Пытанне чысціні населенага пункта датычыцца кожнага, хто ў ім пражывае, і не раз яно ўзнімалася на старонках газеты. Высветліць, як выглядаюць справы са смеццем у Івацэвічах, 20 лістапада ў чарговы рэйд адправіліся журналісты «ІВ» разам з начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Івацэвіцкага райвыканкама Андрэем Меляшкевічам.
У першую чаргу завіталі па адрасе: вул. Леніна, д. 12. Нагадаем, гэта тэрыторыя з памяшканнямі, дзе раней размяшчалася ТАА «Бытавік-сэрвіс», якое спецыялізавалася на вырабе помнікаў. У 2019 годзе таварыства ліквідавана ў сувязі з тым, што ўласнік памёр, а нашчадкі адмовіліся ад уступлення ў спадчыну. Праблема паўразваленых збудаванняў, звалкі на тэрыторыі каля іх узнімалася газетай і ў 2022 годзе, і ў красавіку 2023-га. Прыемна, што справа кранулася з мёртвай кропкі: па даручэнні старшыні райвыканкама на мінулым тыдні на гэтай тэрыторыі з дапамогай спецыялізаванай тэхнікі працавалі работнікі Івацэвіцкай ЖКГ, райста, а таксама Даманаўскага лясгаса. Як бачна, зроблены немалы фронт работ: горы смецця вывезеныя, высечана кустоўе. Канешне, навядзенне парадку там яшчэ будзе прадаўжацца, але ў параўнанні з тым, што было і як стала – неба і зямля.
З надыходам восені, калі няма зялёнай расліннасці, бачна тое, што не заўважалася летам праз шчыльныя зараснікі кустоў. У цэнтры асаблівай увагі ўдзельнікаў рэйду аказалася зона каля водаадводнага канала паміж гаражным масівам і касцёлам, а пратаптаная ад гаражоў сцежка прывяла нас прама ў стыхійную звалку. Мяркуючы па ўсім убачаным, відавочна, што гэта стала месцам прыцягнення кампаній, якія злоўжываюць півам. Стан гэтага ўчастка горада, які стаў піўной на свежым паветры, не вытрымлівае ніякай крытыкі і з’яўляецца яркім прыкладам сапраўднай абыякавасці да навакольнага асяроддзя: зямля ўсыпана пластыкавымі бутэлькамі ад піва, кавалкамі кардону, анучамі – відаць, іх выкарыстоўвалі для пасядзелак на зямлі, паўсюдна валяюцца ўпакоўкі ад чыпсаў, бляшанкі з-пад энергетыкаў, пакеты, нават паралон і пенапласт…
Ну а «вішанькай на торце» стала знаходка прама ў водаадводным канале: матрацы, насцілы, аўтамабільнае крэсла і імправізаваныя сцены з палак, спанбонду і кардону нагадваюць нешта накшталт шалаша. Праз пару метраў уздоўж канала зноў жа смецце ў пакетах. І такое кантраснае суседства з касцёлам не пануе знешняму вобліку ні вуліцы, ні горада. Ад’ехаўшы метраў сто, за магазінам «Мегаопт» убачылі падобную карціну: пад раскідзістым дрэвам таксама сляды нечых пасядзелак.
Класічнае пытанне: хто вінаваты і што рабіць? У першую чаргу, вінаваты аўтары гэтых «пейзажаў», у галовах якіх таксама сметнік. Праблему можна перакласці і на камунальную службу, маўляў, не прыбіраюць. Але і сотня дворнікаў не будзе паспяваць прыбіраць, пакуль у нашым грамадстве ёсць людзі з пазіцыяй абыякавасці – пакінуць пасля сябе горы смецця, зрабіўшы ўрон прыродзе, роднаму гораду, яго жыхарам і сабе ў тым ліку. У дадзеным выпадку камунальная служба праінфармавана, і смецце ў бліжэйшыя дні будзе прыбранае. Аднак дзе гарантыя, што яно там не з’явіцца зноў? Застаецца адкрытым пытанне і да праваахоўнікаў: чаму раней у іх поле зроку не трапляла гэтае месца масавага распіцця алкагольных напояў?
Непрыгожай у дзень рэйду выглядала і кантэйнерная пляцоўка па вул. М. Танка, каля дома № 17. Нягледзячы на тое, што смецце вывозіцца згодна з графікам, у панядзелак тут бакі былі перапоўненыя, побач – раскіданыя пакеты са смеццем, рэшткі будаўнічых адходаў – вагонка, велізарны пакунак са стосамі кардону. Жыльцы шматпавярховак, убачыўшы перапоўнены бак, спакойна ставяць пакеты са смеццем побач. Ну не несці ж яго назад у кватэру! А вецер разносіць гэта ўсё па дзіцячай пляцоўцы.
Урны каля пад’ездаў таксама патаналі ў смецці, пасля выхадных яны былі перапоўненыя пераважна бутэлькамі ад піва.
Як высветлілася, у гэты дзень дворнік не выйшаў на работу з-за хваробы. А пакуль мы аглядалі мясцовы «каларыт», да кантэйнераў пад’ехаў смеццявоз. Зноў колькі заўгодна можна крытыкаваць камунальнікаў: не арганізавалі своечасова замену дворніку, не вывезлі смецце зранку… Але часта бывае і так, што той, хто сыпле скаргі ў адрас камунальнай службы, можа спакойна выкінуць недакурак цыгарэты ці абгортку ад цукеркі міма смеццевай урны або наогул неданесці да яе. Захаваць свой горад у чысціні і не пераўтвараць яго ў сметнік – у сілах саміх жыхароў. Згадзіцеся, прыемна жыць у чыстым горадзе. Калі ж не толькі камунальнікі будуць выконваць свае функцыі, а і мы, атрымальнікі іх паслуг, будзем захоўваць элементарныя правілы, тады механізм пачне працаваць.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.
Так выглядае зараз тэрыторыя ліквідаванага ТАА «Бытавік-сэрвіс». Работы па навядзенні парадку яшчэ не скончыліся, аднак рэзультат ужо радуе.
Такая непрыемная карціна адкрылася перад удзельнікамі рэйду ў Івацэвічах паміж гаражным масівам і касцёлам па вул. Механізатараў.
Для каго стыхійная звалка стала другім домам, прыстанішчам ці месцам адпачынку?
Пэўна, у сваім жыллі тыя, хто нашкодзіў, сочаць за парадкам лепш.
Рэшткам будаўнічых матэрыялаў не месца на кантэйнерных пляцоўках.