На сённяшні дзень сям’я Макарэвічаў з Івацэвіч дома ўжо ў поўным складзе: тата Сяргей Юр’евіч, маці Анастасія Вітальеўна, старэйшая Карына, ёй 3,5, і навароджаная Ангялінка. Прыгожае імя сястры дала Карына, бацькі не спрачаліся – тым больш кажуць, што гэта добра, калі старэйшае дзіця дае імя малодшаму.
Дата нараджэння ў Ангяліны таксама вызначальная – дзяўчынка вагой у 3500 г нарадзілася 1 ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, і адразу ж стала ўдзельніцай акцыі ГА «БРСМ» «Падары немаўляці вышыванку». Павіншаваць маладую матулю Анастасію Макарэвіч з кветкамі і падарункам – вышыванкай – прыйшлі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Дзяніс Сяледчык і першы сакратар РК ГА «БРСМ» Кацярына Шыян.
– Такое адзенне з нацыянальнымі сімваламі заўсёды было моцным абярэгам, які звязвае нас з продкамі, – расказвала Кацярына Шыян. – І такой акцыяй мы стараемся гэтую сувязь толькі замацаваць. Дарэчы, 2 ліпеня ў нас праходзіць яшчэ адна агульнарэспубліканская акцыя – «Дзень вышыванкі». Сотні наваспечаных матуль па краіне ў гэты дзень атрымлівалі віншаванні і словы падзякі за тое, што на свет з’яўляюцца маленькія жыхары нашай Беларусі.
Маці Анастасія і маленькая Ангяліна адчувалі сябе добра, таму на наступны дзень пасля віншаванняў, 5 ліпеня, яны ўжо паехалі дадому.
– На выпісцы былі толькі самыя блізкія – муж і старэйшая дачушка, – расказвае Анастасія Макарэвіч. – У такі асаблівы дзень не хацелася таўкучкі. Пакуль Ангялінка добра спіць і добра есць, а што больш трэба зараз (смяецца). Няхай расце прыгожай і здаровай, а пазней я абавязкова пакажу ёй вышыванку і раскажу, чым яна заслужыла такі падарунак. Дзякую медыкам і арганізатарам акцыі за дапамогу і ўвагу ў такі адказны перыяд у маім жыцці.
Так, толькі з 1 красавіка радзільнае аддзяленне УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» запрацавала ў сваім звычайным рэжыме пасля пандэміі. Нашы медыкі вельмі радыя зноў чуць у сваіх сценах дзіцячы гучны плач. Тым больш, што родаў у гэтыя месяцы было нямала. У маі тут нарадзіліся 23 дзіцяці, а ў чэрвені – 22. У першы летні месяц на свет з’явіліся 13 дзяўчынак і 9 хлопчыкаў!