Тут павінны быць эпітэты таленавіты, легендарны, вядомы, які суседнічалі б са словам хірург, але Святлана Мікалаеўна не любіць хвалебных од. 40 гадоў яна правяла са скальпелем у руцэ, 29 – у якасці загадчыцы хірургічнага аддзялення раённай бальніцы, апошнія шэсць гадоў кіруе аддзяленнем трансфузіялогіі. Сёння яна святкуе 70-годдзе. Безумоўна, гэта чалавек, якому было пра што расказаць журналісту напярэдадні юбілею – шчыра, мудра, самакрытычна. «Лучше быть, чем казаться» – гэта пра Святлану Галавач, і ў гэтым артыкуле яна перад вамі такая, якая ёсць.
Яна нарадзілася ў Гродзенскай вобласці, але трапіўшы ў Івацэвічы пасля вучобы ў медінстытуце разам з мужам, паступова прыкіпела, прырасла і засталася, нягледзячы на думкі пра пераезд – у маладыя гады. Гісторыя пра выбар прафесіі падобная на анекдот. Не збіралася ў медыцыну, цікавілася хіміяй, літаратурай, але дзесяцікласніцай трапіла ў аперацыйную падчас заняткаў па ваеннай падрыхтоўцы. Ад віду крыві адзіная з класа страціла прытомнасць, і пасля гэтага вырашыла стаць хірургам.
Першыя два гады вучобы прайшлі без праблем, а вось на трэцім курсе, калі пачалася клініка, фобія Святланы стала сапраўднай праблемай – хоць ты кідай медінстытут: у апёкавым аддзяленні яна зноў пачала губляць прытомнасць. Шукалі выйсце. Дзяўчыну ставілі каля адчыненага акна, сябры спачатку закрывалі сабой перавязачны стол, потым адыходзілі, і Святлана глядзела на пацыента здалёк, пакуль ёй не станавілася нядобра. Потым стол зноў хаваўся за спінамі аднакурснікаў, а яна глыбока дыхала свежым паветрам і старалася ўзяць сябе ў рукі. Неверагодна, але ў яе атрымалася сябе пераадолець. І так сталася, што кроў – тое, з чым да гэтай пары звязана яе працоўнае жыццё.
Праз яе рукі прайшлі сотні пацыентаў, і столькі было неардынарных, нечаканых, складаных і цікавых сітуацый у аперацыйнай, што суразмоўца нават гублялася, абіраючы для прыкладу адну-дзве. Што здзівіла мяне, дык гэта аб’ём аператыўных умяшанняў на раённым узроўні. Калі сітуацыі экстранныя, калі траўмы, – якімі б цяжкімі яны не былі, змагаюцца за жыццё пацыента напачатку нашы хірургі. Ведаць і ўмець трэба ўсё. Святлана Мікалаеўна ніколі не саромелася папрасіць дапамогі ў спецыялістаў з вобласці – «няхай лепш палічаць дурнем, але дапамогуць, бо жыццё чалавека вышэй за ўсё». Толькі пакуль спецыяліст ехаў, яна адказвала за тое, што адбывалася, – перад Богам, перад людзьмі, перад законам. Іншы раз лёс чалавека вырашалі мінуты, і тады мясцовы хірург станавіўся апошнім звяном у ланцугу, без права на разгубленасць.
Святлана Мікалаеўна і яе каманда змагаліся з язвавымі крывацёкамі, нажавымі раненнямі ў сэрца, у пячонку, грудную клетку, аперыравалі дзяцей, а гэта заўжды павышаная адказнасць. Адна аперацыя ў хірурга райбальніцы можа доўжыцца гадзін пяць. А паміж планавымі, якіх магло быць і шэсць за змену, 10-мінутны перапынак.
«Аперацыйная – гэта кайф»
– Хірургія для мяне была і застаецца любімай работай, і нават не работай. Хірургія – лад жыцця, – дзеліцца са мной Святлана Мікалаеўна. – Мяне і цяпер час ад часу запрашаюць у аперацыйную. Думала, рукі ўсё забылі, а яны помняць. Хірургія – настолькі маё! Яна навучыла быць моцнай, многае ведаць, хутка прымаць рашэнні. Помню, звоняць ноччу, ты разумееш – нейкая надзвычайная сітуацыя, трэба прыехаць, не падаць віду, што табе страшна, усіх мабілізаваць, бо ты кіраўнік. Трэба рабіць усё магчымае, трэба перамагаць. І калі атрымлівалася, было адчуванне вельмі глыбокага задавальнення. Гэта не перадаць словамі. Аперацыйная – гэта амаль заўсёды кайф.
Цяпер у мяне іншая работа, іншае аддзяленне, гады два адчувала сябе не ў сваёй талерцы, усё здавалася, што мне дарма плацяць грошы – нагрузка з хірургіяй непараўнальная. З іншага боку, і я не маладзею, здароўе ўжо не тое. Трэба збавіць тэмп, і я знайшла сябе ў новым месцы. Мы ў аддзяленні трансфузіялогіі, займаючыся заборам крыві і яе кампанентаў, прыносім карысць бальніцы і людзям, і я тут патрэбная. Усё, што ні робіцца, да лепшага, жыццё працягваецца. Яно дакладна іншае, але не горшае.
– А давайце яшчэ пра хірургію. Вы кажаце, было страшна. А калі да Вас прыйшла ўпэўненасць?
– Стопрацэнтная ўпэўненасць з вопытам так і не прыйшла. Але гэта нядрэнна. Дрэнна, калі ўпэўненасць пераходзіць у самаўпэўненасць, паміж імі тонкая мяжа. Хірург павінен пастаянна сумнявацца, вучыцца, чытаць. Не заўсёды гэта атрымлівалася з-за спецыфікі хірургіі ў раённых цэнтрах. Даўно было, але працавалі і на 2,5 стаўкі, спецыялістаў не хапала. У такіх умовах адзінае жаданне – выспацца.
Яшчэ падчас маёй працы асвойвалі новыя тэхналогіі, да нас прыйшла лапараскапія. Увогуле, я па-добраму зайздрошчу цяперашнім хірургам, яны маюць сучаснае абсталяванне, у іх зусім іншыя магчымасці. Мы не мелі ні фібраскопа, ні апаратаў ультрагукавой дыягностыкі –
толькі рэнтген, два аналізы, многа аперыравалі пад мясцовай анестэзіяй, нават прабадную язву. Анестэзіёлаг быў адзін. Працаваць было цяжка, але мы былі нейкія з’яднаныя, савецкай загартоўкі: спачатку думай пра Радзіму, потым пра сябе. Я не гавару, што зараз моладзь горшая, не. Яна іншая, вырасла ў іншы час, і падыходзіць да яе з тымі ж меркамі няправільна. Маладыя ўрачы ра-
зумныя, падкаваныя ў юрыдычным плане, яны патрабуюць да сябе павагі, і яно правільна: тое, што цябе цэняць, надта матывуе. Адно каб быў водгук на матывацыю ў выглядзе годнай работы.
– Таленавітага хірурга бачна адразу? І сапраўдны хірург – ён які, на Вашу думку?
– Адразу бачна, ці рукасты спецыяліст, ці не. Бываюць хірургі з галавой, з ведамі, прыстойныя, добрыя, але рукі ў іх не працуюць. Між тым хірургія – гэта рукадзелле, яна не для кожнага. На жаль, не ўсе людзі са скальпелем гэта разумеюць, і пакутуюць і іх пацыенты, і яны самі, слепа ідучы за марай. А ў медыцыне столькі магчымасцей! Можна знайсці для сябе цікавае прымяненне.
Сапраўдны хірург для мяне – сплаў многіх якасцей. Харошы спецыяліст не толькі «технарь», хоць і тэхнікай павінен валодаць абавязкова. Гэта чалавек з пэўнымі маральнымі якасцямі, здольны несці адказнасць, спачуваць, нераўнадушны да чужога болю. Я не кажу, што я такая – не. Гэта ідэал, і я сустракала хірургаў, якія да яго наблізіліся. Разам з тым кожны пацыент павінен разумець, што хірургі – звычайныя людзі, у кожнага свае недахопы, у нас таксама здараюцца непрыемнасці дома, якія ўплываюць на настрой, нам таксама можа нешта балець. Кожнаму пацыенту хочацца, каб доктар належаў яму, імкнуўся дапамагчы і скарыстаў для гэтага ўсе свае веды і магчымасці. Так правільна, але так не заўсёды атрымліваецца. На агляд – ліміт мінут, стос папер трэба запоўніць…
– А пра якога пацыента марыць кожны ўрач? Пра непатрабавальнага?
– Ідэальны пацыент паважае ўрача яшчэ да таго моманту, як яму дапамаглі. Ён супрацоўнічае, давярае, пагаджаецца на лячэнне і рэжым, прапанаваныя доктарам, не парушае яго. Бывае, пацыент рабіў, што хацеў, потым скардзіцца – урач ні халеры не дапамог. А сам ты што зрабіў для свайго здароўя? Яшчэ ідэальны пацыент не засяроджваецца на сваёй хваробе, верыць у выздараўленне. Гэта вельмі добра бачна па пасляаперацыйных хворых – матываваныя аптымісты папраўляюцца хутчэй. Сярод хірургаў жартуюць, што разумныя аперацыі нельга рабіць не надта разумным людзям, бо яны ўсё роўна ўсё сапсуюць. Прыкмета той самай неразумнасці – ігнараванне парад урача. А лечаць, вядома, усіх. Зазначу, хірургія многае «агаляе»: якасці, характар, бачна выхаванне, стрыжань – ці ёсць ён, ці няма. Кім бы ты не быў, на аперацыйным стале ўсе роўныя – і начальнік, і калгаснік, і баліць усім аднолькава, і ніхто не застрахаваны ад розных зыходаў.
Так у нас склалася, што пацыенты маюць права негатыўна ставіцца да ўрачоў, урачы да пацыентаў – не, што б тыя не рабілі. Урачы безабаронныя перад нападкамі паталагічных паклёпнікаў, сярод якіх бываюць людзі і з псіхічнымі адхіленнямі, якія пішуць і пішуць, скардзяцца і скардзяцца беспадстаўна. Няма інструментаў, якія могуць іх прызямліць. І чаго пры такім стаўленні чакаць у адказ?
– Святлана Мікалаеўна, дык раскажыце, чаму Вы так не любіце пахвалу?
– Кожны з нас выдатна ведае пра сябе праўду, не кожны прымае. Без пытанняў – у мяне атрымалася выратаваць многіх людзей, але ж не ўсіх. І чым больш мне нагадваюць пра мае ў двукоссі подзвігі, тым больш я ўспамінаю сваіх нявыратаваных пацыентаў, яны заўсёды са мной. Хірургічнае «послевкусие», яго горыч – гэта цяжка. Але пазбегнуць страт у хірургіі немагчыма – з-за экстраннасці сітуацый, цяжкага стану хворых, загружанасці ўрачоў. Я і сама глядзела на тое, што адбываецца, вачамі пацыента, я ўсё разумею.
Стараюся пазбягаць сітуацый, калі мяне хваляць, афіцыйных ушанаванняў. Але прысваенне звання Ганаровага грамадзяніна раёна было хвалюючым момантам. За мяне ж галасавалі дэпутаты на сесіі, прыемна, што падтрымалі. Па-сапраўднаму мне грэе душу ўвага малазнаёмых людзей. Вось нядаўна чакала аўтобуса, а пад’ехала таксі, якое я не выклікала. Аказалася, таксіст у мінулым мой пацыент, якога я двойчы аперыравала, і ён помніць мяне, удзячны, захацеў падвезці. На жаль, я не помню ўсіх сваіх пацыентаў. Бывае, мяне спыняюць у горадзе, сярод магазінаў са словамі падзякі. Значыць, жыццё пражыла недарма, шмат харошага было зроблена нашай з’яднанай камандай.
Хачу падкрэсліць, што залог поспеху ў хірургіі – гэта зладжаная камандная работа. Я ўдзячная ўсёй хірургічнай службе, якая стала маёй другой сям’ёй. Гэта хірургі, траўматолагі, анестэзіёлагі, працэдурныя, палатныя і аперацыйныя медсёстры, санітаркі. Вялікі ім дзякуй за самаадданую работу, цярпенне, разуменне, прафесіянальную і чыста чалавечую падтрымку. Безумоўна, гэтыя гады былі лепшымі гадамі ў маім жыцці.
«Жыць трэба разнапланава»
У Святланы Галавач такі дэвіз па жыцці: у любых абставінах рабі, што павінен, – і будзь што будзе. Гэта тая парада, якую яна можа даць моладзі ў адносінах да работы, увогуле ж яна раіць толькі на працы не зацыклівацца, бо навокал столькі ўсяго цікавага і вартага ўвагі. Самой ёй у жыцці не хапіла простых чалавечых стасункаў, размоў з цікавымі людзьмі, якіх нямала ў Івацэвічах, – не было вольнага часу. Шкадуе, што не навучылася ваджэнню, а зараз так хочацца пакатацца па Беларусі на машыне. Жыць трэба разнапланава, не адкладваючы важнае на потым: захацеў – зрабі. Святлана Мікалаеўна любіць шамаценне кніжных старонак, музыку – ад класічнай да рока, любіць вандроўкі – разам з дачкой скалясілі паў-Еўропы. Цяпер гэтыя ўспаміны грэюць душу, і адзінае, што мае сэнс накопліваць і што будзе мець сэнс у старасці, – гэта ўражанні, не грошы.
Не так даўно Святлана Мікалаеўна перажыла вялікую страту. У 2021 годзе падчас пандэміі ад ковіду памёр яе муж, Іван Галавач, урач-патолагаанатам раённай бальніцы. Гэта быў выключны доктар, дарадца, дасведчаны, адукаваны, чалавек добрай душы. Дзякуючы яму Святлана Мікалаеўна і змагла стаць хірургам, загадчыкам аддзялення, бо многія дамашнія клопаты ўзяў на сябе гаспадар і бацька. Ён не паспеў пажыць на пенсіі. І Святлана Мікалаеўна на яе не спяшаецца, бо не мысліць сябе без работы.
Не напужаў яе нават кавід, на які хварэла двойчы, – «інстынкт самазахавання зведзены да нуля». У першы раз хварэла цяжка: двухбаковая пнеўманія, паражэнне 75 % лёгкіх. У Мінску лячыў яе сын, таксама хірург (аддзяленне, якім ён загадваў, перапрафілявалі ў кавіднае). Справы былі дрэннымі, але Святлана Мікалаеўна не магла дазволіць сабе памерці на руках сына-ўрача. Так і выжыла. Сваё жыццё, прысвечанае рабоце, яна лічыла антыпрапагандай прафесіі, аднак у сям’і ўрачоў усё дадавалася. Не толькі сын, але і яе дачка – доктар, акуліст.
У завяршэнні размовы Святлана Мікалаеўна кранальна чытала верш паэтэсы і доктара Веранікі Тушновай, якая прапаноўвала ў ім дзяліць жыццё не на маладосць і старасць, а на тое, што было, і што будзе. Лірычная гераіня ведала шчасце і не ведала спакою, ведала пакуты і не ведала суму, раскрыла сэрца чужой бядзе, сталі моцнымі яе пяшчотныя рукі. Яна, хвалюючыся, пытае ў жыцця, што ў яго для яе засталося, і спадзяецца, што ў запасе яшчэ ёсць сілы на тое, што будзе, жыве надзеяй. Як пасаваў гэты верш яго расказчыцы, радок за радком дамалёўваў у яе партрэце штрыхі, якіх не хапала. Святлана Мікалаеўна не любіць хвалебных од, таму я ўстрымаюся ад ацэнак. «У рэшце рэшт адзінае, што важна, – наколькі мы людзі», – гэтыя словы, сказаныя ёю на развітанне, яшчэ доўга не выходзілі ў мяне з галавы.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.