«Першае месца – гэта адказнасць»
УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» – лепшая ў вобласці сярод цэнтральных раённых бальніц.
З Дыпломам I ступені вярнуўся з выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама галоўны ўрач раённай бальніцы Васілій Юзефовіч: Івацэвіцкая ЦРБ стала пераможцам абласнога агляду-конкурсу якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва за 2022 год. За апошнія 14 гадоў наша райбальніца была ў тройцы лепшых восем разоў, двойчы, у тым ліку сёлета, выйшла на першае месца, апярэдзіўшы Кобрынскую і Драгічынскую ЦРБ.
– Вядома, гэта заслуга ўсяго калектыву, бо паказчыкі, якія браліся ў разлік, ілюструюць работу кожнай службы і тое, як наладжана ўзаемадзеянне паміж імі, работу з пацыентамі на ўсіх этапах. Дзякуй усім і кожнаму, але першае месца – гэта адказнасць, трэба яму адпавядаць, – скажа Васілій Юзефовіч у інтэрв’ю «ІВ», віншуючы калег з высокай ацэнкай рэзультатаў іх работы, а ў сістэме аховы здароўя раёна працуе 1 211 чалавек. І дадасць:
– Канечне, не ўсё ідэальна, мы ведаем і нашы слабыя месцы. Але ацэнка вялася па шэрагу крытэрыяў, пасля дэталёвага вывучэння нашай работы, у тым ліку падчас маніторынгу Міністэрства аховы здароўя, пракуратуры, іншых службаў, візітаў спецыялістаў, якія ацэньвалі работу па розных напрамках дзейнасці не завочна – па фактах і лічбах, а на свае вочы. Былі і заўвагі – не без гэтага, але не крытычныя, недахопы часта маюць аб’ектыўныя прычыны: не хапіла фінансавання, кадраў ці не хапіла ім вопыту. Але ў агульным і цэлым мы з задачамі спраўляліся, і гэта было відавочна для тых, хто рабіў кампетэнтныя высновы аб намаганнях медработнікаў ЦРБ.
– А якія крытэрыі браліся ў разлік? Дзе спрацавалі найлепш, а дзе не зусім удала?
– Кожнай установе аховы здароўя даводзіцца мадэль канчатковых рэзультатаў. У ёй улічваюцца як паказчыкі здароўя насельніцтва, у тым ліку дэмаграфічныя, так і паказчыкі дзейнасці. Ёсць і асобная рубрыка – паказчыкі дэфектаў. Бальніца губляе балы, калі былі абгрунтаваныя звароты і скаргі ў адрас медработнікаў, выпадкі анказапушчанасці пацыентаў (асабліва калі чалавек памёр на працягу года пасля выяўлення анкалогіі), выпадкі пасляаперацыйнай лятальнасці.
Сур’ёзна ўплывае такі паказчык, як дзіцячая смяротнасць, – не дай Бог, памірае немаўля ва ўзросце да 1 месяца (такога ў раёне ў мінулым годзе не здаралася) і калі ў цэлым паміраюць дзеці. У 2022 годзе адзін падлетак, жыхар раёна, загінуў у ДТЗ. Здаецца, ЦРБ тут ні пры чым, але смерці ў дзіцячым узросце ідуць установе ў мінус. Важны паказчык – пярвічная захваральнасць вострым парушэннем мазгавога кровазвароту, іншымі словамі – раптоўныя інсульты. Яны былі, ёсць і будуць, але задача медыкаў – працаваць над выяўленнем і лячыць артэрыяльную гіпертэнзію ў пацыентаў, тлумачыць ім і нават іх дзецям, як важна рэгулярна прымаць лекі. Увогуле ацэнка вядзецца па 37 паказчыках дзейнасці і здароўя і пяці паказчыках дэфектаў. Па абсалютнай большасці пазіцый мы спрацавалі на годным узроўні. Толькі па адным паказчыку наша бальніца сярод адстаючых – па смяротнасці пацыентаў ад вострага інфаркту міякарда. Гэта ў многім звязана з несвоечасовым паступленнем у стацыянар пацыентаў пажылога ўзросту.
– На старонках раёнкі часта друкуюцца падзякі медработнікам. Пакідаюць падзякі ў кнізе заўваг і прапаноў ЦРБ ці ў нейкай іншай форме? Ці да адміністрацыі ідуць толькі са скаргамі?
– Вядома, ёсць тыя, хто дзякуе і ў вуснай, і ў пісьмовай форме. Сярод пісьмовых і электронных зваротаў у 2022 годзе (іх паступіла 82) было 13 падзяк, 45 зваротаў мелі растлумачальны характар і 27 тычыліся розных пытанняў аховы здароўя і патрабавалі камісійнага разгляду. У мінулым годзе ў нашай кнізе заўваг і прапаноў пакінулі 46 запісаў (у 2021-м было 45), заўваг – 14. Усе звароты і прапановы былі разгледжаны, заяўнікі атрымалі пісьмовыя адказы. На жаль, былі і абгрунтаваныя скаргі. Пяць медработнікаў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
Між тым Івацэвіцкі раён уваходзіць у тройку раёнаў вобласці з найменшай колькасцю зваротаў грамадзян па пытаннях аховы здароўя. Гэта інфармацыя была агучаная на калегіі ў аблвыканкаме. Лічу, што гэта таксама гаворыць пра якасць і культуру медабслугоўвання, даступнасць дапамогі, хоць нам яшчэ ёсць над чым працаваць.
– А што адметнага адбылося ў сістэме аховы здароўя раёна ў 2022 годзе, у пачатку года бягучага, на Вашу думку?
– Івацэвіцкі раён – адзін з нямногіх раёнаў, дзе, на маю думку, эвалюцыйным шляхам праводзіцца аптымізацыя сеткі медыцынскіх устаноў. У мінулым годзе прыйшлося закрыць два ФАПы – Бусяжскі і Міронімскі, якія ў сукупнасці абслугоўвалі 246 чалавек. Спачатку размеркавалі насельніцтва, якое абслугоўвалася гэтымі ўстановамі, паміж Быценскай амбулаторыяй агульнай практыкі, Грыўдзенскім і Мілейкаўскім ФАПамі і ў дапамогу пусцілі па вёсках ФАП на колах. Гэта перасовачны медыцынскі комплекс, атрыманы ў 2022 годзе па лініі Міністэрства аховы здароўя. Не сказаў бы, што закрыццё ФАПаў адбілася на абслугоўванні насельніцтва, для жыхароў аддаленых вёсак амбулаторная дапамога даступная. Скарачэнне ФАПаў прайшло рацыянальна, разумна, бо прапрацавалі механізмы кампенсавання нязручнасцей, прапанавалі альтэрнатыву. І любая рэарганізацыя павінна праходзіць з мінімальнымі сацыяльнымі стратамі. Дарэчы, перасовачны медкомплекс пачаў працаваць у сярэдзіне мінулага года і здзейсніў 172 выезды. Агляды ў ім прайшлі больш за 1 900 сельскіх жыхароў, якія мелі магчымасць здаць аналіз крыві, прайсці электракардыяграфію, набыць лекі.
Сельскае насельніцтва памяншаецца, і пытанні аптымізацыі стаяць і будуць стаяць перад намі. У бліжэйшай перспектыве яна кранецца ўрачоў агульнай практыкі ў сельскіх амбулаторыях агульнай практыкі – не выконваецца нарматыў (урачы могуць працаваць у амбулаторыях, за якімі замацаваны больш за 1 300 чалавек; ёсць тры ААП у раёне, дзе ўрачы абслугоўваюць менш). Непазбежна ў бліжэйшыя пяць гадоў будуць закрывацца і структурныя падраздзяленні на сяле.
Пры гэтым зазначу, што сёння ўкараняюцца і становяцца даступнымі для вяскоўцаў і высокія тэхналогіі – кардыёхірургічная дапамога, эндаваскулярная хірургія ў Баранавічах, куды дастаўляем пацыентаў з вёсак з вострым інфарктам міякарда пры захаванні шэрага ўмоў.
– Мінулы год быў добрым для ЦРБ у інвестыцыйным плане….
– Сапраўды. 1 млн 725 тыс. руб. укладзена толькі ў матэрыяльна-тэхнічную базу. Вялікія аб’ёмы інвестыцый паступілі дзякуючы абласным «Дажынкам». Адрамантавалі будынак Целяханскай гарад-
ской бальніцы, добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол яе, закупілі медабсталяванне і мэблю, на што патрацілі 953 тыс. руб. Бальніца ў Целяханах атрымала новы аўтамабіль хуткай дапамогі маркі «Citroen». Завершана рэканструкцыя сістэмы лячэбнага газазабеспячэння, працуе кіслародны канцэнтратар магутнасцю 500 л/мін, дзякуючы чаму мы забяспечаны медыцынскім кіслародам. Таксама атрымалі медыцынскае абсталяванне на больш чым 400 тыс. руб. – абсталяванне, якое вельмі патрэбна. У першую чаргу было дааснашчана рэанімацыйнае аддзяленне чатырма апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх, сёлета дадаткова атрымалі два наркозныя апараты. Быў закуплены апарат ультрагукавой дыягностыкі высокага класа і іншае.
Разам з тым у сувязі з санкцыямі мелі месца перабоі з пастаўкамі лабараторных рэактываў, асобных расходных матэрыялаў, запасных частак для медабсталявання і аўтамабіляў. Нешта не атрымалася закупіць, адрамантаваць зусім ці своечасова.
Дарэчы, Івацэвіцкая ЦРБ зарабляла і сама праз аказанне платных медыцынскіх паслуг. Даход ад пазабюджэтнай дзейнасці раённай бальніцы за 2022 год склаў больш за 1 млн 150 тыс. руб.
Аб’ёмы фінансавання з бюджэту ўрэзаныя не былі, наадварот, на працягу года фінансаванне павялічвалася. 2022 год быў знакавым і таму, што ў краіне адмянілі ковідныя надбаўкі да зарплат медработнікаў, але далі новыя, захаваўшы зарплаты на дастойным узроўні. Своечасовы і правільны крок, бо намячаўся адток кадраў.
– Давайце пагаворым пра сітуацыю з кадрамі. Складваецца ўражанне, што ўрачоў не хапае. Чаму так? Не едуць да нас, не замацоўваюцца?
– Сітуацыя з кадрамі ў мінулым годзе была дастаткова складаная і пакуль такой і застаецца. У першую чаргу ёсць пытанні па ўрачам агульнай практыкі. І звязаныя яны з тым, на што ўплываць складана – «бэбі бум»: сем урачоў толькі ў Івацэвіцкай паліклініцы пайшлі ў водпуск па доглядзе дзіцяці і адзін на сяле. А хутка іх стане яшчэ больш. Выходзяць замуж дзяўчаты, у тым ліку за ваеннаслужачых, і пераразмяркоўваюцца. Якія б мы заяўкі не давалі, сярод года мне ніхто доктара не дасць. Трэба набрацца цярпення і насельніцтву: сёння фактычна адзін урач агульнай практыкі на два ўчасткі, многія функцыі выконваюць памочнікі ўрача. Не хапае траўматолагаў – аднаго спецыяліста прызвалі на ваенную службу. Для нас рыхтуецца ўрач-інтэрн па траўматалогіі, які са жніўня прыступіць да працы. Не хапае і акушэраў-гінеколагаў: літаральна за палову года два ўрачы зноў жа пайшлі ў дэкрэтны водпуск. На сёння кожны пяты ўрач у раёне – у водпуску па доглядзе дзіцяці! Рыхтуюцца два гінеколагі-інтэрны – у раённую паліклініку і ў Целяханы.
Наша бальніца – не лідар у пытанні замацавання спецыялістаў, але і не пляцецца ў хваце – займаем сярэднюю рэйтынгавую пазіцыю. Добра, калі размяркоўваюцца да нас ураджэнцы раёна – яны звычайна застаюцца. Застаюцца і тыя, хто знайшоў сабе пару, але ў многіх не складваецца.
Зразумела, што маладых людзей цягнуць вялікія гарады з большымі магчымасцямі для рэалізацыі, асабліва калі яны не сямейныя людзі. Што тычыцца зарплат, то, да прыкладу, малады ўрач агульнай практыкі на 1,25 стаўкі (аптымальная нагрузка), атрымае ад 1 500 да 2 000 рублёў. Забяспечваем і жыллём. Летась у сувязі са здачай у райцэнтры арэнднага дома для ЦРБ было выдзелена шэсць кватэр для маладых урачоў і яшчэ дзве – у Целяханах. У раёне 19 сямей, дзе муж і жонка – медыкі, жывуць у арэндным жыллі. Прадстаўляюцца і месцы ў інтэрнаце, кампенсуецца часткова плата за кватэры, якія здымаюць. Як бачыце, умовы для жыцця і працы ёсць.
– Падзяліцеся планамі на бліжэйшую будучыню. Ходзяць чуткі, што ў Івацэвічах з’явіцца тамограф?
– На ўзроўні галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама ёсць загад, якім даручана вырабіць праектна-каштарысную дакументацыю на стварэнне памяшкання пад устаноўку кам’ютарнага тамографа. Адпаведнае даручэнне дадзена УП «Івацэвіцкае УКБ», заключаны дагавор на выраб дакументацыі. Калі ёсць пачатак, будзе і канец. Не ў гэтым годзе, але ў бліжэйшыя гады плануем быць з тамографам.
А галоўныя задачы на 2023 год – дыспансерызацыя насельніцтва згодна з пастановай № 83 ад 9 жніўня 2022 года, аптымізацыя сеткі медустаноў. З улікам праектавання і падрыхтоўкі памяшкання пад тамограф – распрацоўка аптымальнага варыянту размяшчэння структурных падраздзяленняў. Будзем выбудоўваць сістэмную работу па ўсім профілям з Баранавіцкім міжраённым цэнтрам аказання медыцынскай дапамогі, арганізоўваць падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй з улікам сярэднетэрміновай перспектывы і выбудоўваць сістэму атэстацыі кадраў.
Гутарыла Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.