У Івацэвіцкім раёне налічваецца 53 населеныя пункты, дзе адсутнічаюць стацыянарныя аб’екты гандлю. У некаторых вёсках і з дзясятак жыхароў не набярэцца, таму трымаць магазіны там нерэнтабельна. Але і кінуць на волю лёсу людзей таксама нельга, вось і прыходзяць на дапамогу аўталаўкі філіяла «Аптовая база» Івацэвіцкага райста. Іх шэсць, у кожнай свой маршрут, які ў сярэднім уключае шэсць-сем населеных пунктаў, а для зручнасці жыхароў па неабходнасці яны прыпыняюцца і ў розных канцах адной вёскі.

Трэба адзначыць, што акрамя такіх маланаселеных вёсак магазіны на колах працуюць і ў 13 населеных пунктах, дзе ёсць стацыянарныя магазіны, аднак па прычыне аддаленасці ад іх некаторых вуліц гандаль выязджае і туды. І ў кожны населены пункт, які знаходзіцца ў зоне такога абслугоўвання, аўтамагазін наведваецца два-тры разы ў тыдзень.

Як жа задавольваюцца патрэбы спажыўцоў у аддаленых вёсках аўтамагазінамі, разбіраліся журналісты «ІВ» разам з начальнікам аддзела эканомікі Івацэвіцкага райвыканкама Таццянай Чыж і памочнікам урача-гігіеніста ДУ «Івацэвіцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Анастасіяй Шаўчук.

Так, у пятніцу, 15 снежня, першай кропкай рэйдавай групы стаў аграгарадок Любішчыцы, дзе акрамя магазінаў райста працуе і сеткавік «Еўраопт». Па вул. Кавалевічы калісьці працаваў магазін Івацэвіцкага райспажыўтаварыства, але ў 2021 годзе яго зачынілі ў сувязі з малым таваразваротам. Будынак, які райста арандавала пад магазін у ДП «Э/б «Майск», сёння непрыглядны, зарос па перыметры высокай травой, але гэта ўжо пытанне да ўласніка. Па дарозе да ўстаноўленага месца гандлю застаём аўтамагазін № 6 на суседняй вуліцы – прыпыніўся ля хаты, як пазней патлумачыла прадавец, па просьбе пажылой жыхаркі даставілі ёй заказ на дом. На вул. Кавалевічы аўталаўка прыехала згодна з графікам, а 15-й гадзіне, яе ўжо чакалі жыхары – у асноўным пажылое насельніцтва. Разгортванне гандлёвай кропкі заняло лічаныя хвіліны – вадзіцель адкінуў борт і нават уключыў святочную ілюмінацыю. На маршруце ў гэты дзень – прадавец Валянціна Б.

Пакупнікі, пазнаёміўшыся з рэйдавай групай, амаль што ў адзін голас хваляць прадаўца і вадзіцеля, маўляў, прыязджаюць без спазненняў, тавары свежыя, абслугоўванне на добрым узроўні, у многіх ёсць асабісты нумар тэлефона прадаўца, таму тэлефануюць ёй, калі трэба штосьці заказаць. А вось наконт закрыцця магазіна меркаванні падзяліліся: адны кажуць, што аўталаўка прывозіць заўсёды свежыя тавары, а ў магазіне яны залежваліся, але знайшліся і тыя, каму было зручней хадзіць усё ж у магазін, не пільнуючы графік, а калі ёсць патрэба. Унутры магазін на колах нагадвае квэст на трох метрах квадратных: халадзільнік, маразільнік, хлебны прылавак, паліцы і аддзелы, дзе размешчаны розны тавар, а таксама загрувашчаны праход: тут мех мукі, мех бульбы – заказы жыхароў іншых вёсак, капуста ў скрыні, алкагольныя напоі, яблыкі, мандарыны, лімоны і свежыя агуркі. Асартымент разнастайны, аднак папулярнасцю карыстаюцца тавары штодзённага попыту: хлеб, соль, цукар, запалкі, крупы, малочная прадукцыя.

Пакуль Таццяна Чыж правярае дакументацыю, Анастасія Шаўчук пільна вывучае тэрмін прыгоднасці прадуктаў. Як высветлілася, з некаторымі дакументамі не ўсё ў парадку, і хаця гэта не ўплывае на якасць абслугоўвання спажыўца, але ўсё ж з’яўляецца недапрацоўкай. Тым часам памочнік урача-гігіеніста звяртае ўвагу на знешні выгляд прадаўца – не апранута ў спецадзенне, сярод заўваг таксама адсутнасць вады ў рукамыйніку і тэрмометра ў маразільніку, алкагольныя напоі стаяць на падлозе без паддона. Выслухаўшы ўсе заўвагі спецыялістаў, прадавец абяцае выправіць сітуацыю, спадзяёмся, так і будзе, а работнікі райвыканкама і райста возьмуць гэтыя пытанні на кантроль.

Далей рэйдавая група накіравалася па маршруце аўтамагазіна № 1 у в. Галік, тут па графіку ён павінен быць у 16.15. Патанаючую ў кустоўі вёсачку амаль што не відаць, адразу складваецца ўражанне, што тут увогуле няма ні душы, але, як высветлілася, сёння тут пражывае восем жыхароў. Праязджаем па вуліцы ў пошуках месца прыпынку аўталаўкі па наезджанай каляіне, хутчэй за ўсё грузавіком аўтамагазіна, бо дном рэдакцыйнай машыны чапляем снег. Дамы, у якіх, на жаль, ужо няма жыцця, вызначыць проста: снегам занесены комін, няма слядоў ля веснічак. У шэрані снежаньскага дня карціна выклікае сумныя пачуцці, якія яшчэ больш узмацняе адсутнасць мабільнай сувязі. Дакладней, яна ёсць, толькі вельмі нестабільная.

Не прайшло і пару хвілін, як насустрач нам выйшаў мясцовы жыхар Уладзімір – не кожны дзень тут прыпыніцца незнаёмы легкавік. Даведаўшыся, хто мы і з якой мэтаю наведаліся ў Галік, развёў рукамі: «Ох і папачакаеце вы нашу аўталаўку доўга! Яна можа і к сямі вечара прыехаць, бо сёння на маршруце Валя М.». Тут жа падышла да нас і пажылая жанчына, прадставіцца не захацела, пра абслугоўванне ў аўтамагазіне выказалася стрымана, але па выразу твару і паўзе ў размове стала зразумела: ці то не хоча выдаваць прадаўца, ці то баіцца, што скаргай можа пазбавіць гэтую аддаленую і маланаселеную вёсачку адзінай магчымасці набываць тавары першай неабходнасці.

Стаяць на вуліцы ў чаканні аўтамагазіна было даволі некамфортна ў такое халоднае надвор’е. Так, перамінаючы з нагі на нагу, чакалі мы аўтамагазін з гадзіну. Відаць, да графіка, якога, дарэчы, не аказалася на месцы для гандлю – толькі пустое пластыкавае акенца, прымацаванае да дрэва, прадавец і вадзіцель аўтамагазіна № 1 ставяцца абыякава, як і, у прынцыпе, да жыхароў Галіка. І, як высветлілася па GPS-навігацыі, якую прадставіла для праверкі Наталля Грынчык, намеснік старшыні Івацэвіцкага райста, у той дзень аўтамагазін № 6 у вёску наведаўся са спазненнем у паўтары гадзіны, па яе словах, прычынай стала затрымка на загрузцы машыны і неабходнасць адхілення аўтамагазіна ад маршрута, каб абслужыць жыхароў в. Руды.

Канцавым пунктам рэйду стала в. Альшаніца, менавіта яе жыхары скардзіліся ў райвыканкам наконт работы аўтамагазіна. Яго на пад’ездзе да населенага пункта мы сустрэлі ва ўстаноўлены тэрмін – а палове шостай – і накіраваліся следам. Магазін на колах аб’ехаў вёску па крузе з гулкім і працяжным сігналам, апавяшчаючы жыхароў. Яны з пустымі торбамі і ліхтарыкамі тут жа сабраліся ля прылаўка. Даведаўшыся, што акрамя прывычнага асартыменту тавараў да іх прыехала рэйдавая група, чарга па прадукты пераўтварылася ў сход. І першае пытанне на павестцы – графік выездаў аўтамагазіна. Зараз, у кароткі светлавы дзень, вяскоўцам даводзіцца ісці па прадукты ў поўнай цемры. Па ўсёй вёсцы гараць толькі два ліхтары, адзін з іх асвечвае месца стаянкі аўтамагазіна, аднак з-за таго, што снег на момант нашага візіту быў не расчышчаны, вадзіцель не змог развярнуць машыну прылаўкам да ліхтара. А святла, што ёсць унутры аўталаўкі, не дастаткова, каб пенсіянеры маглі добра разгледзець тавар і яго кошт.

Другое балючае пытанне – работа прадаўцоў аўтамагазінаў, якія выязджаюць гандляваць па чарзе. У той дзень у Альшаніцы тавар адпускала Вольга В., і да яе прэтэнзій у пакупнікоў не знайшлося, а вось Валянціну М., тую самую, што спазнілася ў Галік, надта крытыкавалі: частыя спазненні, на заяўкі спажыўцоў не рэагуе, тавар звалены ў кучу, цэннікаў не разгледзець, прадукты з пратэрмінаванай прыгоднасцю, а па прычыне таго, што Альшаніца з’яўляецца апошнім пунктам маршрута аўтамагазіна, здаралася, што і хлеба або малака камусьці не хапала. «Вярніце нам прадаўца Галіну В. і вадзіцеля Уладзіміра Д.! З імі мы былі ўпэўненыя, што купім усё самае свежае і неабходнае», – як
адзін, паўтаралі вяскоўцы.

У ходзе праверкі аўтамагазіна № 3 спачатку кінуўся ў вочы сціплы асартымент, аднак усё неабходнае, што зацверджана ў пераліку, тут можна было набыць у той дзень. Таксама знайшоўся рад парушэнняў, амаль такіх жа, аб якіх гаварылася вышэй.

«Шкада, што прыехалі вы сёння, а не ў панядзелак, калі па графіку працуе Валянціна. Там бы вы ўбачылі іншую карціну», – запэўніла нас адна з жыхарак Альшаніцы. Што ж, каб паставіць кропку ў гэтым праблемным пытанні, мы рушылі зноў у рэйд у Альшаніцу 18 снежня.

У панядзелак у Альшаніцы назіралася нешта падобнае на сусветную змову: да аўтамагазіна не выйшаў ні адзін пакупнік, які так яра выступаў у пятніцу. Разам з аўталаўкай прыехала і намеснік старшыні Івацэвіцкага райста Наталля Грынчык, і старшыня Квасевіцкага сельвыканкама Сяргей Півень, але пытанняў і скаргаў ад жыхароў яны так і не дачакаліся. І тут, напэўна, прычын можа быць некалькі: вяскоўцы, ведаючы, што ў панядзелак прыедзе аўтамагазін № 1 і яго прадавец Валянціна М., рашылі адкласці пакупкі да лепшых часоў; можа быць і такое, што вясковыя крытыкі не рашыліся сказаць праўду ў вочы прадаўцу, якім так незадаволены, заняўшы пазіцыю «мая хата з краю».

Што тычыцца работы аўтамагазіна № 1 у гэты дзень, то і там памочнік урача-гігіеніста знайшла парушэнні. Знешне і сам аўтамагазін нязручны для пакупніка, вітрына знаходзіцца высока, таму разгледзець там тавар складана, а каб атрымаць яго ад прадаўца з акенца, трэба ўзняць высока рукі. А вось з дакументамі, як адзначыла начальнік аддзела эканомікі Івацэвіцкага райвыканкама Таццяна Чыж, усё ў парадку. Як і з асвятленнем вуліц Альшаніцы: Сяргей Півень запэўніваў, што на сённяшні дзень вёска асвятляецца добра і скаргаў ад насельніцтва не паступала, хаця, нагадаю, 15 снежня ў вёсцы мы налічылі толькі два ўключаныя ліхтары. Нам жа не выпала магчымасць упэўніцца ў гэтым у панядзелак, бо падчас візіту на вуліцах было яшчэ відно, але, спадзяёмся, з асвятленнем у вёсцы сітуацыя выправілася да лепшага.

Пытанне да работы аўтамагазіна № 1 усё ж такі засталося адкрытым: у панядзелак, 18 снежня, у Альшаніцу ён прыбыў згодна з графікам, у 16.25, а вось чамусьці вёску Скураты, якую павінен наведаць быў яшчэ ў 14.40, абмінуў і прыехаў толькі пасля 17.00, вярнуўшыся з Альшаніцы. І ставіць гіпотэзы наконт гэтага не хочацца, бо кожны датычны да пытання абслугоўвання спажыўцоў і сам ведае, дзе памыляецца. Толькі праўдай можна дасягнуць справядлівасці – гэтыя словы хочацца сказаць і тым, хто прадстаўляе гандлёвыя паслугі, і тым, хто гэтымі паслугамі карыстаецца.

Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.

Поделиться