Снегавікоў, ёлачак, стылізаваныя падушкі, фігуры Дзедаў Марозаў і сімвалаў надыходзячага года – гэта і не толькі зрабілі на продаж наведвальнікі дзённага аддзялення прабывання для інвалідаў ДУ «Івацэвіцкі ТЦСАН».
Для рабят з інваліднасцю, што на фота, аддзяленне – рэальная магчымасць развівацца, сябраваць, бачыць новае і адчуваць сябе запатрабаванымі. Так, 1 снежня, у дзень, калі мы рабілі гэтае фота, у аддзяленні ішло мерапрыемства, прысвечанае Дню інвалідаў Рэспублікі Беларусь, а на наступны дзень юнакі і дзяўчаты збіраліся ехаць у Баранавічы на фестываль «Кветка сонца». Столькі падзей у іх жыцці… Нават і не падумаў бы.
У раёне аддзяленне, у тым ліку філіялы ў Косаве і Целяханах, наведвае 91 чалавек з інваліднасцю. Усе разам на розных творчых гуртках яны змайстравалі столькі навагодняй прыгажосці. Свае вырабы рабяты рэалізуюць у сацыяльным магазіне, які знаходзіцца па адрасе: вул. Шчорса, 13 (будынак дзённага аддзялення прабывання для інвалідаў ДУ «Івацэвіцкі ТЦСАН»). У лістападзе тут прадалі 140 вырабаў, а сезон яшчэ толькі распачаўся! Загадчык аддзялення Вольга Папко расказала, што карпаратыўных заказаў яны прынялі шмат, хапіла б сіл на ўсё. А мы думаем, хопіць і сіл, і творчага натхнення, бо за няпоўны год юныя таленты каля тысячы вырабаў адправілі не толькі ў розныя беларускія гарады, але і ў Ізраіль, і нават Італію…
Даведка «ІВ»:
Па дадзеных ДУ «Івацэвіцкі ТЦСАН», у раёне сёння пражываюць 3 596 людзей з інваліднасцю, з іх 658 – першай групы, 1 635 – другой і 1 303 – трэцяй. У 169 сем’ях раёна выхоўваюцца 175 дзяцей з інваліднасцю.