Фермер Юрый Андрасюк расказаў, на які эксперымент у сельскай гаспадарцы рашыўся чатыры гады таму і што з гэтага атрымалася

Кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Кушняры» Юрый Андрасюк у сельскай гаспадарцы з 1996 года і ў апошнія гады працуе па нулявой тэхналогіі (No-till). Ён не ўзворвае зямлю, а сее насенне ў неапрацаваную глебу, дзе захаваліся рэшткі мінулых ураджаяў. Здробненыя расліны, ці мульча, утрымліваюць вільгаць, што дапамагае раслінам перажыць засуху, а гэта актуальна для Беларусі ў апошнія гады. І якая эканомія!

На тэхналогію No-till, ці безадвальную апрацоўку глебы, нядаўна звяртаў увагу і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Наведваючы ў жніўні адну з фермерскіх гаспадарак на Віцебшчыне, якая паспяхова працуе не па класіцы, ён даручыў вывучыць вопыт прымянення дадзенай тэхналогіі, каб праз год зрабіць канчатковыя высновы, і абазначыў дадзенае пытанне як стратэгічнае.

А якія высновы паспеў зрабіць Юрый Андрасюк і чаму звярнуўся да нулявой тэхналогіі цяпер, да таго, як гэта стала мэйнстрымам у нашай краіне? Але спачатку раскажам пра яго самога і яго жыццёвы выбар на карысць фермерства.

«Сельская гаспадарка – гэта рулетка»
Юрый Міхайлавіч нарадзіўся ў Івацэвічах, а вучыўся ў Пінску, у тэхнікуме мясной і малочнай прамысловасці. Пасля вучобы крыху папрацаваў на сыракамбінаце ў Бярозе, потым на малаказаводзе ў Івацэвічах, некаторы час займаўся вытворчасцю мяккай мэблі. На 10 гадоў затрымаўся ў электрасетках, паралельна займаючыся фермерствам, але прыйшоў час рабіць выбар, і яно пераважыла. Займаўся не толькі раслінаводствам, але і жывёлагадоўляй – тры гады. Толькі ад свінарніка прыйшлося пазбавіцца, калі прыйшла чума, а за ім збыў і кароў – было іх 32.

– Моцна я не выспаўся за тыя тры гады. Пад’ём у 4.50, а ў ложак кладзешся апоўначы, ні выхадных табе, ні свят. І тое дастаткова цяжка, – расказвае Юрый Міхайлавіч. – Спыніўся на раслінаводстве. Пачынаў з чатырох гектараў зямлі, зараз маю каля 200. Бал яе ў асноўным 21, а на ўчастку, што каля маёй базы (былой фермы ў в. Азярцо, якую выкупіў) – толькі 10. Трэба пастарацца, каб атрымаць тут ураджай, і мы атрымліваем. Увогуле ж сельская гаспадарка – гэта такая рулетка! Ніколі нельга быць упэўненым у рэзультаце на 100 %. Мы робім усё, што ад нас залежыць, толькі не ўсё залежыць ад нас: ёсць рэчы, на якія не паўплываеш. І хоць гэта і так, я яшчэ планую паваяваць за ўраджаі, бо без гэтага, напэўна, ужо не магу. Прыязджаеш на палетак, а там высачэзная кукуруза – табой вырашчаная. Такое атрымліваеш задавальненне! Не кожны тое можа адчуць і зразумець, а я адчуваю.

Раслінаводства – паняцце шырокае. Юрый Андрасюк спыніўся на вырошчванні кукурузы, зерневых (зараз гэта пшаніца) і гародніны (бульбы, некалі – цукровых буракоў, а зараз – патысонаў і таматаў). Прызнаецца: гароднінай займацца не любіць, высокая рызыка, што не будзе попыту, як у мінулым годзе на бульбу. Ці ўраджай дашчэнту вынішчаць замаразкі, і такое здаралася ў мінулым верасні. Іншая справа зерневыя і кукуруза – яны ў любімчыках. Зручна сеяць, і ўборка позняя. Гаспадар толькі плануе да яе прыступіць, тэхніку – камбайн, машыну для адвозкі зерня – бярэ ў арэнду, так больш выгадна. І на тую ж пшаніцу і кукурузу заўжды ёсць попыт, а ў асобныя гады ўраджай разлятаецца, як гарачыя піражкі. Але спачатку яго трэба вырасціць…

Безадвальная апрацоўка зямлі – плюсы і мінусы
Калі гаспадар паказваў нам кукурузу, якая дакладна перасягнула два з паловай метры ў вышыню (а то і больш!), нават не верылася, што яна вырасла на неапрацаваным полі. І ўсё так элементарна і проста: прыбраў, пасеяў, зноў прыбраў. Насамрэч, па меркаванні Юрыя Міхайлавіча, па новай тэхналогіі, якая, дарэчы, папулярная ў многіх краінах свету – Аргенціне, Бразіліі, ЗША і іншых, працаваць больш складана. І падводных камянёў шмат, таму навічок наўрад ці будзе мець поспех адразу. І ў самога гаспадара не заўжды атрымліваецца ўбачыць вынік такім, якім ён сабе яго ўяўляў. Шмат гадоў Юрый Міхайлавіч працаваў па класічнай схеме: і араў, і дыскаваў, і культываваў зямлю, мае для гэтага ўсё неабходнае абсталяванне і тэхніку. Але само жыццё падштурхнула да эксперыменту.

– Адзін раз усё высахла, другі раз… І я пачаў шукаць спосаб захавання вільгаці ў глебе. І, здаецца, знайшоў. У гэтым сэнсе паказальны нават гэты год. У многіх гаспадарках пагарэлі і яравыя, і азімыя, у мяне ўсё больш-менш добра, хоць і не выдатна. Да таго ж калі я атрымаю такую ж ураджайнасць, як гаспадаркі, буду ў лепшым становішчы, бо панёс значна менш затрат – на тэхніку, на паліва, на рабочую сілу, – разважае фермер. Працуючы па тэхналогіі No-till, гаспадар не мае патрэбы ў механізатары. На пастаян-най аснове з ім працуе толькі агароднік, падчас уборкі ўраджаю да іх далучаюцца сезонныя рабочыя.

Пры нулявой тэхналогіі тое, што расло ў полі, драбніцца – і атрымліваецца тоўсты слой мульчы (гэта рэшткі раслін). Яна затрымлівае вільгаць. Прама па ржышчы пасля ўборкі ўраджаю насенне сеецца на патрэбную глыбіню, адначасова агрэгат уносіць угнаенні. Зямлю трэба абавязкова апрацоўваць ад пустазелля, яно даставіць нямала клопатаў у першыя гады. З іншага боку, калі не пераварочваць зямлю, то закапанае глыбока насенне пустазелля не трапіць наверх і не мае магчымасці прарасці. Пры рэгулярнай апрацоўцы хімсродкамі маштабы «пустазельнай» праблемы паменшацца. Прыйдзецца павазіцца і са шкоднікамі. Увогуле хімпраполкі, апрацоўкі фунгіцыдамі праводзяцца інакш, чым пры класічным падыходзе. Час ад часу гаспадар праводзіць чызеляванне, ці безадвальнае рыхленне глебы. Не будзеш ва ўсім гэтым разбірацца – прагарыш.

Юрый Міхайлавіч увогуле бачыць у пустазеллі карысць. Пры тэхналогіі No-till важна, каб зямля была заўсёды закрытая, – каб не было чорнай зямлі ці пустога поля: арганіка разбураецца пад уздзеяннем ультрафіялету. Таму землі, якія пад папарам, якія адпачываюць адзін сезон, гаспадар засявае сідэратамі – усімі, якіх наскрабе па засеках. І насенне пустазелля ў зямлю трапляе таксама. Ад злоснага пустазелля робіцца хімапрацоўка, астатняе разам з зялёнай масай вырасце і ў свой час угноіць глебу – гэта ж арганіка. Тое зусім не азначае, што землі не апрацоўваюцца належным чынам ці закінутыя – тут растуць прамежкавыя культуры. З такім падыходам не згодная землеўпарадкавальная служба, якая сваімі дзеяннямі ўносіць карэктывы ў планы фермера. Магчыма, з цягам часу, калі працуючых па дадзенай тэхналогіі пабольшае, паразуменне ўсё ж будзе знойдзена.

Юрый Андрасюк па адукацыі не аграном, таму часта раіцца са спецыялістамі, аграномы бываюць на яго палях. Ды і сам за столькі гадоў паглыбіўся ў тэму. Агрэгат для прамога пасеву кукурузы змайстраваў сам. Але спачатку шукаў абсталяванне ў інтэрнэце і ў сеціве пазнаёміўся з фермерам з Ліды, які ўжо працаваў па нулявой тэхналогіі. Пазней наш фермер далучыўся да цэлай суполкі калег (іх 18), з якімі цяпер на сувязі праз Вайбер, у іх ёсць група «Прамы пасеў», дзе яны дзеляцца карыснай інфармацый.

Што сёлета з ураджаем?
Год на год не прыходзіцца – ураджай бывае розным, але сёлета фермер разлічвае на адносны поспех. Пшаніца, пасеяная пасля 15 мая па несабранай рэдзьцы, выжыла ў засуху, бачна па коласе, што дзесьці будзе і па 30 ц/га, а дзесьці і 15.

– Сярэдняя тэмпература па бальніцы будзе нармальная, – жартуе гаспадар. Кукуруза таксама высокая, пачаткі налітыя, і ёй жа яшчэ расці. Яе абмалочваюць на фуражнае зерне ў суседнім сельгаспрадпрыемстве, ураджай ідзе на продаж. Усё, акрамя зерня, застаецца ў полі, ляжыць на паверхні і перагнівае, у глебу дадаецца гумус.

Фуражная кукуруза, якой у фермера гектараў 60, сеецца ў зямлю, а цукровая, што ідзе на кансерваванне (ёсць і такая), высаджваецца расадай. У мінулым годзе вырасціць апошнюю не атрымалася, сёлета атрымалася часткова – гэта эксперымент (і расце яна на ўчастку з балам зямлі 10). І ўсё ж першую цукровую кукурузу Юрый Андрасюк прадаў, дарэчы, пры яе вырошчванні зусім не выкарыстоўваліся гербіцыды. Фермер лічыць, што пры харошым падыходзе можна вырасціць добрую кукурузу і з айчыннага насення, і з імпартных гібрыдаў. Толькі з цалкам айчыннай больш работы, ёй патрабуюцца прэпараты, што дапамогуць росту і развіццю каранёў, трэба дадаткова адпрацоўваць яе ад шкоднікаў. Імпартныя гібрыды больш засухаўстойлівыя.

Што тычыцца гародніны, ураджай бульбы павінен быць неблагі. Але што гэта дасць? Юрый Міхайлавіч рэалізаваў увесь мінулагодні ўраджай, акрамя бульбы, бо яна аказалася нікому не патрэбная нават за смешныя грошы. Найхутчэй ён будзе адмаўляцца ад яе вырошчвання, а ў перспектыве і ад гародніны. Аднак падчас візіту журналістаў кіпела работа па полі, дзе вырошчваюцца патысоны, сваёй чаргі чакала плантацыя таматаў. І адны, і другія растуць на плёнцы, пад якой – сістэма кропельнага паліву. І тыя, і другія ўрадзілі. Кусты памідораў ніхто не падвязвае, яны ляжаць прама на плёнцы, абсыпаныя пладамі. Таматы сярэдняга памеру, яны так і просяцца ў слоікі. Іх сапраўды чакае кансерваванне. І патысоны, і таматы ў ФГ «Кушняры» вырошчваюць пад кліента – брэсцкую фірму, якая экспартуе сваю прадукцыю ў Расію. А вось на кірмашы Юрыя Андрасюка не сустрэнеш – неяк двойчы стаяў там з агуркамі і двойчы пратаргаваўся. Час ад часу супрацоўнічае з Івацэвіцкім райста, часта оптам прадае бульбу ў калоніі № 5 і № 22 – яна добра захоўваецца, а сорт – «Гала». Можа прадаць і мяшок-другі зерня гаспадару, які зробіць заказ і аплаціць прадукцыю ў банку.

Завяршаю размову пытаннямі, да чаго варта рыхтавацца будучаму фермеру, ці раіў суразмоўца сваім дзецям займацца сель-скай гаспадаркай (у Юрыя Міхайлавіча і яго жонкі Алены Мікалаеўна ёсць дачка Вікторыя і сын Захар, жывуць у Мінску).

А артыкул завяршаю мудрым адказам суразмоўцы:
– Дзяцей я не прымушаў цікавіцца тым, што цікава мне. Усё ж да сельскай гаспадаркі трэба прызванне. Гэта цяж-кая справа, трэба яе любіць і да любові гэтай прыйсці. Я шмат дзе парабіў, паездзіў па іншых краінах, але вярнуўся да зямлі, хоць і гарадскі. Тое ў генах. Адзін знаёмы фермер, ужо нябожчык, казаў так: «Мы ўсе гарадскія, толькі з розных вёсак». А рыхтавацца будучаму фермеру трэба да таго, што давядзецца мала спаць і шмат працаваць, але яно таго варта.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться