13 красавіка ў г. Брэсце прайшоў IV Міжнародны шматжанравы фестываль-конкурс творчасці «Millеnnium», галоўнай сцэнічнай пляцоўкай якога стаў спарткомплекс «Вікторыя».
У фестывалі прымалі ўдзел канкурсанты з Беларусі і замежжа ва ўзросце ад 4 да 25 гадоў як у анлайн фармаце, так і ў вочным. Дзве ўдзельніцы з нашага раёна – падапечныя вопытнага педагога дадатковай адукацыі Ігара Якаўлевіча Геркі – вярнуліся з фестывалю з перамогамі.
Так, у намінацыі «Вакал» ва ўзроставай катэгорыі 16-18 гадоў Эвеліна Кійко, вучаніца 10 «А» класа ДУА «СШ № 4 г. Івацэвічы», стала ўладальніцай Дыплома Лаўрэата I ступені. На фестывалі вакалістка выступіла з песняй «Fall in line». Кампетэнтнае міжнароднае журы высока ацаніла талент нашай удзельніцы, і гэта не дзіўна. Як казаў педагог Ігар Якаўлевіч, за меншае і не разлічвалі! Неабходна адзначыць, што Эвеліна з’яўляецца ўдзельніцай аб’яднання па інтарэсах «Гармонія», у ім займаецца вакалам з 6 класа, і гэта далёка не першая яе перамога на міжнародным узроўні.
У гэтай жа намінацыі з песняй «Back To Black» вучаніца 10-З класа ДУА «Ліцэй Івацэвіцкага раёна» Мілена Залога заваявала Дыплом Лаўрэата III ступені. Мілена займаецца вакалам у рамках работы гуртка, які праводзіць Ігар Якаўлевіч у ліцэі. За плячамі юнай вакалісткі і яе педагога таксама перамогі на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях, апошняя з якіх, дарэчы, як і ў Эвеліны, у «Кубку Сяброўства», аб ім ужо пісала раёнка.
Ігар Якаўлевіч адзначае, што ўдзел у такога роду фестывалях каштуе не танна. Усе расходы кладуцца на плечы бацькоў, за што ім асабіста дзякуе. Але, напэўна, эмоцыі ад удзелу і перамог, якія перапаўняюць канкурсантаў, іх настаўнікаў і бацькоў, таго вартыя. А дзяўчаты кажуць, што удзел у такіх маштабных мерапрыемствах дае магчымасць найбольш рэалізаваць свой творчы патэнцыял і заўсёды дорыць новыя знаёмствы.
Сёлетні фестываль праводзіўся пад эгідай Года гістарычнай памяці, бо патрыятычнае выхаванне дзяцей і падрастаючага пакалення праз мастацтва, творчасць і паразуменне – адна з найважнейшых задач.
Няхай агеньчык творчага запалу і натхнення ў гэтых юных вакалістках і далей разгараецца. А мы віншуем таленавітых дзяўчат і іх педагога з высокімі дасягненнямі і жадаем новых творчых перамог!
Аксана ЦЯРЭШКА.