Мы з вамі жывём у надзвычай прыгожых мясцінах, толькі часам не звяртаем на гэта ўвагі. Лясы, лугі, азёры – знаёмыя з дзяцінства і мілыя сэрцу краявіды, толькі дух пры гэтым захоплівае ад горна-марскіх пейзажаў. Між тым іншаземец, для якога горы ці велічная архітэктура гарадоў – штодзённасць, скажа, што найкаштоўнейшае багацце Беларусі – балоты, іх жывёльны і раслінны свет. Па-першае, свет гэты ўнікальны, мала дзе ў Еўропе з ім пазнаёмішся, па-другое, балоты знікаюць, і трэба спяшацца, каб убачыць іх таемную прыгажосць.

Да Сусветнага дня водна-балотных угоддзяў, які адзначаецца 2 лютага, «ІВ» запускае новую рубрыку «Акно ў прыроду», у якой мы будзем расказваць пра ўнікальны свет беларускіх лясоў і балот – свет ландшафтнага заказніка «Выганашчанскае». Менавіта ў гэтым месцы прыкладваюць намаганні для захавання гідралагічнага рэжыму і біяразнастайнасці. Гэта тут жыве птушка-сімвал Івацэвіцкага раёна – барадатая няясыць. Толькі што мы пра яе ведаем? Тут кландайк раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную Кнігу. Але што гэта за яны? Сачыце за рубрыкай – і мы разам зазірнём у акно ў прыроду, за якім нас чакае многа цікавага.

А стартуем мы сёння з аповеда пра сяброўства спецыяліста заказніка «Выганашчанскае» Аляксандра Іванова з глушцамі, цікавымі птушкамі, якія зазвычай не падпускаюць да сябе чалавека, але для яго робяць выключэнне.

Калі чытала артыкулы і водгукі пра заказнік, якія пакідаюць у сеціве турысты (для іх праводзяц-
ца туры па шэрагу маршрутаў, у тым ліку водных, а таксама фотапаляванне), спынілася на словах: «калі вам пашанцуе прайсціся па лесе з Аляксандрам Івановым, то вы ўбачыце…». Размова ішла акурат пра глушцоў, якія не баяцца супрацоўніка заказніка, але слова «пашанцуе» тычыцца ўсіх паходаў з таленавітым экскурсаводам, які шчыра любіць лес, ведае яго як свае пяць пальцаў і на «ты» са звярамі і птушкамі.

Што за птушка?

Глушэц – гэта адна з самых буйных птушак у беларускіх лясах (атрад курыных, сямейства цецеруковых). Жывуць яны ў асноўным у старых сасновых і змешаных лясах, любяць мохавыя балоты. Лётаюць амаль бясшумна, вядуць пераважна наземны лад жыцця – гняздуюцца на зямлі, харчуюцца парасткамі раслін, почкамі дрэў, ягадамі і насякомымі, а зімой ім дастаткова хвоі. Любяць ласавацца падвеем (пушицей) – расце на балотах. Вага самца дасягае 5 кг, самкі – 3 кг.

Самцы больш яркія, з зялёнай грудкай, шэрымі крыламі і шэра-чорнай спінай. Іх характэрная рыса – бровы, якія становяцца чырвонага колеру вясной, падчас такавання, у пачатку шлюбнага перыяду. Глушэц – вельмі асцярожная птушка, з выдатным зрокам і слыхам, што нібыта супярэчыць назве. Але падчас такавання на непрацяглы час яны літаральна губляюць слых і пільнасць, чым часта карыстаюцца паляўнічыя.

Такуе глушэц штогод на адных і тых жа месцах, якія павінны ахоўвацца. Такаваць – гэта значыць прамаўляць розныя гукі. Пад канец яго песні, якую чутно за метраў 500, можна пачуць гук, падобны на тачэнне жалезных прадметаў – глушэц «точыць». У гэты момант, за мінут 15 да світання, глушэц не пачуе нават стрэлаў. Пасля такавання самцоў чакае сустрэча з самкай, за якую могуць разварочвацца і сур’ёзныя баі, якія могуць закончыцца гібеллю адной з птушак. У заказніку «Выганашчанскае» сустракаецца заходнееўпарейскі глушэц, паляванне на яго пакуль забаронена. А на поўдні краіны сустракаецца другі від птушкі, там глушцоў больш і на іх палююць.

Першае знаёмства Аляксандра з глушцамі здарылася многа гадоў таму, калі ён працаваў егерам у паляўнічай гаспадарцы. Забіты глушэц – жаданы трафей, паляваць на іх па законе дазволена падчас такавання пры ўмове, што на такавішчы не менш за восем птушак. Аднойчы Аляксандр праявіў прынцыповую пазіцыю і не дазволіў паляўнічаму-іншаземцу выстраліць у глушца, бо на ток прыляцелі толькі дзве птушкі. У хуткім часе ён перастаў працаваць егерам, а пазней уладкаваўся ў заказнік.

Не сакрэт, што ў лясах за Выганашчанскім возерам некалі актыўна палявалі на качак, іх тут былі тысячы! Паляўнічая база на паўднёвым беразе з’явілася па загадзе Пятра Машэрава, які прыняў такое рашэнне туманным і ветраным ранкам падчас палявання на цецерука ў 1980 годзе. Актыўна палявалі тады і на заходнееўрапейскіх глушцоў, і здавалася, заўжды іх будзе як камароў у лесе. Але за 40 гадоў сітуацыя змянілася, і, напрыклад, зараз паляванне на іх у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях забаронена.

Пачалося ўсё са з’яўлення гравійных дарог у лясах. Аляксандр успамінае, як, едучы
ўздоўж адной з іх, за раніцу мог налічыць да 60 глушцоў, якія выходзілі і клявалі галечнік. Вядома, заўважылі тое і браканьеры, і самі разумееце, што адбывалася. Другая прычына зніжэння колькасці глушцоў – вырубка старых сасновых лясоў. Трэцяя – паніжэнне ўзроўню грунтавых вод. Выводзяцца птушаняты, а побач ні адной лужы, раней у лясах вады было шмат, а дзе вада – там жыццё. А так няма ўзнаўлення патомства… Чацвёртая прычына – драпежнікі, на якіх значна менш палююць. Гэта раней за зарплату лесніка можна было купіць адну шкуру куніцы, сёння на шкуры куніц, ліс, янотападобных сабак попыт значна меншы, іх многа, і яны разбураюць гнёзды глушцоў. Тое, што глушцоў стала мала, сігнал для абаронцаў прыроды – гэты від трэба захаваць, чаго б тое ні каштавала.

Адзінае паляванне, якое праводзіцца ў заказніку – гэта фотапаляванне. Да яго трэба як след падрыхтавацца. Паназіраць за птушкамі, навучыцца разумець, а то і пераймаць іх паводзіны, ведаць, дзе іх можна сустрэць, і прывесці туды фотапаляўнічага.

– У адзін з дзён я займаўся падрыхтоўкай да фотапалявання на глушца для аднаго іншаземца, – расказвае Аляксандр. – Тры гадзіны ночы, збіраюся ехаць у лес. І сын просіць узяць яго з сабой. Я адмовіў, бо раніцай яму ў школу. Мы – людзі веруючыя, таму прапанаваў Пашы памаліцца, каб мне ўдалося зрабіць фотаздымак глушца. Не паспеў я выехаць за вароты на ровары, а ён мне з акна: «Тата, я памаліўся». Паша амаль не чуе… Неяк гэты ўчынак сына мяне ўзрушыў, і было прадчуванне: сёння адбудзецца нешта незвычайнае. Малітва працуе! У той раз глушэц падышоў да мяне блізка-блізка, я нарабіў здымкаў з розных ракурсаў. Удалым было і фотапаляванне. У такія моманты, калі адбываецца яднанне з прыродай, сапраўдны цуд, у мяне адчуванне, што я бачу Бога ў яго тварэннях.

Удалым было далёка не адно фотапаляванне. Фатографы рабілі ўнікальныя здымкі, калі, напрыклад, глушэц такаваў прама ў Аляксандра на руцэ. Аднойчы птушка, якая была на такавішчы адна, прыняла Аляксандра за глушца-саперніка і дэманстравала сваю ўдаласць і ўнікальныя паводзіны, за якімі назіралі праз фотааб’ектыў. Змаглі падысці да птушак блізка і дзеці Аляксандра і таксама рабілі фотаздымкі для выставак, а тата ў сваю чаргу фатаграфаваў іх у працэсе, каб пасля даказаць, хто аўтар работы, бо маглі б і не паверыць.

– Вы пытаеце ў мяне, чаму такія асцярожныя птушкі дазволілі мне так з імі ўзаемадзейнічаць? – працягвае субяседнік. – Трэба разумець, што ёсць аматары прыроды, а ёсць аматары «охоты». Ёсць людзі, якія без ружжа ў лес не ходзяць, а звяры і птушкі адчуваюць, хто з ружжом, а хто не. Я да іх з мірам, і яны сябруюць са мной. І людзей я з сабой прыводжу, якія ім не нашкодзяць. Дарэчы, лічу, што фотапаляўнічы ў многім перасягае ў майстэрстве звычайнага паляўнічага. Убачыць у цемры сілуэт і стрэліць – гэта адно. А падысці блізка, не спужаць асцярожную птушку і пры ўдалым асвятленні зрабіць якасныя фотаздымкі, зафіксаваўшы ўнікальныя моманты яе жыцця, – зусім іншае. І фатаграфаваць яе можна бясконца, кожны фатограф пры гэтым будзе са здымкамі – з трафеем, і не загіне ні адна жывая істота.

Была ў Аляксандра мара – паказаць таямнічых птушак сваім дзецям, таму і не захацеў дапамагаць паляўнічаму застрэліць ці не апошніх глушцоў у акрузе. І што вы думаеце? Усе яго дзеці, а іх
васьмёра, бачылі глушцоў, і не толькі іх. Яны часта побач з татам у лесе.

– Хачу, каб мае дзеці і школь-нікі, якія бываюць з экскурсіямі на нашай экасцежцы «Надліўская града», навучыліся бачыць і цаніць прыгажосць прыроды, – гаворыць Аляксандр. – Ёсць і іншы свет акрамя віртуальнага свету ў тэлефонах, і ў ім многа цікавага. Захаваць прыроднае багацце, памножыць яго – вось наша задача як прыроднікаў, і асвета моладзі – важны крок для дасягнення гэтай мэты.

Рамсарская тэрыторыя
Дата святкавання Сусветнага дня водна-балотных угоддзяў – 2 лютага – была абраная невыпадкова: у гэты дзень у 1971 годзе ў іранскім горадзе Рамсар падпісалі «Канвенцыю аб водна-балотных угоддзях» («Рамсарская канвенцыя»). Яе мэта – абараніць водна-балотныя ўгоддзі, якія маюць міжнароднае значэнне. Беларусь да яе далучылася ў 1999 годзе, абвясціўшы першай Рамсар-
скай тэрыторыяй заказнік рэспубліканскага значэння «Спораўскі». Ландшафтнаму заказніку рэспубліканскага значэння «Выганашчанскае», які размешчаны на тэрыторыі трох раёнаў вобласці – Івацэвіцкага, Ганцавіцкага і Ляхавіцкага, міжнароднае званне «Рамсарскія водна-балотныя ўгоддзі» прысвоена ў 2013-м, а двума гадамі раней заказнік быў уключаны ў Еўрапейскую «Смарагдавую сетку» як тэрыторыя, якая мае важнае значэнне для захавання флоры і фаўны.

Прыродаахоўныя мерапрыемствы, назіранні для вывучэння прыродных комплексаў і аб’ектаў, захаванне біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці, а таксама турызм, у тым ліку экскурсіі, туры, фотапаляванне, экалагічная асвета, – вось тыя задачы, якія выконвае сёння калектыў заказніка на чале з дырэктарам Сяргеем Габцам. Сяргей Уладзіміравіч – цікавы чалавек, сэрцам адданы прыродзе, ён таксама з’явіцца ў новай рубрыцы ў якасці расказчыка.

Поделиться