На трох участках самых ажыўленых вуліц райцэнтра актыўна вядуцца рамонтныя работы
У прыроды, вядома ж, няма дрэннага надвор’я, але для дарожнікаў з’яўляецца перавагай не толькі адсутнасць ападкаў, а і спякоты. Тым не менш, нават у такіх складаных умовах, калі на тэмпературным слупку на бягучым тыдні ва ўсе дні тэмпература паветра каля 30 і вышэй, дарожнікі філіяла «Івацэвіцкае ДРБУ-178» працуюць у тэмпе і зладжана.
У такую спякоту тэмпература свежага асфальту – каля 120 градусаў, але каб не надта замінаць патоку аўтамабіляў, які рухаецца па Івацэвічах у квадраце вуліц Дэпутацкай, 70 год Кастрычніка і Механізатараў, бо гэта, бадай, самыя ажыўленыя ўчасткі дарог райцэнтра, дарожная тэхніка, спецыялісты і рабочыя шчыруюць і ў выхадныя, і ў будні пасля рабочага дня да 18–20 гадзін.
На вачах мяняюцца ўчасткі гэтых вуліц, бо арганізавана работа на добрым узроўні. На перакрыжаванні вуліцы Дэпутацкай і Чарткова напачатку на мінулым тыдні з’явіўся папераджальны знак «Увага! Стык», такі ж знак з’явіўся на перакрыжаванні вуліц Механізатараў і Чарткова, і пачаліся падрыхтоўчыя работы, каб зрабіць бягучы рамонт асфальтавага пакрыцця вуліц Івацэвічаў: ад павароту з вуліцы Чарткова на Дэпутацкую, потым па Дэпутацкай да павароту на вуліцу 70 год Кастрычніка і ад павароту вуліцы 70 год Кастрычніка па вуліцы Механізатараў да вуліцы Чарткова. Агульная працягласць па перыметры – каля паўтара кіламетра.
– Так, гэтыя ўчасткі вуліц патрабавалі тэрміновай увагі, бо рухацца па іх было ўжо складана, месцамі шчэбень выпіраў з асфальту і выбоіны станавіліся небяспечнымі, – заўважае намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Рэгес. – Сродкі, якія былі выдзелены з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, на жаль, абмежаваныя, толькі на бягучы рамонт тых вуліц Івацэвічаў, дзе рухаецца большая колькасць транспарту. Таму вырашана было для людзей зрабіць па максімуме, і «закальцаваць» прамым ходам тры вуліцы: Дэпутацкую, 70 год Кастрычніка і Механізатараў, каб яшчэ і разгрузіць паток аўтамабіляў, які рухаецца па вуліцы Чарткова. Акрамя таго, вырашаецца пытанне, каб знайсці сродкі і заасфальтаваць тры аўтобусныя прыпынкі, якія месцяцца ўздоўж вуліц 70 год Кастрычніка і Дэпутацкай.
На 17 жніўня ўчастак вуліцы Механізатараў быў зроблены поўнасцю, часткова – па 70 год Кастрычніка, і кіпела работа па Дэпутацкай.
– Стараемся, каб атрымалася якасна. Вуліцы Дэпутацкая і 70 год Кастрычніка дабітыя ўшчэнт. Прараб Сямён Сяргеевіч Заяц і майстар Максім Леанідавіч Зайко паскорылі работу тым, што самі два дні рабілі здымку дарогі, каб выпрастаць прагібы і вытрымаць глыбіню асфальтавага пакрыцця на больш роўных месцах. Потым рабілі грунтоўку, выроўнівалі слой, выводзілі праблемныя месцы, а тады наверх – чыставы слой. Каб не выклікаць скаргаў з боку вадзіцеляў і закончыць аб’ект у сціслы тэрмін, рух стараемся перакрыць дзесьці часова, спачатку па адной паласе, потым па другой, – тлумачыць начальнік філіяла КУП «Брэстаблсельбуд» «Івацэвіцкае ДРБУ-178» Мікалай Лакішык. – Вопыт дарожна-будаўнічых работ у нас вялікі, сваю справу ведаем. У нас ёсць спецыялісты, тэхніка, матэрыялы, адно сродкаў абмежавана. Хацелася б і пад’езды зрабіць, і тратуары абнавіць, а хапае толькі на прамы ход вуліц… Добра будзе, калі пытанне па «кішэнях» аўтобусных прыпынкаў вырашыцца станоўча.
Тут, у Івацэвічах, у гэтыя дні працуе шмат дарожнай тэхнікі: асфальтаўкладчык, тры каткі, сем МАЗаў, трактар на падвозе вады, але асноўная нагрузка кладзецца на дарожных рабочых, ім трэба «пералапаціць» 2 300 тон асфальту.
Летась калектыў Івацэвіцкага ДРБУ-178 выконваў работы па будаўніцтве 5,3 км дарогі на Іванава – Моталь – Тышкавічы, зрабілі 2,7 кіламетра, сёлета – астатнюю частку праекта. У Целяханах разам з бярозаўскімі дарожнікамі сёлета ў сціслы тэрмін укладвалі 6 000 тон асфальту… Гарантыйны тэрмін бягучага рамонту пасля здачы аб’екта ў эксплуатацыю – да 5 гадоў.
– Я гарантую, што зробленыя ў Івацэвічах участкі вуліц праслужаць гадоў 15, не менш, – казаў Мікалай Мікалаевіч. – Мы ўвогуле гатовы выконваць значна большыя аб’ёмы работ. Для гэтага ў нас ёсць і тэхніка, і людзі. Праблема ў другім. Тых грошай, што нам выдзяляюцца на ўтрыманне дарог, катастрафічна недастаткова. Да гэтага года мы рабілі больш работ, і нам або аплачвалі гэтыя работы, або затраты пераходзілі на наступны год, а сёлета дзяржкантроль забараніў пераводзіць затраты на год наступны. Таму мы гатовы працаваць, і я гатовы адказваць за сябе і за сваіх работнікаў, калі мы штосьці няякасна зробім, але мы не можам выканаць работы звыш выдзеленых сродкаў. Бывае, людзі скардзяцца, што дарожнікі не даглядаюць сельскія дарогі. У нас у раёне 140 кіламетраў гравійных дарог, і яны ў больш-менш добрым стане, іх перыядычна прафілюем. Але іншы раз вяскоўцы патрабуюць гравійную дарогу перавесці ў асфальтавую. З асфальтавым пакрыццём дарог – 280 кіламетраў, і іх трэба своечасова ўзнаўляць, каб яны не ператварыліся ў «армянскі» асфальт. Падлічваў я гадоў пяць таму: калі перавесці кіламетр гравійнай дарогі ў асфальтабетоннае пакрыццё, то спатрэбіцца сродкаў, якімі можна адрамантаваць 10 кіламетраў асфальтаваных дарог. Лічу, што гэта і ў сённяшніх умовах нерацыянальна, тым больш, што нагрузка расце на гарадскія дарогі.
– На днях у сацыяльных сетках з’явіўся ролік, у якім грамадзянка раёна паказвала, што гравійная дарога паміж Хадакамі і Жытлінам у дрэнным стане, – падтрымаў суразмоўцу Андрэй Рэгес. – Зняты ролік быў у дождж. Любая гравійка ў дождж – гэта лужыны, гэта выбоіны, калі яна падсыхае, яе можна прагрэйдзіраваць, і яна становіцца ў належным стане. Гэта суб’ектыўная думка, здымаць такія ролікі і казаць, што ў нас усё дрэнна. Дарога падтрымліваецца ў нармальным стане, нагрузка на яе не такая вялікая, як у горадзе. Калі нехта хоча ехаць па ёй з хуткасцю 80 км у гадзіну, то гравійка на гэта не разлічана. Трэба выбіраць хуткасны рэжым. І ад сезоннасці залежыць якасць дарогі. І калі тут, у горадзе, на рамонт вышэйназваных вуліц накіравана каля 570 тысяч рублёў, то на тыя два кіламетры паміж вёскамі, каб зрабіць іх асфальтаванымі, трэба ў паўтара раза грошай больш. Затраты несупаставімыя… То якую дарогу лепш зрабіць?
Так, хацелася б многае, але зыходзячы з рэалій дня на ўсіх узроўнях, ад улады да рабочых, робіцца ўсё магчымае, каб атрымалася як мага лепш.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
P. S. Пакуль рыхтаваўся артыкул, пытанне па ўстройстве «кішэняў» аўтобусных прыпынкаў было вырашана. На гэтыя работы будуць накіраваны сродкі, якія раён атрымаў за занясенне на абласную Дошку гонару, а нехапаючая частка – гэта грошы заробленыя ўсімі намі на суботніку.