У гэта цяжка паверыць, але жанчыне, якая на фотаздымку, 79 гадоў. Тамара Ягораўна Акуленка рызыкуе сустрэць значны юбілей на рабочым месцы. Некалі пагадзілася літаральна год папрацаваць правізарам-рэцэптарам у аптэцы № 90 у Святой Волі, хоць была ўжо на пенсіі, а затрымалася на цэлых 12 гадоў! Не тое каб ірвецца яшчэ працаваць – проста не падбіраецца змена, і Тамара Ягораўна зноў і зноў выручае калег і пяць разоў на тыдзень дабіраецца ў аграгарадок з Целяхан – «на попутках».

Яна з Магілёўшчыны, але з Быхаўскім раёнам, дзе нарадзілася, развіталася адразу пасля заканчэння школы. Збіралася стаць урачом, толькі не паступіла ў медыцынскі інстытут і пайшла вучыцца ў Магілёўскае медвучылішча. Ужо пасля яго заканчэння дзяўчыне пакарылася ВНУ – у Віцебску вывучылася на фармацэўта. Ад мары стаць доктарам адмовілася – усё ж не палічыла сябе дастойнай такой высакароднай прафесіі – да ўрачоў заўсёды ставілася з піетэтам. Вырашыла мець дачыненне да медыцыны ў іншай якасці, тым больш што гэтая цяга ў яе ў крыві: некалі матуля Тамары Ягораўны марыла стаць фельчарам, але не змагла вучыцца з-за фінансавых праблем. З выбарам прафесіі гераіня артыкула не памылілася.

– І добра, што не ўрач, бо з маім характарам дакладна не спала б па начах пад грузам вялікай адказнасці за пацыентаў. І наша работа адказная, але не да такой ступені, – разважае цяпер Тамара Ягораўна, расказваючы пра свой працоўны шлях. А пачаўся ён у 1958 годзе ў Брэсце, праз год яна пераехала ў Целяханы, дзе стала загадчыцай мясцовай аптэкі і прапрацавала на гэтай пасадзе 40 гадоў.

Міні-цэх па вытворчасці лекаў і прыгоды са спіртам

Аптэка ў Целяханах у той час знаходзілася на тым жа месцы, што і зараз, толькі выглядала інакш. У 80-я гады гаспадарчым спосабам зрабілі да яе прыбудову, дзе месціўся, можна сказаць, міні-цэх па вытворчасці стэрыльных лекавых формаў. Для Целяханскай бальніцы тут рыхтавалі мазі, пілюлі, вочныя каплі, адвары, растворы, а таксама фасавалі вату, збіралі і сушылі лекавыя расліны і гэтак далей. Быў у штаце аналітык, які правяраў якасць лекавых форм. Ды і штат быў немалы для пасялковай аптэкі – каля 10 чалавек.

Работа была адказная і няпростая. Тамара Ягораўна ўспамінае, як хвалявалася па прычыне таго, што ў аптэцы захоўваліся наркатычныя сродкі для медыцынскіх мэт. І згадвае выпадак пра крадзеж, праўда, злодзеі паквапіліся не на наркотыкі, а на медыцынскі спірт. Схаваны ён быў надзейна, за трыма замкамі, усе яны зламыснікам не паддаліся. Дык тыя прыхапілі касавы апарат. І зноў іх чакала расчараванне – у ім аказаліся толькі капейкі. Пазней касу знайшлі – яе выкінулі за непатрэбнасцю. Надта дакучалі і аматары спіртавых настоек глогу ды сардэчніку ў той час, калі складана было дастаць алкаголь. Бывала, гразіліся і вокны павыбіваць, калі настойкі прадаваліся ім у недастатковай колькасці. У астатнім Тамара Ягораўна не помніць хамства ў свой адрас ці якіх-небудзь канфліктаў. Сама заўжды імкнулася быць ветлівай і клапаціцца пра патрэбы пакупнікоў.

Значна лягчэй стала працаваць, калі невялікія аптэкі перасталі выконваць вытворчую функцыю і перайшлі на водпуск гатовых лекаў. Цяпер адно ведай – сачы, каб быў багатым асартымент, заказвай патрэбныя людзям лекі і займайся самаадукацыяй, бо новых прэпаратаў з’яўляецца шмат, а ад рэцэптара-правізара, бывае, чакаюць міні-кансультацыі. Тамара Ягораўна рэкамендуе толькі тое, у чым упэўненая, а калі ўзнікаюць сумненні, не саромеецца параіцца з урачамі.

«Сумна моладзі ў вёсках, малады спецыяліст затрымаўся на год…»

Тамара Акуленка да таго, як стала правізарам-рэцэптарам святавольскай аптэкі, пабыла год на пенсіі, паняньчыла ўнучку. Але паддалася на ўгаворы былой загадчыцы ЦРА № 9 Наталлі Азарка, якой было цяжка адмовіць з-за бязмернай павагі да яе, і ўсё ж вярнулася да работы. І на некаторы час праца стала для яе выратавальным кругам ад самоты, якая часта накрывае надта дзейных людзей на пенсіі. Цяпер жа Тамара Ягораўна з радасцю саступіла б гэтае месца і ўжо нават аднойчы перадала справы маладому спецыялісту, аднак той у Святой Волі затрымаўся толькі на год. Чаму так?

– Сумна маладым у вёсках, таму і так. Некалі прыязджала моладзь гурбай – хто ў школу, хто ў калгас, знаёміліся, бавілі час разам. А цяпер кожны ў сваім кутку, дзяўчына, што працавала тут год, прыязджала з Івацэвічаў на аўтамабілі, нічога асабліва яе ў нас не трымала, – расказвае субяседніца.

Між тым работа фармацэўта, па яе словах, няцяжкая, спакойная. Умовы нядрэнныя. Усе нашы аптэкі выглядаюць годна, і ў гэтым ёсць і заслуга ўсё той жа Наталлі Азарка, якая ўжо не працуе, і тым не менш шмат зрабіла для развіцця аптэчнай сеткі. Вось і ў святавольскай аптэцы гадоў шэсць таму зрабілі сур’ёзны рамонт: уцяплілі сцены будынка, што будаваўся ў 60-я гады, пафарбавалі фасад, унутры паклалі новую падлогу, патынкавалі і пафарбавалі сцены, паставілі новае гандлёвае абсталяванне, камп’ютар, падключаны да лакальнай сеткі (дарэчы, Тамара Ягораўна баялася камп’ютара як агню, ён ледзь не падштурхнуў яе да канчатковага зыходу на пенсію, аднак асвоіла новыя тэхналогіі – і цяпер не нарадуецца). Карацей, умовы створаны, толькі што ацяпленне засталося пячным.

Аптэка 3-й катэгорыі. Асартымент – каля 800 найменняў прэпаратаў, гэта лекі і парафармацэўтыка – БАДы, касметыка, сродкі для догляду за хворымі. Знойдзецца тут усё неабходнае, а чаго няма, тое прывязуць літаральна праз тыдзень. Трэба сказаць, што ў дзень нашага візіту гандаль ішоў актыўна, і за гадзіны паўтары аптэку наведалі каля 15 пакупнікоў. Тамара Ягораўна працуе не на поўную стаўку, да 14.30, дык людзі ведаюць, што за лекамі трэба прыходзіць да абеду.

«Тамары Ягораўне ўласціва чалавечнасць і дабрыня»

Спыталі ў пенсіянеркі з в. Турная Антаніны Аляксандраўны Васюціч, якая акурат завітала ў аптэку, што яна можа сказаць пра Тамару Ягораўну:

– О, яна аптэкар ад Бога! Тамары Ягораўне ўласціва чалавечнасць і дабрыня, мала хто такім можа пахваліцца ў наш час. Вельмі добра ставіцца да хворых, заўжды дапаможа і падкажа. Усіх ведае. І медыкаменты ў яе заказваю (хутка ў яе водпуск, дык я ўжо хвалююся, каб загадзя купіць усё патрэбнае). Упэўненая, што так, як я, думаюць многія жыхары нашага сельсавета. І да-зволю сабе ад усіх іх пажадаць Ягораўне шчасця, здароўя, доўгіх гадоў жыцця і поспехаў у працы. Няхай заў-
жды і ўсюды ёй дапамагае Бог.

Рада працаваць у прыемнай кампаніі і прыбіральшчык вытворчых памяшканняў Вікторыя Радул. Да аптэкі яна працавала ў гандлі і памяняла работу па стане здароўя. Аднак важкім аргументам для яе было і тое, што ёсць магчымасць працаваць разам з Тамарай Ягораўнай – «добрым і светлым чалавекам». Вікторыя паважае і цэніць калегу і імкнецца не толькі выконваць свае прамыя абавязкі, але і дапамагаць ёй у розным.

Што яшчэ расказаць пра Тамару Акуленка? Яна шчыра любіць пасёлак, які стаў для яе родным. Ён так папрыгажэў, што жанчына радуецца за целяханцаў ды і ўвогуле за беларусаў – жывуць у прыгожай краіне і пад мірным небам. Паважае Кіраўніка дзяржавы і захапляецца яго мудрасцю. Мае на сёння два асноўныя жаданні: каб удалося пазбегнуць вайны і каб ва ўсіх яе блізкіх і родных усё было добра. Гадоў 12 таму пайшоў з жыцця муж, не так даўно не стала сястры і мамы, якія жылі побач, у Целяханах, няма ўжо на гэтым свеце і брата. Сэрца балела нясцерпна ад страт. Але засталіся дзве дачкі, трое ўнукаў, з адной з дачок Тамара Ягораўна жыве разам. Яна не выглядае на свой узрост – гены! У бабулі і ў старасці былі цёмныя валасы без сівізны, доўга выглядала молада і матуля. Толькі розум ужо не дзявочы – многаму навучыла жыццё.

Тамара Ягораўна частавала мяне кавай з мёдам, і я падумала, што яна як тая пчолка – прыносіць карысць сваёй няспыннай працай. Да гэтай пары адчувае сябе патрэбнай людзям і атрымлівае ад гэтага задавальненне. Ці не ў гэтым шчасце? Радасна, што знаходзяцца такія людзі, асабліва ў вёсках, за якіх я шчыра перажываю. Калі пойдуць на пенсію самаадданыя працаўнікі (іх, дарэчы, нямала ў сельскай гаспадарцы, і работа ў іх няпростая), хто прыйдзе пасля іх, калі маладых так моцна вабяць і так актыўна прымаюць вялікія гарады? Пажывём – убачым. А Тамары Ягораўне дзякуй – за тое, што чалавек яна харошы і дбае пра другіх.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться