Часта абмяркоўваемай і набалелай тэмай у бацькоў, якія водзяць сваіх дзяцей у дзіцячы садок № 5 г. Івацэвічы, з’яўляецца стан дарогі да гэтай навучальнай установы. Акрамя таго, што пад’язны шлях да садка вузкі, і двум аўто на ім не размінуцца, дык і само гравійнае пакрыццё пакідае жадаць лепшага – машыны «спатыкаюцца» на ямах, хаця дарога час ад часу грэйдзіруецца.
Разбіраючыся ў гэтай праблеме, журналісты «ІВ» адчулі на сабе ўсе «выгоды» пад’езду да садка. Звярнуўшы з асфальтавай дарогі па вул. 70 год Кастрычніка, на рэдакцыйнай машыне спрабуем пад’ехаць да дашкольнай установы і трапляем у нязручнае становішча: з двара садка акурат у гэты час выязджаў грузавік, што дастаўляў прадукты, і каб размінуцца, нам давялося ехаць назад.
Трэба сказаць, што наш выпадак не адзінкавы, бо кожны дзень прыкладна з 7 да 8 ранку ў дзіцячы садок службовая машына дастаўляе хлеб, а ў гэты час ажыццяўляецца і прыём дзяцей. Згодна з праектам гэты пад’язны шлях прадугледжаны толькі для спецтэхнікі, што дастаўляе ў садок прадукты і вывозіць смецце. Аднак з-за адсутнасці іншай дарогі бацькі і дзеці карыстаюцца ім, а каб размінуцца машынам, яны вымушаны парой заязджаць на зялёную зону. Але ж бацькам патрэбна не толькі давезці дзіця да садка, але і суправодзіць у групу, дапамагчы распрануцца, таму на пэўны час неабходна дзесьці пакінуць аўто. Стаянкі ля садка няма, а на бліжэйшых, як правіла, ужо прыпаркаваны машыны жыхароў пяціпавярховак.
На сённяшні дзень у ДУА «Дзіцячы сад № 5 г. Івацэвічы» навучаецца 224 выхаванцы ў 12 групах, таму нескладана ўявіць, які інтэнсіўны рух транспарту і пешаходаў тут зранку і ўвечары. Дарэчы, і пешаходам тут патрэбна дабірацца з перашкодамі, асабліва ў дні непагадзі. Справа ад садка дзеці і бацькі, што ідуць з вул. М. Танка, ужо вытапталі сцежку, але ж куды зручней хадзіць па тратуары, а не пэцкаць у гразі абутак.
Аб гэтых праблемах кіраўніцтва Івацэвіцкага райвыканкама ведае, і ўжо абазначаны шляхі іх вырашэння, аб чым раёнка яшчэ раскажа на сваіх старонках.
Наш кар.