Больш за тры гады нясе добрыя весткі, навіны і настрой жыхарам райцэнтра паштальён Івацэвіцкага ўчастка паштовай сувязі Баранавіцкага РВПС Святлана Сяргейчык.

Яе «фронт працы» – больш за 30 вуліц – ад Леніна і да Міхнавіч, і ўсюды яе чакаюць. Яна не толькі разносіць лісты і газеты, а і афармляе падпіску, прымае плацяжы, прапаноўвае тавары – часцяком прыносіць пенсіянерам муку ці цукар, або іншыя неабходныя рэчы. Святлана адзначае, што такая паслуга карыстаецца папулярнасцю, бо гэта вельмі зручна для людзей сталага ўзросту.

– Пошта сёння стала шматфункцыянальным універсальным цэнтрам, дзе пастаянна ўдасканальваюцца тэхналогіі. Сучасныя тэхналогіі зрабілі жыццё чалавека больш зручным, але я не згодная з тым, што яны могуць замяніць ліст ці газету. Колькі эмоцый ў чалавека, калі ён атрымлівае сапраўдную паштоўку, а не паведамленне ў «Вайберы»; а як чакаюць людзі газету! Пах свежай друкарскай фарбы, шолах старонак… – дзеліцца думкамі Святлана Сяргейчык.

На яе ўчастку пражывае шмат пастаянных чытачоў і раёнкі. Поспех невялікай, але роднай газеты Святлана тлумачыць наступным:

– З-за пандэміі людзі сталі менш камунікаваць, а адкуль даведацца навіны? Усё ёсць на старонках раёнкі: хто адзначае юбілей, пра поспехі прадпрыемстваў і арганізацый, пра здарэнні, пра новыя магазіны, якія адчыніліся ў раёне, рэцэпты карысныя ды і яшчэ што для душы. І на фотаздымках у газеце хтосьці шукае знаёмых, сяброў, сваякоў. Раёнка – гэта летапіс жыцця нашай малой Радзімы.

Пагутарыўшы з намі, Святлана Сяргейчык пачала збірацца ў пуць, узяла вялікую сумку з лістамі і газетамі, бо яе ўжо чакаюць удзячныя чытачы.

Ганна ІЛЬЯШЭВІЧ, фота аўтара.

Поделиться