Штогод напярэдадні Дня работнікаў гандлю рэдакцыя «ІВ» адзначае падарункамі магазіны, дзе добра прадаецца наша раённая газета. У кагорце такіх гандлёвых кропак – «Мясная лаўка № 1» філіяла «Каапнарыхтпрам» Івацэвіцкага райста, куды 25 ліпеня мы завіталі не з пустымі рукамі.

Прыемна, што для раёнкі ў магазіне знайшлося прыкметнае месца і прадаўцы рэгулярна прапануюць пакупнікам набыць і гэты тавар. Тое сведчыць аб павазе да чужой працы, як за такое не падзякаваць? Падарунак прадаўцам магазіна ўручыла галоўны рэдактар «ІВ» Таццяна Дылюк.
Добрым дадаткам да падзякі і падарунка была б рэклама, аднак калі судзіць па патоку пакупнікоў, «Мясная лаўка» не мае ў ёй патрэбы. Магазін даўно зарэкамендаваў сябе як гандлёвая кропка з вельмі шырокім асартыментам мясной прадукцыі, паўфабрыкатаў, субпрадуктаў і стаў папулярным у гараджан.
– «Мясная лаўка» – фірменны магазін філіяла «Каапнарыхтпрам», гэта значыць, мы найперш рэалізуем мясную прадукцыю ўласнай вытворчасці, аднак супрацоўнічаем і з іншымі вытворцамі з Віцебску і Мінску. Гандаль ідзе бойка, тавар не залежваецца, – расказвае прадавец Алена Абрамчук, якая прыйшла працаваць у спажыўкааперацыю ў 1985 годзе. – Прыемна, што жыхары раёна высока ацанілі смак івацэвіцкай каўбасы. Карыстаецца попытам курыная каўбаса «От тещи», сыравяленая «Санторини» з гавяджай выразкі і многія іншыя. Любяць нашы каўбасы расіяне, таму іх часта набываюць у якасці гасцінцаў. Асартымент абнаўляецца, з навінак – каўбаса «Пряная», «Прошутто», «Пеперони». Яшчэ гандлюем хлебабулачнымі вырабамі, малочкай, напоямі…
Добрае месцараспалажэнне – каля вакзала, каля рынка – гарантуе «Мясной лаўцы» тое, што людзі заўжды будуць сюды завітваць. Аднак задача прадаўцоў – зрабіць усё, каб пакупнікам захацелася вярнуцца. Усе пяць прадаўцоў, а гэта Алена Абрамчук, якая выконвае абавязкі старшага прадаўца, Валянціна Джэжора, Валянціна Кастусік, Надзея Езапчук і Марта Грыцэвіч, на ўра спраўляюцца з гэтай задачай.
– Стараемся быць уважлівымі да людзей, – дадае субяседніца. – Прапаноўваеш тавар без канца – і пакажаш, і раскажаш, і дасі пакаштаваць, і параіш, што з гэтага прыгатаваць, рэцэптам удалым падзелішся. А як інакш? Як вынік, у нашага магазіна шмат пастаянных пакупнікоў. І цэны ў нас прывабныя. Па гавядзіну, напрыклад, да нас едуць нават з суседніх раёнаў, і ў цэлым на попыт не скардзімся і рады дагадзіць жыхарам і гасцям горада і раёна.
Так трымаць! Ад рэдакцыі віншуем усіх работнікаў гандлю з прафесійным святам, шчыра дзякуем за супрацоўніцтва («ІВ» прадаецца ў 20 магазінах, абсалютная большасць з іх – гэта магазіны райста), зычым добрай выручкі і паболей удзячных, задаволеных пакупнікоў.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться