Больш за тры дзесяцігоддзі – у адным лясніцтве, 25 гадоў – на адной пасадзе. Памочнік ляснічага Ірына Мішковіч сама ў шоку ад такога пастаянства, ад таго, што так і не рашылася памяняць дэкарацыі – пайсці на павышэнне, хоць прапаноў паступала нямала. Яна была патрэбная там, куды па волі лёсу трапіла ў далёкім 1988 годзе і дзе да гэтай пары ёй псіхалагічна камфортна, бо працуе сярод добра знаёмых людзей, выконвае зразумелыя задачы, яна – настаўнік і добры дарадца для моладзі, сябра для калег, узор адказнага і самаарганізаванага работніка.

Ірына Пятроўна – наша зямлячка, нарадзілася ў Івацэвічах і скончыла СШ № 1. Пасля 10 класаў разам з сяброўкай вырашылі атрымаць адукацыю ў Вялікалукскім лесатэхнічным тэхнікуме, што ў Пскоўскай вобласці, дзе вучылася яе старэйшая сястра. Учынак авантурны – усё ж ад дома далёка, студэнткай прыязджала да бацькоў раз у тры месяцы, затое якая рамантыка! Гады вучобы прыляцелі хутка. І з Расіі ў родную Беларусь Ірына вярнулася не толькі з адукацыяй, але і з мужам Генадзем, выпускніком той жа навучальнай установы. Цікава, што родам ён з Белаазёрска, а сустрэўся ёй на чужыне. Вярнуліся на радзіму ў пошуках лепшых умоў для працы і жыцця і знайшлі тое, што шукалі. Найперш сталі бацькамі дачкі Інгі і сына Генадзя – яны пагодкі. А падгадаваўшы малышоў, Ірына Пятроўна ўладкавалася на працу майстрам лесу ў Барэцкае лясніцтва, Генадзь Мікалаевіч – у леспрамгас.

Праз два гады, у 1990-м, разам прынялі рашэнне: яны атрымаюць і вышэйшую адукацыю. І паступілі ў лесатэхнічную акадэмію, што ў Санкт-Пецярбургу. Вучыліся завочна шэсць гадоў. Клопаты аб дзецях на час сесій, якія доўжыліся па два месяцы, узяла на сябе свякроў. У гэты час пайшла з жыцця мама – ва ўзросце 48 гадоў. Калі бацькі сыходзяць рана – гэта трагедыя, цяжка было перанесці страту 26-гадовай Ірыне і дзвюм яе сёстрам (малодшай было толькі 11). Але жыццё з яго прывычнымі клопатамі прадоўжылася.

Лесааднаўленне – на першым месцы

Майстрам лесу Ірына Пятроўна была ні многа ні мала – 10 гадоў, а ў 1998 годзе стала памочнікам ляснічага. Што ўваходзіць у яе абавязкі? Па-першае, памочнік ляснічага займаецца дакументацыяй – усёй, акрамя бухгалтарскай. Па-другое, кантролем за ўсімі відамі работ у лесе, у тым ліку за рубкамі. Ірына Пятроўна сама займаецца ляснымі культурамі, кіруе пасадкай лесу. Красавік, а таксама верасень і кастрычнік – гэта самыя гарачыя месяцы для памочніка ляснічага. Кожную вясну дрэвы саджаюць, а восенню тыя, што дасягнулі паўналецця ці сямігадовага ўзросту, абследуюць, лічаць і афармляюць дакументы, што накіроўваюцца ў Міністэрства лясной гаспадаркі. Яшчэ адна задача – дзяжурства ў пажаранебяспечны перыяд. Сёлета хоць і была засуха, лес на тэрыторыі лясніцтва не гарэў. А ў мінулыя гады здаралася рознае. Моцных пажараў на вялікіх плошчах Ірына Пятроўна не згадала, але былі такія, што хутка распаўсюджваліся, аднойчы яна засталася без курткі, на якую паквапіўся агонь.

Барэцкае лясніцтва адносна невялікае – 5 782 га, ёсць і ў два разы большыя. Але ключавое слова тут адносна. Гэта ўсё роўна вялізны і ў гэтым выпадку суцэльны лясны масіў. Яго працягласць – ад Івацэвічаў да Булы. Калектыў лясніцтва – 19 чалавек: ляснічы, яго памочнік, чатыры майстры, шэсць лесаводаў, тры вальшчыкі лесу, бухгалтар, вадзіцель, трактарыст і прыбіральшчык памяшканняў. Лясніцтва добра ўкамплектаванае, што дазваляе выконваць план, усе лесагаспадарчыя работы ў тэрмін. А спраў у лесе нямала…

– Найперш мы займаемся лесааднаўленнем, але ў апошнія гадоў дзесяць і лесанарыхтоўка іграе вялікую ролю, яе аб’ёмы павялічылася прыкладна ў чатыры разы, – расказвае субяседніца. – Гэта ў многім звязана з усыханнем, хваробамі лесу. Глабальна з гэтаю бядой сутыкнуліся ў 2017 годзе, ён быў пікавым па вырубках з-за караеда. Мне было складана спраўляцца з дакументамі – не паспявала фізічна ставіць кожнае хворае дрэва на ўлік. З той пары цалкам пазбавіцца ад хвароб не атрымліваецца, хоць у цэлым сітуацыя і палепшылася. Ёсць у лясгасе лесапатолаг, але вылечыць дрэвы ў масіве вельмі складана, хоць мы і стараемся, лакалізуем ачагі, выдаляем пашкоджаныя караедам дрэвы. Перапрацаваць такую драўніну дапамагае ААТ «Івацэвічдрэў», якое купляе яе на тэхнічную сыравіну, а таксама Івацэвіцкая, Бярозаўская ЖКГ – набывае на дровы для кацельняў.
У Барэцкім лясніцтве вядзецца нарыхтоўка і дзелавой драўніны. Тэхнічна спелы лес, напрыклад, 81-гадовыя сосны, павінны быць вырублены абавязкова, інакш якасць драўніны губляецца. Разліковая лесасека – 10 000 м3 (прыкладна 1,40 га), яе трэба распрацаваць за год. Там пераважна дзелавая драўніна (на дровы пойдзе каля 20 %). Кругляк трэба прадаць за 20 дзён, інакш пачарнее. Са збытам праблем няма – драўніна рэалізуецца на ўнутраным рынку.
Вядома, суразмерна вырубкам павялічылі і пасадкі, але ёсць у лесааднаўленні праблема: дрэвы дрэнна прымаюцца ў засуху, ды і растуць не так хутка, як хацелася б, як было раней. Выратоўваюць саджанцы з закрытай каранёвай сістэмай, якія вырошчваюцца ў цяпліцах, што ў пітомніку Івацэвіцкага лясгаса (яны лепш прыжываюцца). Увесь пасадачны матэрыял – свой, а раней лясніцтвы яго куплялі ці вырошчвалі ў асабістых лясных пітомніках, толькі гэта было працаёмка. Цяпер зручна: забраў саджанцы ў Івацэвічах – і саджай.

Ірына Пятроўна адзначае, што прыкмета апошняга часу – пільны кантроль за лесааднаўленнем. Упаўнаважанай на тое інспекцыяй кантралюецца не толькі адгрузка драўніны, як раней, але і рэзультатыўнасць, якасць пасадачных работ – усё пад лік. У тэорыі пакараць могуць і за няякасную ўборку пасля вырубкі – у лесе павінен быць парадак. Для кантролю за гэтым парадкам ў Івацэвіцкім лясгасе, які ўключае 14 лясніцтваў, створана і ўласная кантралюючая інспекцыя.

«Добра там, дзе мы ёсць»
Ірына Пятроўна таксама любіць парадак, сістэму – прычым, ва ўсім. Па характары – перфекцыяніст, і ў яе нататніку – дзясяткі спраў, тэзісаў, думак. Самае важнае запісана чырвоным чарнілам.
– Запісваю многае. Выканала – выкрэсліваю. Можа, гэта ўжо старасць на парозе, – гаворыць Ірына Пятроўна з усмешкай на твары. Не верыцца ні ёй, ні нам, але яна без аднаго года пенсіянерка – зараз жанчыне 57. Пытаюся, ці знойдзецца чым займацца дома, калі раптам прыйдзецца развітацца са справай усяго жыцця? І чую такі адказ:
– Што казаць, работу сваю люблю. Ёсць цяжкасці, звязаныя найперш з яе аб’ёмам – бяру работу дахаты. Толькі гэта дробязі – ёсць і радасці, якім не хацелася б казаць «Бывай!». Калі што якое, спадзяюся, без работы не засумую, асабліва летам. Усё ж я гаспадыня дома, ёсць участак, агарод і кветнікі… Ёсць дзеці і ўнук. Сур’ёзных хобі не маю і ў вольны час люблю прагуляцца па парку сам-насам са сваімі думкамі, люблю цішыню і адзіноту. Мару пра кубачак кавы на балконе з добрай кнігай, але ўсё часцей чытаю і гляджу навіны, бо хочацца лепш разумець тое, што адбываецца навокал. Перажываю за многае, але тым, як складваецца маё жыццё, у тым ліку працоўнае, задаволеная. Добра не там, дзе нас няма, а там, дзе мы ёсць. І я рада быць тут і займацца тым, чым займаюся.

Дзеці Ірыны Пятроўны і Генадзя Мікалаевіча, які зараз адказвае за лесанарыхтоўку ў РУВП «ПУ № 5», не абралі лясную гаспадарку ў якасці сваёй сферы дзейнасці. Дачка Інга атрымала адукацыю ў БДУІР і працуе ў банку вядучым аналітыкам. Сын Генадзь закончыў Камандна-інжынерны інстытут МНС і восем гадоў працаваў выратавальнікам. Пабываў ў многіх краінах, зараз жыве і працуе за мяжой. У Ірыны Пятроўны адзін унук Мікіта, і яна часта наведвае яго ў Мінску. Штодня тэлефануе матулі дачка – і як грэе гэта мацярынскае сэрца.

Гераіня гэтага артыкула нечым мне нагадала мяне і не магла не спадабацца. Кажуць, лес – наша багацце, а багацце трэба ўмець захаваць. Ірына Мішковіч ведае сакрэты гэтай тонкай справы і ўпэўнена, што зможа яшчэ доўга імі дзяліцца.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Штрыхі да партрэта
Па-асабліваму я стаўлюся да ўсіх, мне важна быць для людзей сябрам і ўвогуле харошым чалавекам.
Мне хацелася б жыць на радзіме, у Івацэвічах – харошы ў нас гарадок, мне тут падабаецца. І тут магілы маіх родных, да якіх я завітваю часта і з самым вялікім букетам белых кветак.
Любімае месца ў горадзе – сквер
Перамогі, добра, што яго акультурылі; жыву побач і часта прагульваюся там з унукам.
Праз 10 гадоў я бачу сябе шчаслівай, здаровай жанчынай, ужо не на рабоце – баюся не паспець за прагрэсам і не адпавядаць патрабаванням часу як работнік лясной гаспадаркі.
Больш за ўсё ў людзях я цаню чалавечнасць.
Найбольшую антыпатыю ў мяне выклікаюць злыя і крыклівыя людзі, тыя, хто вядзе сябе непрафесійна праз свой дрэнны характар.
Я па-сапраўднаму шчаслівая ў крузе сваіх родных, калі бачу ўсмешкі на іх тварах.
Для жанчыны галоўнае знайсці баланс паміж сям’ёй і кар’ерай, каб была гармонія і самарэалізацыя; лічу, што жанчына павінна быць самадастатковай, а не залежаць ад мужчыны.
Я не змагла б дараваць… Напэўна, магу дараваць усё – мы ўсе памыляемся.
Мой дэвіз – рабі людзям дабро.

Поделиться