У Івацэвіцкім раёне – 6 амбулаторый, 28 ФАПаў, а хутка з’явіцца першы перасовачны медыцынскі комплекс (фельчарска-акушэрскі пункт). Ён выдзелены Івацэвіцкай ЦРБ па лініі Міністэрства аховы здароўя і каштуе амаль 300 тыс. рублёў. Комплекс паедзе ў аддаленыя вёскі раёна, каб зрабіць медыцынскую дапамогу больш даступнай для сельскага насельніцтва. Аналагічныя ФАПы на колах першымі ў вобласці атрымалі Брэст, Пінск, Баранавічы. Другі транш – Столін і нашы Івацэвічы. Першы такі ФАП у рэспубліцы з’явіўся некалькі гадоў таму ў Шчучынскім раёне, новая форма работы добра сябе зарэкамендавала і ўкараняецца ў іншых рэгіёнах.

У першы рэйс на перасовачным медкомплексе адправіцца вадзіцель ЦРБ Андрэй Амельянчук.

У дадзеным ФАПе-аўтобусе разам з вадзіцелем будзе курсіраваць фельчар, якая па графіку завітае ў самыя аддаленыя куточкі раёна, да асобных пацыентаў пад’едзе да хаты, і таму зручнасць хутка стане відавочнай, кажа намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва раёна УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» Мікалай Дашэвіч.

На гэтым жа аўтобусе-ФАПе змогуць даязджаць прама да пацыентаў вузкія спецыялісты ЦРБ, якія на сяле час ад часу вядуць прыём у амбулаторыях. Але ці паедзе ў Быценскую амбулаторыю на прыём бабуля з Вуглоў – усё ж 19 км трэба пераадолець? А калі ФАП прыедзе прама ў Вуглы, то, можа, і прыйдзе да доктара з райбальніцы. ФАП на колах паспрыяе ў справе правя-
дзення дыспансерызацыі ў аддаленых вёсках.

Хутка ў перасовачнага ФАПа – першы выезд, і мы абавязкова выберамся ў вёскі разам з фельчарам і раскажам падрабязней пра новую форму работы. Скажу толькі, што ў медкомплексе будзе магчымасць браць і захоўваць аналізы, яго плануецца аснасціць шматкампанентным камп’ютарным ЭКГ-апаратам з магчымасцю аддаленага кансультавання з кардыёлагам і іншым абсталяваннем. У ім можна будзе набыць лекі.

Зразумела, што рана ці позна, але стацыянарныя ФАПы ў асобных вёсках будуць закрывацца. Ёсць у нас і такія, якія абслугоўваюць па 170-260 чалавек пры нарматыве ў 700. Пры тым, што на абслугоўванні ў таго ж Яглевіцкага ці Любішчыцкага ФАПа – больш за тысячу чалавек. На жаль, вёскі, дзе па 2-4 жыхары (Галынка, Гладышы, Сакоўцы – і не толькі яны) – ужо не такая і рэдкасць. Таму ФАП на колах – своечасовы падарунак для ЦРБ і павінен стаць падарункам і для вяскоўцаў.

Поделиться