Плюс два дзясяткі дрэўцаў у маладым гарадскім парку
З такім экалагічным падыходам – пасадкай дрэў – Івацэвіцкая раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя адзначыла прафесійнае свята. Гэта ўжо добрая традыцыя інспекцыі, каму, як не ім, тут быць на перадавой! Менавіта нашы эколагі дакладна ведаюць, якую карысць для людзей і навакольнага асяроддзя прынясе гэты малады парк і ўсе маладыя насаджэнні праз гады.
Так, 3 чэрвеня 20 маладых бяроз разам з навучэнцамі УА «Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці» пасадзілі начальнік інспекцыі Сяргей Прус і галоўны спецыяліст Вольга Белякова. І гэтыя дрэўцы прыплюсуюць пасля ў агульную «зялёную» скарбонку раёна, бо ў гэтым годзе ўжо высаджаны 1636 дрэў і 475 кустарнікаў!
Перша- і другакурснікі прафліцэя ў маладым парку замацавалі на практыцы тэорыю, якую праслухалі днём раней, 2 чэрвеня. У актавай зале прафліцэя сабраліся тры групы, каля 70 першакурснікаў. Галоўны спецыяліст інспекцыі Вольга Белякова падрыхтавала прэзентацыю і падзялілася з моладдзю цікавымі лічбамі і фактамі. Ці ведалі вы, што лясістасць раёна складае 46 %, а лесаўтвараючая парода ў нас – 55,2 % – гэта хвоя. Плошча раёна складае 300 тыс. га, з якіх 33,8 % – гэта сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Галоўныя рэкі раёна – Шчара і Грыўда, а ўсяго на івацэвіччыне 49 водных аб’ектаў… Гэтымі і не толькі «сакрэтамі» падзяліліся ў той дзень спецыялісты. Прагучала падчас сустрэчы і яшчэ адна важная думка: каб і надалей усім нам жыць, дыхаць свежым паветрам і карыстацца прыроднымі рэсурсамі, іх трэба берагчы. У процілеглым выпадку за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства ў нашай краіне існуе адміністрацыйная адказнасць. У гэтым годзе Івацэвіцкая раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правяла 409 даследаванняў, выявіла 348 парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, 7 фактаў прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю на суму больш за 6000 рублёў. 10 вінаватых асоб былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці, усе яны атрымалі немалыя штрафы, папярэджанні атрымалі яшчэ 39 чалавек, на ліку нашых асоб і прадпрыемстваў яшчэ 33 прадпісанні і 97 (!) рэкамендацый. Нагода нам усім задумацца…
Многае з гэтага запомніў і першакурснік прафліцэя з в. Заполле Артур Ражкоў. Будучы вадзіцель і зваршчык у свае 16 ужо пасадзіў сотні саджанцаў. Два тыдні ў сакавіку-красавіку юнак працаваў у Даманаўскім лясгасе ў складзе экалагічнага студатрада.
– Мы працавалі па 4 гадзіны ў дзень, садзілі сасну і бярозу, – успамінае Артур. – Ніколі раней не трымаў саджанцы ў руках, але набіў руку хутка, з тэмпам спраўляўся. Цяпер і аднагрупнікам магу падказаць сакрэты ўдалай пасадкі. За работу атрымаў добрыя грошы і навуку на ўсё жыццё. І сёння хутка пасадзілі 20 бярозак, думаю, усе прымуцца, бо надвор’е добрае і саджанцы здаровыя. Няхай растуць дрэўцы!
І сапраўды, няхай растуць, радуюць вока, ствараюць такі неабходны цень летам, у якім ад сонца будуць хавацца ў будучым дзеткі з маладымі матулямі, моладзь і нашы пенсіянеры. А сапраўднае шчасце нашых эколагаў у тым, каб усе задумаліся сёння над тым, што мы пакінем дзецям і ўнукам. Супрацоўнікі нашай інспекцыі яшчэ раз заклікаюць усіх людзей беражліва адносіцца да прыроды, падтрымліваць парадак на зямлі. Яны ўсіх віншуюць са святам, бо ўсе людзі ў нейкай ступені эколагі!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.