзістых адбіраецца племядро. Для рэзультатыўнага асемянення за кожнай каровай замацаваны індывідуальны бык.
– Каб захаваць і паляпшаць якасці высокапрадукцыйнага статка, трэба на кожным этапе захоўваць тэхналогію догляду і вырошчвання, пачынаючы ад асемянення, выношвання і родаў да раздою першацёлак і догляду цялят у прафілакторыях, – казаў Сяргей Круталевіч, намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі, з якім мы пабывалі на ўсіх фермах філіяла. – Па ўзнаўленні статка ў гаспадарцы таксама харошы рэзультат. Павялічылі выхад цялят на 100 кароў.
Здароўе дойнага статка на кантролі спецыялістаў зоаветэрынарнай службы. Найперш надаецца ўвага прафілактыцы захворванняў, але і лячэнне вядзецца на высокім узроўні, хворыя каровы ў гэты перыяд атрымліваюць дадатковы стол пры кармленні. І хоць на сённяшні дзень няма пастаяннага ўрача-гінеколага, а прыцягваецца спецыяліст з «Савушкінага прадукта», на рэзультатыўнасці работы пакуль гэта не адлюстравалася. Для дыягностыкі рагуль тут ёсць свой УГД-скан, таму ў планах зацікавіць вярнуцца на работу ў гаспадарку лепшага з чатырох студэнтаў, якія праходзяць на базе гаспадаркі практыку. На добрым падмурку настроена дзейнасць артапедычнай брыгады, спецыялісты якой асвоілі гэтую работу, лічы, на месцы. Каровы пасля лячэння артапедамі праходзяць курс рэабілітацыі для хутчэйшага выздараўлення на глыбокай мяккай падсцілцы.
На фоне развіцця жывёлагадоўлі ў гаспадарцы адначасова ідзе працэс асваення новых сучасных тэхналогій у раслінаводстве. Менавіта гэты кірунак дзейнасці з’яўляецца галоўнай крыніцай фарміравання кармавой базы. Пасля далучэння суседняй гаспадаркі ЗТАА «Белагракультура» плошчы сельгасугоддзяў павялічыліся да 4 909 гектараў. Бал зямлі – 28. Сёлета тут нарыхтавана кармоў: 11 303 тоны сенажу з першага ўкосу, у тым ліку і ў палімернай упакоўцы, 860 тон зернесенажу і сена 260 тон. За мінулы год створаны паўтарагадовы запас кармоў, і сёлета стаіць задача назапасіць столькі ж.
Галоўны аграном Аляксей Масла казаў, што на зямельных угоддзях яны вырошчваюць зерневыя культуры, кукурузу і травяністыя расліны. Акрамя таго, у гаспадарцы спачатку ў якасці эксперыменту, а цяпер на добрай рэзультатыўнай аснове вырошчваюцца такія высокабялковыя культуры, як соя і сланечнік. Таксама тут стараюцца адыходзіць ад вырошчвання традыцыйных траў і культывуюць высокаэфектыўныя травасумесі. Яшчэ ў гаспадарцы ўвагу надаюць травам, насенне якіх вельмі дорага каштуе. Сёлета, да прыкладу, парадавала насенная плантацыя баркуну (донника) белага і эспарцэту. А сваё насенне – гэта гарантыя бяспекі і адчувальная эканомія сродкаў.
Пры гэтым не застаюцца без увагі актуальныя пытанні тэхнічнага пераўзбраення. У машынна-трактарным парку – 31 адзінка тэхнікі, з іх пяць – энерганасычанай. Штогод закупляецца па некалькі адзінак энерганасычанай машына-трактарнай і аўтамабільнай тэхнікі, абсталяванне для даільных комплексаў, розныя навясныя агрэгаты для выканання тых ці іншых сельскагаспадарчых работ. Прынамсі, сёлета ўжо набылі два Амкадоры і МАЗ, і да канца года гэта яшчэ не мяжа.
Для паляпшэння ўмоў працы будуецца рамонтная майстэрня, навесы для сельскагаспадарчай тэхнікі і мыйка. Летась здадзены ў эксплуатацыю ўласны камбікормавы завод, на якім усе працэсы аўтаматызаваны і які абслугоўвае адзін чалавек, а сёлета будзе здадзены новы зернесушыльны комплекс на 4 000 тон.
Асноўным паказчыкам, які характарызуе ўстойлівае развіццё прадпрыемства, з’яўляецца памер сярэднямесячнай зарплаты. Сёлета ён дасягнуў 1 310 рублёў. Пры тым, што ў некаторых радавых работнікаў зарплата складае 2 000 рублёў і больш. У сельскай мясцовасці такі ўзровень гучыць і сведчыць аб дастойнай якасці жыцця работнікаў. Дарэчы, прадпрыемства ўдзельнічае ў конкурсах і спартыўных мерапрыемствах, на выдатным узроўні наладжана культурна-масавая работа.
Пры ўсіх плюсах развіцця гаспадаркі тут не спыняюцца на дасягнутым.
На рэспубліканскім семінары гучала думка аб укараненні сістэмы дакладнага земляробства. Інакш кажучы, сістэмы кіравання прадукцыйнасцю пасеваў, заснаванай на выкарыстанні комплексу спадарожнікавых і камп’ютарных тэхналогій. Дзякуючы ёй на аснове спадарожнікавых і лабараторных дадзеных будзе складзена карта палёў з указаннем характарыстык кожнага ўчастка, а спецыялісты змогуць разлічыць колькасць насення, угнаенняў і іншых рэсурсаў для кожнага ўчастка поля з дакладнасцю да метра і павысіць прадукцыйнасць тых участкаў поля, якія раней недаатрымлівалі ўгнаенняў ці вільгаці, або чаго іншага.
І, пабачыце, хутка гэта стане наступным этапам далейшага развіцця і ўдасканалення вытворчасці прадпрыемства ў даманаве.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.