29 мая па традыцыі Хаваншчына сустракала гасцей.

У апошнюю нядзелю мая на Жытліншчыне ладзілася мерапрыемства, прысвечанае гісторыі партызанскага руху ў Івацэвіцкім раёне. Раней гэтая падзея адбывалася як сустрэча партызан і падпольшчыкаў у мемарыяльным комплексе партызанскай славы «Хаваншчына». Сёння мерапрыемства набыло больш шырокі фармат – гэта сустрэча людзей, прадстаўнікоў розных пакаленняў, якія прыязджаюць сюды, каб спазнаць гісторыю партызанскага руху не па малюнках, а сваімі вачыма назіраючы моманты ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, каб ушанаваць памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны, выказаць словы ўдзячнасці за мірнае неба над галавой ветэранам, якіх засталося зусім мала.

Так было і на гэты раз. З самага ранку ў Жытліне пачалі збірацца жыхары раёна і шматлікія госці. Пляцоўка каля помніка запоўнілася ўдзячнымі патомкамі – школьнікамі з партрэтамі дзядоў і прадзедаў, якія заваявалі для нас Перамогу. Прыехалі сюды і ветэраны.

Як і заўсёды мерапрыемства пачалося з мітынгу-рэквіема, у час якога вядучыя нагадалі моманты з гісторыі партызанскага руху ў раёне.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук:

– Гераічны летапіс ваенных гадоў Хаваншчыны, Беларусі-партызанкі – несціхаючы боль у душы кожнага беларуса. Сёння мы, прадстаўнікі розных пакаленняў, сабраліся разам, каб абараніць праўду пра вайну. Гэта жорсткая праўда.

Удумайцеся: акупанты, паліцаі і іх супольнікі толькі на жытлінскай зямлі спалілі разам з жыхарамі вёскі Зыбайлы, Яблонка, Зацішша, Воля, Корачын, Хадакі, Жытлін, Уласаўцы. Усяго ад рук фашыстаў загінула больш за пяць тысяч мірных жыхароў нашага раёна. Галасы з мінулага нагадваюць кожнаму пакаленню аб тым, які крохкі свет, якое каштоўнае чалавечае жыццё і як лёгка яго згубіць. І пакуль мы сустракаемся каля брацкіх магіл, мемарыяльных комплексаў – Беларусь памятае і будзе памятаць кожнага, і ў гэтым наша моц.

Значыць, мы будзем жыць і будзе квітнець наша дзяржава. Але як толькі мы забудзем гэтыя сцяжынкі, гэтыя дарогі да святых месцаў, мы загінем як народ, загінем як нацыя. Такія месцы, як Хаваншчына, дзе асабліва востра адчуваецца гераічны подзвіг савецкага народа, будуць вечна захоўваць нятленную памяць аб вялікім подзвігу пакалення пераможцаў. Нягледзячы на тое, што наша краіна развіваецца ў няпростых умовах знешняга ціску, я перакананы, што дзякуючы захаванню гістарычнай памяці мы выстаім.

Падчас мітынгу слова было дадзена Наталлі Вінаградавай, кіраўніку адміністрацыі Ліхаслаўскай муніцыпальнай акругі Цвярской вобласці Расійскай Федэрацыі, якая днямі ў рамках Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж раёнамі-пабрацімамі разам з дэлегацыяй кіраўніцтва і групай лепшых юнармейцаў ужо не першы раз наведала Івацэвіцкі раён.

– Нашы краіны – Расія і Беларусь – праяўляюць адзінства ў абароне гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне. Менавіта такія месцы, як Хаваншчына, у справе барацьбы з несправядлівасцю, захавання гісторыі знаходзяцца на перадавой, паколькі ўсё, што мы тут бачым, з’яўляецца бясспрэчным сведчаннем тых страшных ваенных гадоў. Сёння, пакуль гэта ў нашых сілах, мы абавязаны зрабіць усё, каб пакаленні пасля нас былі годнымі нашчадкамі герояў-пераможцаў, тымі, хто будзе несці з горда паднятай галавой гістарычную праўду, – у сваёй прамове адзначыла Наталля Мікалаеўна.

Слова ад моладзі ў гэты дзень трымала вучаніца Хадакоўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-базавая школа Ангяліна Міраноўская. Яна падзякавала ветэранам за Перамогу і мірнае неба над галавой, а таксама запэўніла, што ў памяці маладых беларусаў і ў памяці будучых пакаленняў справы герояў вайны будуць прыкладам мужнасці, вернасці, любові да Радзімы. Подзвіг пераможцаў заўсёды будзе натхняць моладзь на стваральную працу ў імя шчасця і дабрабыту нашай краіны.

Хвалююча ўздымалася над магутнымі ліпавымі кронамі курлыканне журавоў. Мінутай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых і нібыта адляцеўшых у вырай з жураўлінай зграяй герояў тых цяжкіх ваенных гадоў. Узнёсла гучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, і да помніка ляглі кветкі ад кіраўніцтва раёна, гасцей, ветэранаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый.

Прадоўжылася мерапрыемства ў мемарыяльным комплексе партызанскай славы «Хаваншчына», дзе адбыліся святочныя канцэрты вакальна-інструментальнага ансамбля «Арлы над Бугам» 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Венскай Чырвоназнамённай брыгады, ансамбля Брэсцкай абласной філармоніі, дзіцячага калектыву «Броннагорскія лыжкарыкі». Радавала не толькі вока ярмарка «Усім светам святкуем Перамогу», дзе можна было пачаставацца дамашнімі прысмакамі: бульбай у мундзірах, салам, бачкавымі агуркамі, аладкамі і нават духмяным мёдам у сотах. Была магчымасць набыць і салдацкую кашу, як без яе. І ўсё гэта было ўпершыню на паляне, якраз побач з месцам правядзення ваенна-гістарычнай рэканструкцыі.

– У імклівым бегу часу новыя падзеі засцілаюць мінулае – многае забываецца, сціраецца з памяці людзей. Але ніколі не забудзецца, ніколі не згасне гераічны подзвіг савецкага народа, здзейснены ім у гады Вялікай Айчыннай вайны. Івацэвіцкі раён невыпадкова называецца партызанскім. На тэрыторыі яго размяшчаліся і дзейнічалі Брэсцкае партызанскае злучэнне, у якое ўваходзіла 11 партызанскіх брыгад і 11 асобна дзеючых партызанскіх атрадаў, Брэсцкі падпольны абкам партыі, Брэсцкі абласны антыфашысцкі камітэт, Брэсцкі падпольны абкам камсамола, рэдакцыя абласной газеты «Зара». Размяшчаліся яны тут ва ўрочышчы. На тэрыторыі раёна былі створаны і дзейнічалі 7 партызанскіх брыгад: ім. Панамарэнкі, ім. Дзяржынскага, ім. Гуляева, ім. Грызадубавай, ім. Жуніна, ім. Ракасоўскага і 5 асобна дзеючых партызанскіх атрадаў. Партызанскія брыгады былі створаны ў ліпені 1943 г. на базе партызанскіх атрадаў, якія ўтвараліся, пачынаючы з першых дзён акупацыі, – гучалі словы вядучага, а на паляне разгортваліся падзеі тых жахлівых дзён.

Эпізоды ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, удзел у якой у гэтым годзе бралі 16 клубаў з усёй Беларусі, распавядалі аб подзвігах партызан і падпольшчыкаў. Асаблівасцю стала яшчэ і тое, што падчас рэканструкцыі прасочваліся розныя этапы ваеннага ліхалецця, пачынаючы з моманту ўтварэння партызанскіх атрадаў да доўгачаканай Перамогі.

У 12.00 гадзін дзея з паляны перанеслася на тэрыторыю мемарыяльнага комплексу «Хаваншчына». Сотні госцей свята маглі пражыць умоўны дзень у партызанскім лагеры ваенных часоў. Адзначым шчыра – супрацоўнікамі музея з дапамогай шматлікіх валанцёраў было зроблена амаль немагчымае – тут нібы запрацавала машына часу. Кожны куточак лагера «жыў» мінулым. Вось каля зямлянак байцы разведроты чысцяць зброю пасля чарговага баявога задання, вось каля вогнішча дзеці з сямейнага лагера дзеляцца гісторыямі пра партызан і іх подзвігі, а побач жанчыны перабіраюць крапіву для абеду і перашываюць з парашутнай тканіны адзенне для дзяцей…

У штабе камандзіры распрацоўвалі план па чарговых закладках мін, а побач нашы музейшчыкі размясцілі макет чыгуначных пуцей, каб людзі маглі сваімі вачыма ўбачыць, якой філіграннай дакладнасці патрабавала гэтая справа ад нашых партызан, сярод якіх былі і дзеці. Успомніць хаця б нашага Колю Гойшыка, якому не хапіла лічаных секунд, каб вярнуцца з чарговага задання жывым…

А вось рэдакцыя газеты «Зара» і нешматлікая тэхніка, на якой друкавалася гісторыя вайны для людзей, ваенкар на пячатнай машынцы друкуе чарговую зводку з «вялікай зямлі», каб назаўтра ўсе прачыталі, чым сёння жыве атрад імя Чарткова, і як партызаны набліжаюць Перамогу. Дарэчы, дзецям у той дзень дазвалялася набраць слова «Перамога» на машынцы або перадаць сігнал па радыёрубцы. У штабе абкама камсамола агітлістоўкі і плакаты рыхтавалі Юлія Якушава, выпускніца СШ № 3, студэнтка Столінскага каледжа, і Паліна Жук, вучаніца 10 «Б» класа гэтай жа школы. Дзяўчынкі цікавяцца гісторыяй і падтрымліваюць валанцёрскі рух у роднай школе, вось і на маёўку яны прыехалі па сваім жаданні і з дапамогай дарослых шукалі адзенне, каб усё было як у часы вайны.

У медсанчасці з мінімальным наборам лекаў ратавалі раненага партызана, а ў лясной школе праходзілі заняткі. Многія госці здзівіліся, калі пачулі, што нават у такіх складаных умовах мясцовыя дзеці вучыліся амаль на ўсе пяцёркі, усе хацелі навучыцца лічыць і пісаць, каб хутчэй з’явілася магчымасць быць карысным у гэтай вайне. Хоць карысць і так была, пасля ўрокаў малыя імчалі ў лес па грыбы, па ягады ды па лекавыя расліны. Нарыхтоўкі былі за імі.

Якімі моцнымі і ідэйнымі былі ваенныя дзеці – гэты выраз аўтару радкоў давялося пачуць ад гасцей нашай маёўкі – юнармейцаў з Ліхаслаўля. 10-класнік Данііл Шарамецьеў, вучань Калашнікаўскай сярэдняй школы, заўважыў:

– У Беларусі мяне найперш прыемна здзівіла ваша чысціня і людзі – добразычлівыя, цікаўныя да гісторыі. Ужо трэці год у складзе атрада «Арлы» я наведваю памятныя месцы нашага краю, прымаю ўдзел у акцыях, дапамагаю ветэранам, мару трапіць на традыцыйны юнармейскі баль, а вось побыт партызанскага лагера бачу ўпершыню ў жыцці. Тэрыторыю нашага Ліхаслаўля бамбілі, але немцаў на тэрыторыі не было, не было і партызанскага руху. А тут, на Хаваншчыне, усё як у ваенны час, столькі людзей наведалі гэтае месца… Я сам з сям’і ваенных, мае прабабуля і прадзядуля ваявалі, штогод у «Бяссмертным палку» я з гонарам нясу іх партрэты. Цяпер я адчуваю, што мы з беларусамі вельмі падобныя ў асаблівым стаўленні да падзей вайны…

Кіраўнік групы, начальнік штаба муніцыпальнага аддзялення юнай арміі Алена Цітова расказала, што падобныя атрады дзейнічаюць пры кожнай школе, і быць юнармейцам у іх прэстыжна, ёсць нават пэўныя прэферэнцыі пры паступленні ў ВНУ. Гэтыя дзеці асвойваюць пачатковую ваенную падрыхтоўку, музейную справу, бяруць шэфства над памятнымі месцамі, дапамагаюць ветэранам. Штогод у іх праходзіць ваенізаваная гульня «Перамога» (аналаг нашай «Зарніцы» – рэд.).

Людзі яшчэ доўга прагульваліся па лагеры, рабілі фота на памяць, і многія спыняліся каля маўклівага сведкі вайны – мясцовага дуба. Каля гэтага дрэва прынята загадваць жаданне. Сёлета ўсе прасілі мірнага неба над галовамі беларусаў…

Таццяна ДЫЛЮК, Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтараў і Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться