Вучоба пачалася 5 чэрвеня. Увесь тыдзень, з панядзелка па пятніцу, у Цэнтры распісаны, расклад як у студэнтаў. Па два заняткі на дзень, але кожнае доўжыцца больш за гадзіну. Прадпрымальнікаў збіраюць у другой палове дня, прыкладна з 14.00 і да 17.00, і яны слухаюць сапраўдныя лекцыі ад экспертаў. Некаторыя лекцыі – у анлайн-фармаце.
Так, некалі стварэнне падобных цэнтраў, у тым ліку ў раёнах, ініцыіравала Міністэрства эканомікі, іх галоўная задача ў інфармацыйнай падтрымцы пачынаючых і дзеючых прадпрымальнікаў, якім цяжка разабрацца ў заканадаўчых, падатковых ці бухгалтарскіх пытаннях.
У Івацэвіцкім раёне цэнтр існуе з 2018 года, аднак працаваў ён з пэўнымі цяжкасцямі, з гэтага ж года Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва запрацаваў з новай сілай і пры новых падыходах. Кіраўнік цэнтра Таццяна Панамарова прыйшла на работу ў каледж у пачатку бягучага года і з пэўным імпэтам занялася работай над падобнай «прадпрымальніцкай кузняй»:
– Для мяне гэта абсалютна новы вопыт, вельмі дапамагла паездка ў Баранавіцкі Цэнтр трансферу тэхналогій, там з прадпрымальнікамі працуюць даўно і вельмі актыўна. Гэта цэнтр для знаёмстваў, для вучобы і арганізацыі конкурсаў, розыгрышу грандаў і іншых бонусаў. Нешта падобнае хацелася б наладзіць і ў нас, на шчасце, Цэнтр трансферу тэхналогій узяў над намі куратарства. Першы наш трэнінг кароткі – усяго тыдзень, на першы раз мы запрасілі ў асноўным мясцовых экспертаў – юрысконсультаў, супрацоўнікаў банкаў, падатковай службы, ёсць эксперты з Бярозы і Баранавіч, яны працуюць у анлайн-фармаце. Ёсць планы ісці далей, да нас гатовыя прыехаць прадпрымальнікі і эксперты нават з Брэста і Віцебска. Аднак такое арганізуем пры цікаўнасці і актыўнасці нашых іпэшнікаў. Гэтым трэнінгам цікавіліся многія, званілі каля 15 чалавек, дайшлі не ўсе, у першы дзень было пяць чалавек, на другі – трое, у сераду – дзесяць. Нехта выбірае для сябе цікавыя лекцыі і наведвае толькі іх, нехта не паспявае прыходзіць штодзень, гэта жыццё.
Так, тэмы заняткаў сапраўды цікавыя і разнастайныя ад базавага, як стаць прадпрымальнікам, да тонкасцей дакументаабароту і падаткаабкладання. Многіх сёння цікавіць праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці», ён быў прыняты ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў 31 мая. У ім плануецца абмежаванне відаў дзейнасці, якімі змогуць займацца ІП, усе, хто не трапіць ў запаветны спіс, павінны будуць стаць юрыдычнымі асобамі. А гэта ўжо іншы статус і падаткаабкладанне. Прадпрымальнікі чакалі спіс 1 чэрвеня, тэрмін публікацыі адкладзены, чакаюць яго і зараз, і, канечне, хвалююцца.
Кірыл Нікалаенка, слухач трэнінгу, дзеліцца:
– Два гады таму я адкрыў студыю англійскай мовы «English Land» як фізічная асоба, плачу падаходны падатак. Пачынаў прыкладна з 30 рублёў, за гэты час сума вырасла ў некалькі разоў. Аднак на сённяшні дзень умовы работы мяне задавальняюць. Што будзе далей – невядома, чакаем спіс. Пакуль жа толькі па чутках ведаю, што гэта можа крануцца вядучых мерапрыемстваў, фатографаў, рэпетытараў. У Цэнтр мы прыйшлі разам з жонкай-фатографам, многа цікавага, але цяжкавата ўспрымаць інфармацыю. Пра Цэнтр я прачытаў у Інстаграме «Івацэвіцкага весніка». Думаю, што наведаўся б сюды яшчэ, новыя знаёмствы, інфармацыя – гэта цікава, і веды лішнімі не бываюць.
Яшчэ адна «студэнтка» Таццяна атрымала бізнес у спадчыну пасля смерці мужа і працягвае яго справу.
– Майстэрня размешчана ў сельскай мясцовасці, бізнес пакуль амаль што не развіваецца. Мне аб’ектыўна не хапае ведаў, – гаворыць Таццяна. – Вельмі добра, што я апынулася тут, у Цэнтры. Праграма насычаная, нататнік заўсёды пры мне, штосьці я фіксую. Ад другіх чула прапановы, што было б зручней збірацца не ў працоўны час, днём у прадпрымальнікаў таксама шмат спраў.
І сапраўды, кіраўнік цэнтра Таццяна Панамарова казала, што многія з тых, хто цікавіўся заняткамі, адмовіліся акурат з-за графіка. Гэта толькі першы трэнінг, далей расклад і тэмы будуць «падганяцца» пад патрэбы і пажаданні слухачоў. Пакуль жа гараць вочы ў кіраўніка Цэнтра, ёсць зацікаўленасць і ў прадпрымальнікаў. Ва ўмовах зменлівых рэалій, і, як вынік, заканадаўства, такі Цэнтр нам неабходны.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.