Будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома па вул. Чарткова (непадалёку ад цырульні «Маладосць») у нейкай ступені змяніла ўклад жыцця жыхароў гэтай вуліцы. Узніклі нязручнасці – невялікія, бо будаўнікі правялі падрыхтоўчыя работы: з’явіліся новыя парковачныя месцы, прадугледжаны іншыя пад’язныя шляхі.
Тым не меней, скаргі ёсць. Адна з іх паступіла ад жыхаркі дома № 35а па вул. Чарткова. Жанчына абураецца, што іх прыдамавая тэрыторыя стала актыўна эксплуатавацца праязджаючымі аўтамабілямі, вадзіцелі якіх дастаўляюць дзяцей у «Яслі-сад № 4 г. Івацэвічы». За 15 мінут праязджае больш за 20 машын праз іх звычайна ціхі двор. Пры гэтым вадзіцелі не захоўваюць хуткасны рэжым, адсюль шум рухавікоў, загазаванасць і іншыя непрыемнасці.
Вось якія тлумачэнні па сітуацыі, якая склалася ў раёне цырульні «Маладосць», дае Вольга Міхнюк, галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ Івацэвіцкага райвыканкама:
– Спяшаюся паведаміць, што тым нязручнасцям, з якімі па прычыне ўзвядзення жылога дома сутыкаюцца жыхары дамоў па вул. Чарткова, хутка прыйдзе канец: увод новай шматпавярхоўкі каля «Маладосці» ў эксплуатацыю прызначаны на канец чэрвеня. Засталося пацярпець лічаныя тыдні. Пачнецца работа па добраўпарадкаванні – і многія жыхары дамоў адчуюць перавагі жыцця тут: з’явяцца новыя стаянкі для аўтамабіляў, новыя дарожкі і пад’язныя шляхі да садкоў. Адпаведна, знізіцца ціск на тыя пад’язныя шляхі, якія актыўна эксплуатуюцца зараз, бо іншага выйсця няма. Звярну ўвагу, што паток аўтамабіляў у бок садка «Вясёлка» ўзрос яшчэ па прычыне таго, што некаторых дзяцей, якія займаюцца ў суседнім дзіцячым садку «Каласок», менавіта цераз двор па Чарткова, 35а дастаўляюць бацькі. Магчыма, не ўсе ведаюць, але ўжо зроблены пад’язныя шляхі да «Каласка» з боку вул. Механізатараў, ёсць паркоўка. Паважаныя «каласкоўцы»! Выкарыстоўвайце гэты маршрут! Спадзяёмся, што мясцовыя жыхары адчуюць перавагі добраўпарадкавання і скажуць будаўнікам дзякуй.
Што тычыцца не зусім карэктных паводзін вадзіцеляў, якія дазваляюць сабе павышаць хуткасць на прыдамавой тэрыторыі дома № 35а, то сігнал мы накіравалі ў аддзяленне ДАІ Івацэвіцкага РАУС, каб яны звярнулі больш пільную ўвагу на сітуацыю каля гэтай шматпавярхоўкі. Вадзіцелі-парушальнікі моцна рызыкуюць, калі будуць дазваляць сабе «гарэзіць» на прыдамавой тэрыторыі! Хачу таксама звярнуць увагу бацькоў, якія дастаўляюць дзяцей у «Яслі-сад № 4 г. Івацэвічы»: больш зручна паставіць аўтамабіль на паркоўцы па вул. Дэпутацкай і пешшу даставіць дзіця (напрамую – вельмі блізка) у садок. І не трэба круціцца па вузкіх дарогах прыдамавых тэрыторый, дзе не раз’ехацца, не развярнуцца.
А ўвогуле хочацца адзначыць: як і ў любым жыццёвым выпадку, патрэбна знаходзіць кампраміс. Праветрыць кватэру можна не ў той час, калі бацькі вязуць малышню ў дзіцячы садок (дарэчы, хтосьці робіць гэта і на службовым аўтамабілі…). А маці ці бацьку лішні раз не заводзіць машыну, а прагуляцца да садка з сынам ці дачкой пешшу. Давайце ставіцца адзін да аднаго з паразуменнем і павагай.
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.