Нясуць святло і цяпло людзям
Сімвалічна, што ў адзін з самых кароткіх дзён у годзе – 22 снежня – сваё прафесійнае свята адзначаюць энергетыкі, якія робяць наша жыццё больш цёплым і ярчэйшым. Менавіта ад зладжанай работы энергетыкаў залежыць бесперабойная работа прадпрыемстваў і ўстаноў, дзіцячых садоў і школ, бальніц, а таксама цяпло і ўтульнасць у дамах жыхароў.
Целяханскі ўчастак – самы вялікі па плошчы і самы складаны па ўмовах работы ў Івацэвіцкім РЭС, паколькі большая частка ліній электраперадач 10 кВ праходзіць па лясных масівах. Плошча ўчастка – ад Вулькі-Аброўскай да Рудні і ад Бабровіч да Гошчы, працягласць ліній 10 кВ – цэлых 289 км. З аб’ёмам работ 11 чалавек Целяханскага ўчастка на чале з маладым майстрам Алегам Тысевічам спраўляюцца.
Алег Тысевіч – мясцовы хлопец, шматдзетны бацька, працуе на ўчастку з 2013 года пасля заканчэння Белаазёрскага каледжа электратэхнікі. Быў электраманцёрам, набраўся вопыту і з канца 2019 года ўзначальвае Целяханскі ўчастак. Калектыў пераважна малады, ёсць чатыры больш вопытныя работнікі, якія гатовыя даць параду і дапамагчы моладзі. Як адзначыў майстар, усе члены яго брыгады – прафесіяналы сваёй справы, для кожнага галоўнае – адказнасць і любоў да аднойчы абранай прафесіі.
Сем чалавек працуюць па звычайным графіку з васьмі раніцы да пяці вечара, а чацвёра дзяжураць на падстанцыі «Целяханы» па двое (суткі праз двое), каб кругласутачна ведаць, ці ўсё спраўна працуе, ці ёсць нейкія непаладкі.
Дыспетчары – гэта граматныя спецыялісты, якія добра ведаюць раён абслугоўвання, тэхналогію выканання работ, а галоўнае – умеюць хутка арыентавацца ў любой сітуацыі і прымаць правільныя рашэнні. Дзяжурны дыспетчар на падстанцыі атрымлівае ад насельніцтва званок-паведамленне, што ёсць няспраўнасці, і тады за справу бярэцца аварыйная брыгада – пачынае шукаць праблемны ўчастак, перазапітвае іншыя – і «да будет свет!».
Зімой падчас такіх моцных снегападаў работы ў энергетыкаў дабавілася – бываюць і месцы наліпання снегу, што вядзе да паломкі ліній перадач. Напрыклад, у мінулыя выхадныя адна лінія на Целяханшчыне выйшла са строю, спатрэбілася дзве гадзіны, каб узнавіць і настроіць яе.
2022 год выдаўся для целяханскіх энергетыкаў больш напружаным, але яны справіліся з усімі пастаўленымі задачамі. У сувязі з падрыхтоўкай да абласных «Дажынак» праводзіўся вялікі аб’ём работ па рамонце электрасетак, базы з тэхнічным забеспячэннем, рамантавалася і падстанцыя 110/10 кВ «Целяханы» з тэлемеханізацыяй. Тэлемеханізацыя дазваляе больш хутка знайсці месца, дзе нешта выйшла са строю на лініях 10 кВ, і сам дыспетчар можа ўключаць і выключаць пры неабходнасці рэклоўзеры, так называюцца дадзеныя апараты.
– За гэты год шмат змяненняў адбылося на самой падстанцыі, – тлумачыць майстар участка Алег Тысевіч. – Быў зроблены вялікі навес для складзіравання абсталявання, устанавілі кран-балку, адбыўся капітальны рамонт гаража, ды і ўсёй падстанцыі ў цэлым. Для персаналу таксама пастараліся – цяпер для людзей ёсць свой будынак, з новай мэбляй, душавымі, прыбіральняй.
Добраўпарадкавалі і тэрыторыю падстанцыі – палажылі плітку-брусчатку, зрабілі прыгожы газон.
Зараз яшчэ вядуцца некаторыя работы на тэрыторыі абслугоўвання ўчастка: так званыя голыя провады мяняюцца на ізаляваныя, а старыя падстанцыі КТП – на МТП (мачтавыя трансфарматарныя падстанцыі). Гэта дазваляе павялічыць надзейнасць для электразабеспячэння карыстальнікаў і стварае добрыя тэхнічныя ўмовы для падключэння электрычнага ацяплення, таму работа ў гэтым кірунку будзе прадоўжана.
Дарэчы, на Целяханскім участку «электрычных» шматкватэрных дамоў пакуль няма, але ў кожным населеным пункце ўчастку ёсць прыватныя «электрычныя» дамы. Нагадаем, што для такіх абанентаў дзейнічае льготны тарыф.
Мы прымаем як належнае, што ў нашых кватэрах гарыць электрычнае святло, што ў цёмны час сутак асвятляюцца вуліцы гарадоў і вёсак, што стабільна працуюць бытавыя электрапрыборы, і ніколі не задумваемся над тым, а хто ж за гэтай звычайнасцю стаіць, хто забяспечвае стабільную дзейнасць велізарнай электрычнай гаспадаркі. За ўсімі пералічанымі лічбамі і кіламетрамі дзень у дзень стаяць людзі, таму напярэдадні прафесійнага свята віншуем энергетыкаў нашага раёна і зычым шчасця, здароўя, дабрабыту і новых працоўных дасягненняў!
Марыя Сазонава.
Фота Валерыя Міскевіча.