Новая тэхніка – гэта крута і камфортна
У гаспадаркі раёна паступаюць новыя камбайны і механізмы
На мінулым тыдні мы наведалі ААТ «Івацэвічыагратэхсэрвіс», а дакладней яго структурнае падраздзяленне – сэрвісны тэхнічны цэнтр ААТ «МТЗ» і ААТ «Гомсельмаш».
Кіруе гэтым падраздзяленнем Арцём Доўста, які працуе ў гэтай арганізацыі 10 гадоў. Дарэчы, Арцём Валер’евіч пачынаў свой працоўны шлях інжынерам у сэрвісным цэнтры ААТ «Івацэвічыагратэхсэрвіс» пасля вучобы ў эксперыментальнай і адзінай групе Мінскага машынабудаўнічага каледжа, у якой атрымаў адукацыю не механіка, а тэхніка-тэхнолага. Потым стаў начальнікам станцыі тэхабслугоўвання машынна-трактарнага парку гаспадаркі, займаўся паслягарантыйным рамонтам тэхнікі вытворчасці Мінскага трактарнага завода, а цяпер яго падраздзяленне адказвае за ўсю гарантыйную і паслягарантыйную сельскагаспадарчую тэхніку, якая працуе ў гаспадарках раёна і не толькі.
У гэтым калектыве працуе больш за 20 чалавек. У інжынернай службе – чатыры інжынеры. Два з іх сэрвіснай службы МТЗ, два – Гомсельмаша. Яны ўзаемазамяняемыя. Плюс сем выязных брыгад з вадзіцелямі і слесарамі і адна брыгада па абслугоўванні кандыцыянераў. Сярод іх ёсць і вопытныя, як, да прыкладу, Сяргей Мазан, працоўны стаж якога каля 40 гадоў, так і маладыя, хто толькі скончыў вучобу. А ў дзень нашага наведвання тут працавалі практыканты – навучэнцы Івацэвіцкага аграрнага каледжа. Усе слесары – універсальныя спецыялісты і працуюць прадукцыйна. З кожнай хвілінай камбайн набываў больш абрысаў да поўнага «фэйсу», а хлопцы для гэтага ўвішна карысталіся рабочым інструментам, у тым ліку са складных чамаданаў.
Калі звярнуць увагу на дынаміку работы сэрвіснага цэнтра з пункту гледжання эканомікі, то яна таксама станоўчая: рэнтабельнасць яго паслуг – каля 15 працэнтаў.
– Мы займаемся гарантыйным і паслягарантыйным абслугоўваннем тэхнікі вытворчасці ААТ «Гомсельмаш» і ААТ «МТЗ», – расказвае Арцём Валер’евіч. – Таксама праводзім тэхнічнае абслугоўванне гэтай жа тэхнікі. Да нас паступаюць камбайны з канвеера прадпрыемстваў без калёс і ў няпоўнай зборцы. Мы іх разгружаем, збіраем і праводзім перадпрадажную падрыхтоўку. На мінулым тыдні паступіла 10 камбайнаў GS12 А1 РRO ААТ «Гомсельмаш» і прыстаўкі на жняярку для ўборкі рапсу.
На дзвюх адзінках з дзясятка камбайнаў яшчэ ішоў працэс зборкі, а восем стаяла на пляцоўцы гатоўнасці для перадачы тэхнікі ў сельскія гаспадаркі вобласці. У пятніцу, 16 чэрвеня, перадалі чатыры падрыхтаваныя камбайны GS12 А1 РRO вытворчасці ААТ «Гомсельмаш» у гаспадаркі нашага раёна: два – у ААТ «Святая Воля», адзін – у ААТ «Перамога» і адзін – у ААТ «Косава». Да гэтага паступіла 11 новых камбайнаў, і менш чым за тыдзень іх усе сабралі і перадалі ў гаспадаркі. У ААТ «Целяханы-агра» паехаў тады адзін кормаўборачны высокавытворчы комплекс – КВК-800.
Каля 70 адзінак сельгасуборачнай тэхнікі будзе сёлета адгружана на Брэсцкую вобласць.
Колькі з іх пападзе ў Івацэвіцкі раён, пакуль невядома. Паведамілі, што 15 чэрвеня, у дзень нашага наведвання, з Гомеля выйшла 12 чыгуначных платформ. Сэрвісны цэнтр Гомсельмаша ААТ «Івацэвічыагратэхсэрвіс» абслугоўвае шэсць раёнаў Брэсцкай вобласці: Івацэвіцкі, Бярозаўскі, Пружанскі, Ганцавіцкі, Ляхавіцкі і Баранавіцкі, а сэрвісны цэнтр МТЗ – тыя ж раёны, акрамя Бярозаўскага і Пружанскага.
– Тэхніка сёння харошая, – кажа Арцём Валер’евіч і ветліва прапануе праехаць пару дзясяткаў метраў вадзіцелю з рэдакцыі, каб адчуць на сабе камфорт і веліч сучасных камбайнаў.
Вадзіцель упіраецца, бо тэхніка не танная, а камбайнам ён ніколі не кіраваў, хоць і ёсць правы трактарыста. Трэба быць вунь якім спецыялістам, каб справіцца, але Арцём Доўста мякка настойвае, пад яго ж наглядам.
І вадзіцель здаўся, паспрабаваў. Сапраўды, уражанні пакінуў гомсельмашаўскі камбайн вельмі добрыя. Камфортна, прасторна, а кіраваць джойсцікам на дзіва проста.
– Здорава, – выдыхнуў Валерый Міскевіч і з задавальненнем прадоўжыў. – На экране камп’ютара, што ўсталяваны побач з рулём, як толькі выбіраеш культуру для ўборкі, аўтаматычна выстаўляюцца зазоры і вызначаюцца абароты. У кабіне ціха, матор працуе бясшумна. Кандыцыянер дапамагае не пакутаваць ад спякоты. На такой тэхніцы працаваць адно задавальненне.
Мадэлі камбайнаў сёння ўдасканаленыя. Прагрэс не стаіць на месцы. Невыпадкова на тэхніку, якая выпушчана ў 2023 годзе, даецца тры гады гарантыі, на тую, што раней выпушчана, – два. Калі мы пакідалі цэнтр, ішла разгрузка прыстаўкі на жняярку для ўборкі рапсу. Мужчыны абмяркоўвалі яе перавагі, наколькі яна змяншае страты пры ўборцы… Слухала іх, і расла ўпэўненасць, што гаспадаркі будуць радыя такой новай тэхніцы. Адна ўмова: каб тэхніка працавала доўга і прадукцыйна, трэба, каб пападала яна ў надзейныя гаспадарлівыя рукі.
Сёння для правядзення ўборачнай кампаніі ў сельгаспадарчых арганізацыях раёна маецца 78
збожжаўборачных камбайнаў. Тым не менш, сярэдняя нагрузка на адзін камбайн складзе 270 гектараў зерневых і зернебабовых (без уліку кукурузы) пры нарматыве 170. Камбайнаў старэй васьмі гадоў у гаспадарках раёна – 58 працэнтаў. Таму новая тэхніка патрэбна, як паветра. За 2022–2023 гады гаспадаркі набылі 20 новых камбайнаў, у гэтыя дні чакаецца пастаўка яшчэ 14 адзінак для 10 гаспадарак раёна (на восем з іх ужо атрыманы дакументы).
Аляксандр Ятчэня, загадчык сектара механізацыі і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ўпраўлення райсельгасхарчу, адзначыў, што падрыхтоўка да жніва-2023 вядзецца ў тэмпе і завяршыцца ў цэлым да 1 ліпеня. У раёне налічваецца 23 стацыянарныя і 9 перасовачных зернеачышчальна-сушыльных комплексаў, 16 з іх працуюць на газе. Усе комплексы ў рабочым стане. Гатоўнасць прэспадборшчыкаў – 96 працэнтаў. Для адвозкі ўраджаю зерневых маецца 37 аўтамабіляў грузападымальнасцю звыш васьмі тон. Для меншых страт іх кузавы ўшчыльняюцца. Таксама прапрацавана пытанне аб магчымасці прыцягнення МАЗаў філіяла «Аўтапарк № 14 г. Івацэвічы». Прадуманы дзеянні для папярэджання пажаранебяспечных сітуацый. Усё робіцца, каб правесці жніво за 20 рабочых дзён. Уборачная плошча ў раёне – 20 780 гектараў.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.