Івацэвічы рыхтуюцца да Дня беларускага пісьменства – і гэта бачна няўзброеным вокам: сталі больш выразнымі фасады перафарбаваных будынкаў, вядуцца рамонтныя работы на шэрагу вуліц горада, работы па добраўпарадкаванні. Паэтапна будзем паказваць вам аб’екты, дзе запланавана зрабіць найбольш. Першы з іх – Івацэвіцкая ЦРБ, а дакладней, паліклініка райбальніцы: там разгарнуўся маштабны рамонт – што ўнутры, што звонку.
Спачатку пра тое, як мяняецца экстэр’ер. Па-іншаму стаў выглядаць фасад раённай паліклінікі – яго фарбуюць у тры колеры: белы, аранжавы і шэры (удалае спалучэнне!). Ужо заменены амаль усе вокны ў будынку, часткова абнавілі адлівы на даху, перарабілі ганак на цэнтральным уваходзе ў паліклініку (цяпер ён з пандусам, які адпавядае новым патрабаванням па забеспячэнні безбар’ернага асяроддзя). Блізіцца да завяршэння рамонт лесвіцы, што вядзе да аўтобуснага прыпынку – таксама з улікам патрэб людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Зараз будаўнікі Івацэвіцкай ПМК-11 укладваюць на лесвіцы плітку.
Тэрыторыю вакол паліклінікі заасфальтавалі на гэтым тыдні – яна даўно чакала рамонту, і праблему павялічыла пракладванне камунікацый. Цяпер усё прыгожа, і камунікацыйныя люкі знаходзяцца на адным узроўні з асфальтам.
Што тычыцца інтэр’еру, то актыўна рамантуюцца памяшканні на другім паверсе паліклінікі. Сцены патынкаваныя, вядуцца аддзелачныя работы. Дзе-нідзе прыступілі да мантажу падвеснай столі, гэта значыць, шэраг кабінетаў амаль гатовы. На паверсе пракладзены слабатокавыя сеткі: тэлефон, інтэрнэт, відэаназіранне і г. д. Рамантуюцца дзве лесвіцы. Пры гэтым другі паверх перакрыты толькі часткова, урачам даводзіцца весці прыём ва ўмовах рамону – каму ў сваіх, а каму і ў чужых кабінетах, якія месцяцца нават у сталовых стацыянара. Нязручна ні ім, ні пацыентам, ні будаўнікам. Цярпець давядзецца яшчэ з месяц, адміністрацыя ЦРБ просіць жыхароў горада і раёна з разуменнем ставіцца да сітуацыі: цяжка падчас рамонту – утульна і зручна пасля яго.
Раёнка ўжо пісала пра тое, што ў Івацэвічах з’явіцца камп’ютарны тамограф, памяшканне для яго на першым паверсе паліклінікі рыхтавалі цягам некалькіх месяцаў, у маі яно было гатова. Жыхары раёна чакалі і дачакаліся: тамограф заняў сваё штатнае месца – мантаж высокатэхналагічнага абсталявання завершаны. Наперадзе атрыманне дазволу на яго эксплуатацыю – як-ніяк гэта крыніца іанізаванага выпраменьвання, варта правесці шэраг замераў, перш чым прыступіць да работы.
Галоўны ўрач Івацэвіцкай ЦРБ Васілій Юзефовіч падзяліўся добрай навіной: у райбальніцы хутка з’явіцца і новы рэнтгенаўскі апарат, дзякуючы якому будзе здзейснены пераход ад плёначных тэхналогій візуалізацыі флюараграфічных здымкаў да тэхналогій лічбавых. Зараз пад абсталяванне рыхтуецца памяшканне – флюараграфічны кабінет закрыты на рамонт з перапланіроўкай. Часова флюараграфію можна зрабіць у перасоўным кабінеце рэнтгенаграфіі «Пульмаскан» – ён часта выязджае ў сельскую мясцовасць, але па графіку дзяжурыць і на тэрыторыі ЦРБ. Маштабны рамонт з заменай абсталявання фінансуецца з раённага і абласнога бюджэтаў.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.