Паштовая станцыя «Няхачава» – асаблівая, адна з нямногіх у Беларусі, якая захавалася амаль у першапачатковым выглядзе

У адным з нумароў газеты мы ўжо публікавалі матэрыял аб паштовай станцыі «Артычанка». Усяго на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна было пабудавана тры паштовыя станцыі: «Артычанка», станцыя ў Івацэвічах (на жаль, не захавалася да сённяшніх дзён) і станцыя «Заполле», альбо «Няхачава», якая знаходзіцца ў аднайменнай вёсцы. Пра апошнюю і пойдзе размова ў гэтым артыкуле.
З часоў Пятра I пачала стварацца сетка дарог з перавалачнымі пунктамі – паштовымі станцыямі, бо спосаб перамяшчэння быў стомным і для пасажыра, і для фурмана, і для коней. А на паштовай станцыі можна было адпачыць, перакусіць, коней змяніць, можна і пераначаваць у выпадку неабходнасці.
З сярэдзіны XIX стагоддзя набывае значнасць дарога з Масквы на Варшаву. Гэты тракт існуе і цяпер, праўда, яго дубліруе новая хуткасная траса еўрапейскага значэння М1, але старая дарога размешчана зусім недалёка і цікавая як гістарычная славутасць.
Паштовыя станцыі звычайна ўзводзілі па тыпавым праекце, таму ўсе яны вельмі падобныя паміж сабой і складаліся з невялікага гатэля, стайні, ямской і карэтнай. Трэба адзначыць, што станцыя Няхачава адрознівалася і мела асноўную асаблівасць: тут былі прадугледжаны апартаменты для спынення гасудара-імператара і членаў імператарскай сям’і. Яны былі выдатна мэбляваныя і мелі спецыяльна распрацаваныя інтэр’еры. На тэрыторыі сучаснай Беларусі такіх станцый было толькі некалькі.
Але аб усім па парадку…
Комплекс пабудаваны ў 1840-я гады ў стылі класіцызму і з’яўляецца помнікам гісторыі і архітэктуры, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У аснове тыпавога праекта паштовых станцый XIX стагоддзя па Маскоўска-Варшаўскай шашы ляжаў праект Луіджы Руска. Галоўны фасад уяўляе сабой плоскую сцяну з рызалітам у цэнтры. Цэнтральны будынак фланкіраваны двума вялікімі аркамі брамы, прарэзанымі ў гэтай сцяне і апрацаванымі клінаватым плоскім рустам (каменем). Вароты з абедзвюх старон вядуць на шырокі двор з будынкамі, якія выходзяць тарцамі на галоўны фасад. У цэнтры двара размешчаны калодзеж. Увесь комплекс мае строга сіметрычную пабудову і займае вялікі ўчастак.
Унутраная планіроўка станцыі адпавядала прызначэнню будынкаў: у цэнтральным корпусе знаходзіліся службовыя і жылыя памяшканні для прыезджых, бакавыя карпусы выкарыстоўваліся для гаспадарчых патрэб і канюшняў.
Станцыя прызначалася для вандроўнікаў, якія спыняліся тут падчас падарожжаў, і была разлічана на ўтрыманне 60 коней. Усяго ж на рахунку станцыі было 25 коней, 8 фурманаў, сярэдні штодзённы разгон коней складаў 18,4 вярсты.
Гістарычныя дакументы сведчаць, што забеспячэнне работы паштовай станцыі – справа нялёгкая. Шмат функцый яна выконвала. Але менавіта з будаўніцтва паштовай станцыі першага класа пачаў сваё існаванне і развіццё населены пункт Няхачава.

Пасля саветызацыі ўсіх грамадзянскіх пабудоў будынак былой паштовай станцыі выкарыстоўвалі як жылы дом. З 1993 года ў адным крыле размясцілі краму, астатнія не выкарыстоўваліся. У 2000-х будынак выкупіў прадпрымальнік, які правёў капітальны рамонт і зладзіў тут выдатны комплекс з гасцініцай і рэстаранам у стылі XIX стагоддзя. Комплекс карыстаецца вялікай папулярнасцю не толькі ў мясцовых жыхароў, але і турыстаў, якія прыязджаюць з розных куткоў свету.
Для таго і ўзнаўляюцца такія каларытныя будынкі, для таго і зберагаецца спадчына, каб у нас узнікалі гістарычныя асацыяцыі, каб мы ведалі, што за імі стаіць, памяталі свае карані.
Падрыхтавала Паліна САУЦІНА. Фота з архіва краязнаўчага музея.